25.01.2023 Тэгі: крымінальны пераслед, палітвязні, умовы ўтрымання, пенітэнцыярная сістэма, гісторыі вязняў Да затрымання пасля Маршу "Народная інаўгурацыя" 20-гадовы Яўген Чарвінскі вучыўся ў "Прыватным інстытуце кіравання і прадпрымальніцтва" на мэнэджара-эканаміста і займаўся распрацоўкай сайтаў. Але ноч з 23 на 24 верасня 2020 года вызначыла ягонае бліжэйшае жыццё на два гады і тры месяцы, якія хлопец правёў у зняволенні. Яго збілі і асудзілі за "супраціў супрацоўнікам АМАПа" на два гады пазбаўлення волі. Адбываць тэрмін Яўгена адправілі ў "Віцьбу-3". Хлопец быў адным з першых палітвязняў, якія патрапілі ў калонію за падзеі 2020 года. Ён цалкам адбыў тэрмін і выйшаў на волю сёлета 4 студзеня. У Беларусі ён прабыў усяго 12 дзён і пакінуў краіну. Апынуўшыся ў лагеры ўцекачоў у Польшчы, Яўген распавёў "Вясне", што яму давялося перажыць у зняволенні.
«Амапавец распыліў мне свой пярцовы балончык у твар і сказаў: "Што, падабаецца, сука?!"»
Упершыню Яўген выйшаў на мітынг 14 чэрвеня 2020 года, калі людзі па ўсёй Беларусі далучыліся да першых акцый пратэсту ў знак нязгоды з рашэннем Цэнтравыбаркаму аб нерэгістрацыі Віктара Бабарыкі і Валера Цапкалы ў якасці кандыдатаў у прэзідэнты. Тыя акцыі былі адметныя першымі сутыкненнямі пратэстоўцаў з сілавікамі, а таксама масавымі затрыманнямі. Тады хлопцу пашанцавала пазбегнуць затрымання.
Але праз тры месяцы Яўген усё ж такі быў затрыманы. 23 верасня 2020 года па Беларусі прайшлі ўжо традыцыйныя на той момант нядзельныя мітынгі. Тады людзі пратэставалі супраць таемнай інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі. У той дзень затрымалі каля 400 чалавек, сярод іх — 20-гадовы студэнт Яўген Чарвінскі. Супрацоўнікі АМАПа затрымалі яго каля гандлёвага цэнтра "Скала" пасля таго, як хлопец распыліў у іх пярцовы балончык. За гэта яго моцна збілі падчас затрымання, таксама распылілі ў яго балончык і адправілі ў Фрунзенскае РУУС, дзе працягнулі здзекі з яго.
"Увечары мітынгі перанесліся ў раёны Мінска. Я пабачыў, што ў нас на Кунцаўшчыне выходзіць пратэставаць шмат людзей, а ў Telegram я ўбачыў відэа са свайго раёна, дзе АМАП б'е людзей дубінкамі. Мне гэта не спадабалася. Пасля мітынгу нас усіх пачалі разганяць. У мяне з сабой быў пярцовы балончык, і калі я ўцякаў, то ў мэтах самаабароны пырскнуў ім амапаўцу ў твар, таму што сілавікі білі ўсіх агулам і без разбору: дзяцей і жанчын. У выніку мяне ўсё адно затрымалі і моцна збілі. Адразу на паркоўцы гандлёвага цэнтра "Скала", а потым адвялі да бусіка Ford Transit і там працягнулі збіваць. Пры гэтым амапавец распыліў мне свой пярцовы балончык у твар і сказаў: "Што, падабаецца, сука?!" Мяне збівалі да тае пары, пакуль я не пачаў задыхацца і крычаць. Потым мяне закінулі ў бусік на іншага затрыманага, які ляжаў паміж сядзеннямі. Пры гэтым сказалі: "Ляжы, не торгайся, іначай атрымаеш дубінкай!" У мяне былі траўмы сярэдняй цяжкасці".
"У актавай зале Фрунзенскага РУУС супрацоўнікі міліцыі мяне душылі"
Хлопца на бусе завезлі ў РУУС Фрунзенскага раёна, якое падчас пратэстаў у 2020 годзе праславілася катаваннямі і збіваннямі затрыманых. Праз гэта прайшоў і Яўген:
"Мяне прывезлі ўсяго ў крыві. У мяне кружылася галава, было трошкі млосна, таму што было страсенне мозгу. Я прасіў адваката, але яны проста сказалі, што ім по*уй. У актавай зале Фрунзенскага РУУС супрацоўнікі міліцыі мяне душылі: станавіліся каленам на горла. Мяне здымалі на відэа і хацелі, каб я расказаў, што браў удзел у мітынгах. Але я толькі сказаў, што адмаўляюся сведчыць супраць сябе, і прасіў адваката".
Хлопец распавядае, што загадзя паглядзеў, як паводзіць сябе падчас затрымання, таму ведаў, што не варта нічога казаць сілавікам у такіх сітуацыях. Пасля няўдалай спробы супрацоўнікаў запісаць "пакаяльнае" відэа Яўгена закінулі ў камеру РУУС на 15 гадзінаў. Збітага хлопца пакінулі без медыцынскай дапамогі і нават вады. Праз Skype Чарвінскаму прысудзілі 15 сутак паводле артыкулу 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве). Але пасля суду яму ўсё ж выклікалі хуткую дапамогу — медыкі забралі юнака ў лякарню, праўда, у суправаджэнні супрацоўнікаў міліцыі.
"Мне дыягнаставалі чэрапна-мазгавую траўму, шмат іншых пашкоджанняў і стан сярэдняй цяжкасці. У лякарні я меўся прабыць каля двух тыдняў, але ўжо на наступны дзень мяне забралі на Акрэсціна. Там я знаходзіўся ў цяжкім стане без медыцынскай дапамогі. Праз тры дні мяне перавезлі ў Жодзіна — тады я зразумеў, што ўжо буду сядзець доўга".
«На першыя два тыдні мяне змясцілі ў "прэс-хату"»
Супраць Яўгена Чарвінскага распачалі крымінальную справу паводле арт. 364 Крымінальнага кодэкса (гвалт у дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў) і ўзялі хлопца пад варту ў жодзінскую турму.
"Там было вельмі дрэнна. На першыя два тыдні мяне змясцілі ў так званую "прэс-хату" — у камеру з сакрэтнымі пазаштатнымі супрацоўнікамі (зняволенымі, якія супрацоўнічаюць з адміністрацыяй). Гэта я толькі пасля зразумеў. Адразу там быў адзін чалавек з 14-15 судзімасцямі, а потым яшчэ аднаго падсадзілі. Яны ўвесь час у мяне пыталіся, што я зрабіў, казалі, што мне трэба ўсё расказаць, прызнаць віну і напісаць яўку з павіннай, таму што так нібыта будзе лепш. Гэта працягвалася два тыдні, але я нічога не казаў. Потым мяне перавялі ў іншую камеру з жудаснымі ўмовамі: бракавала паветра, бегалі прусакі. Калі я выходзіў са сваёй камеры ў калідор, то ў мяне адразу кружылася галава — настолькі мая камера была душнай. Потым я ўжо прызвычаіўся і было трошкі лягчэй".
Крымінальную справу супраць Яўгена на дзіва хутка расследавалі і накіравалі ў суд. На гэта ўвосень 2020 года следчым спатрэбілася толькі два месяцы. Перад судовым працэсам Яўгена перавялі з жодзінскай турмы ў мінскі следчы ізалятар № 1. Хлопец быў у ліку першых затрыманых паводле крымінальнага артыкулу за ўдзел у акцыях пратэсту, таму ў зняволенні ён сустракаў не шмат палітвязняў. Хлопец узгадаў з жодзінскай турмы слесара Сяргея Брыля і байкера Мікіту Траццякевіча. На "Валадарцы" ён бачыўся з актывістамі "Еўрапейскай Беларусі" Андрэем Войнічам і Паўлам Юхневічам, студэнтам Арсенем Турукіным.
Справу Яўгена Чарвінскага разглядалі ў судзе Фрунзенскага раёна Мінска напрыканцы лістапада 2020 года. Судовы працэс паводле арт. 364 Крымінальнага кодэкса (гвалт у дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў) дайшоў да спрэчак, дзе Яўгену запатрабавалі чатыры гады калоніі, аднак справу перакваліфікавалі на ч. 2 арт. 363 КК (супраціў супрацоўніку міліцыі з ужываннем гвалту). Яўген на судзе расказаў, што ён сапраўды быў на акцыі пратэсту і распыліў балончык у твар супрацоўніка АМАПа, але віну не прызнаў, бо не лічыў, што ў ягоных дзеяннях ёсць склад злачынства.
"Супрацоўнікі самі перавысілі свае паўнамоцтвы — яны збівалі людзей! У маіх дзеяннях быў максімум склад адміністрацыйнага правапарушэння".
Пацярпелым выступаў супрацоўнік АМАПа са змененымі ініцыяламі — Сяргееў Сяргей Сяргеевіч. Ён ацаніў маральную кампенсацыю ў 1500 рублёў.
"Я не хацеў плаціць, але бацькі аплацілі гэту суму. На судзе гэта спрацавала як змякчальная акалічнасць".
Сумна вядомая пракурорка Валерыя Таратынка запрасіла ў суда для Яўгена тры гады зняволення, але суддзя Андрэй Млечка прызначыў яму два з паловай гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
«Калі прызнаюць палітвязнем чалавека, то гэта пацвярджае, што ён невінаваты»
Увесь гэты час Яўгена падтрымлівалі бацькі, за што ён ім вельмі ўдзячны. 27 студзеня 2021 года хлопца прызналі палітвязнем — ён памятае гэты момант:
"Я вельмі ўзрадаваўся, калі даведаўся, што мяне прызналі палітвязнем. Для мяне гэта быў такі каштоўны момант. Мне тады адразу зрабілася спакойна. У турме такія думкі дрэнныя прыходзяць: "А можа я сапраўды вінаваты і зрабіў штосьці дрэннае? Але не можа быць..." І калі прызнаюць палітвязнем чалавека, то гэта пацвярджае, што ён невінаваты. Мне яшчэ было вельмі прыемна, што на мяне не забыліся. Калі пры мне людзей прызнавалі палітвязнямі, то бачыў, што яны радаваліся і ў іх адразу нейкая палёгка прыходзіла".
«Я калі прыйшоў у атрад, то адразу атрымаў сваю жоўтую бірку»
Пасля разгляду апеляцыйнай скаргі, якую Мінгарсуд пакінуў без задавальнення, 11 сакавіка 2021 года Яўгена этапавалі на аўтазаку ў віцебскую калонію № 3, вядомую як "Віцьба". У гэтай калоніі ён быў у ліку першых пяці асуджаных за падзеі 2020 года. Праз "гвалтоўны" артыкул, паводле якога асудзілі палітвязня, з СІЗА Чарвінскі прыехаў з прафілактычным улікам як "схільны да нападу на адміністрацыю і захопу закладнікаў, праявы агрэсіі". Ён захаваўся і ў калоніі, дзе хлопцу з часам далі жоўтую бірку — галоўнае адрозненне палітвязняў. Акрамя гэтага, Яўгена паставілі на прафулік як "схільнага да экстрэмісцкай і іншай дэструктыўнай дзейнасці". Каля трох тыдняў юнак быў на "карантыне" — адмысловым часовым атрадзе:
"Там было досыць цяжка. Мяне здзівіла адразу, што тры разы на дзень прымушалі выходзіць на вуліцу незалежна ад надвор'я. Усіх зняволеных прыцягваюць да гаспадарчых прац: прыбіраць тэрыторыю і падмятаць вуліцы. У мяне яшчэ не было нармальнага цёплага адзення — толькі выдалі гэты "шкляны" (баваўняны) касцюм з тканіны вельмі нізкай якасці сіняга колеру. Цяпер ужо чорныя касцюмы зняволеных, але якасць такая самая.
Я калі прыйшоў у атрад, то адразу атрымаў сваю жоўтую бірку. Я адразу зразумеў, што гэта для палітычных, таму што ва ўсіх асуджаных яны былі белага колеру, і толькі ў мяне аднаго на той момант — жоўтая. Праз тое, што я быў на прафуліках, мне належала спальнае месца толькі на другім ярусе. Гэта першае, што мяне здзівіла. Таксама адразу звярнуў увагу, што супрацоўнікі адміністрацыі чапляліся да мяне, увесь час глядзелі тумбачку і на тое, як я заправіў ложак. Так у першы месяц у калоніі я атрымаў два парушэнні. Потым ужо астатнія атрымліваў праз ўсялякае глупства і за любую дробязь".
«У першыя шэсць месяцаў у калоніі, калі нас, палітвязняў, было некалькі чалавек, то было складаней»
Яўген адзначае, што такое прадузятае стаўленне з боку супрацоўнікаў калоніі тычыцца толькі палітвязняў. Да іх адразу аўтаматычна дрэнныя адносіны. Паводле хлопца, калі палітвязняў у калоніі паболела, адміністрацыі ўжо зрабілася складаней парушаць закон у дачыненні да іх:
"У першыя шэсць месяцаў у калоніі, калі нас, палітвязняў, было некалькі чалавек, то было складаней. Нам давалі мала званкоў, Skype наогул не давалі, кароткіх спатканняў не давалі. Але па меры таго, як людзі пачалі да нас прыязджаць, то пачалі больш нам гэта дазваляць. У кастрычніку 2021 года нам давалі ўжо Skype, а на пачатку 2022 года — працяглыя спатканні. Яно прадугледжваецца да трох сутак, але палітычным максімум двое сутак дазвалялі. Мне за ўвесь час ні разу не падпісалі "вынас" — гэта калі з працяглага спаткання можна нейкія прадукты забраць.
Але пры гэтым увесь гэты час супрацоўнікі адміністрацыі маніторылі "бэчэбэшнікаў" (так называе адміністрацыя асуджаных паводле палітычных артыкулаў). Шукалі іншых зняволеных, каб яны злівалі інфармацыю пра нас. На жаль, так часта і адбывалася. Ты размаўляеш з чалавекам, а потым ён ідзе ў штаб і ўсё дакладае на цябе. Калі ўбачаць, што палітычныя збіраюцца дзесьці разам на гарбату, то потым іх выклікаюць і пачынаюць пужаць ШІЗА, а часам прыходзяць кантралёры і адразу выпісваюць парушэнне. Там заўсёды зразумела, за што ты паехаў у ШІЗА. У калоніі спыняюцца любыя зборы і караюць за незадаволенасці ўладай".
Сам палітвязень правёў у ШІЗА агулам 17 сутак, лісты салідарнасці ён не атрымліваў:
"Першыя лісты я атрымаў у СІЗА перад этапам у калонію. Толькі яны пачалі прыходзіць, як мяне перавезлі ў ПК-3. Там у атрадзе мне яшчэ некалькі лістоў прынеслі — штукі тры. Гэта быў сакавік-красавік 2021 года. І пасля гэтага рэзка ўсё спынілася. Мы так зразумелі, што іх блакуюць аператыўнікі. Палітвязням прыходзяць лісты толькі ад блізкіх сваякоў, і то не заўжды. Калі ад бацькоў даходзяць, то ад дзядзькі і цёткі — ужо не".
Згодна са словамі Яўгена, у "Віцьбе" цяпер знаходзіцца каля 150 палітвязняў.
"Тры разы на дзень супрацоўнікі ходзяць і правяраюць тых, хто стаіць на прафуліку. У спісе ў іх больш за 200 чалавек. Калі адкінуць асуджаных паводле іншых артыкулаў, то, думаю, 150-170 чалавек з іх палітвязні — гэта сто адсоткаў. І ўвесь час прыязджаюць новыя. Кожныя два-тры тыдні пад'ём з карантыну — гэта новыя тры-пяць палітвязняў".
У адпаведнасці са звесткамі праваабаронцаў, у калоніі знаходзіцца 77 палітвязняў — шмат хто не паведамляе пра пераслед сваіх блізкіх.
"Цяпер людзі баяцца, але гэта неабгрунтавана. Да мяне, аднаму з першых палітвязняў, і новаму асуджанаму паводле палітычнага артыкулу, хто толькі заехаў, будзе аднолькавае стаўленне. Яно было дрэнным, так і застанецца дрэнным. Лепш, каб была публічная інфармацыя пра палітвязня. Тады ўсе бачаць рэальнасць, якая яна ёсць".
«Ніхто не збіраецца ваяваць, нават калі адправяць туды неяк зняволеных»
Калі пачалася поўнамаштабная вайна ва Украіне, Яўген быў ужо амаль год у калоніі:
"Я памятаю той дзень — я тады знаходзіўся на прамзоне на дрэваапрацоўцы. Мне тады прыйшлі і распавялі тэрміновыя навіны, што Расія па Украіне выпусціла 76 ракет. Я спачатку не паверыў, таму што гэта немагчыма. Але потым я ўбачыў у тэлевізары той самы выступ Пуціна і не мог зразумець, як такое магчыма. Як і я, ніхто адразу ў гэта паверыць не мог. Але 90% зняволеных падтрымлівалі Украіну ў вайне і ўсё разумелі.
Мы баяліся, што Беларусь канчаткова ўцягнуць у гэтую вайну. Да сённяшняга дня зняволеныя перажываюць, што ў такім разе могуць і іх адправіць на вайну. Але ніхто не збіраецца ваяваць, нават калі адправяць туды неяк зняволеных. Настроі такія як у палітвязняў, так і ў асуджаных паводле іншых артыкулаў. Толькі адзінкі падтрымліваюць Расію — іх ніхто не любіць".
«Я адседзеў увесь тэрмін у калоніі, выйшаў, а тут ізноў тое самае адбываецца?»
У зняволенні Яўген прабыў 2 гады, 3 месяцы і 11 дзён. На волю палітвязень выйшаў сёлета 4 студзеня.
"Калі я выйшаў, то ў мяне склалася адчуванне таго, што ў краіне нічога не памянялася, а зрабілася толькі горай. Калі сядзеў у калоніі, у спісе спраў задача нумар адзін была — пакінуць Беларусь, каб ізноў не пасадзілі. Самыя лепшыя адчуванні — калі вяртаешся дадому пасля такога доўгага перапынку, але адчуванне небяспекі не пакідала мяне да таго часу, пакуль я не перасёк мяжу з Польшчай.
Калі я прыехаў дадому з калоніі, то мяне адразу выклікалі ў РУУС, каб адзначыцца. Я не хацеў гэтага рабіць, але бацькі настаялі, каб я схадзіў, і сказалі, што ўсё будзе нармальна. У РУУС мне сказалі, што я павінен прыходзіць да іх адзначацца кожныя тры дні, калі я не ўладкуюся на працу. Мне адразу ўручылі позву на наступны раз і паведамілі, што я невыязны з Беларусі. Супрацоўнікі сказалі, што будуць мне ўвесь час тэлефанаваць і кантраляваць мяне. Атрымліваецца, я адседзеў увесь тэрмін у калоніі, выйшаў, а тут ізноў тое самае адбываецца?
Цяпер перад сном думкі пра зону ў галаву лезуць. Гэта ўсё хочацца хутчэй забыць. Я цяпер знаходжуся ў лагеры ўцекачоў — здаецца, нармальнае месца, але ўсё адно ўсплываюць нейкія асацыяцыі.
Як мяне змяніў гэты час у зняволенні? Я быў супраць Лукашэнкі, а цяпер я катэгарычна супраць яго. Яны ўсе павінны адказаць за тое, што яны зрабілі. Мая пазіцыя ў гэтым толькі ўзмацнілася.
Але цяпер бачу, што пераслед можа закрануць кожнага, хто супраць Лукашэнкі. І адзіны спосаб засцерагчы сябе — з'язджаць. Калі б нармальна асвятлялася тэма таго, у якіх умовах утрымліваюцца зняволеныя, то шмат хто вырашыў бы з'ехаць. У Беларусі немагчыма свабоднае выказванне меркавання".
У выпадку ігнаравання патрабаванняў крымінальна-выканаўчай інспекцыі на чалавека могуць скласці пратакол паводле арт. 24.3 КаАП (непадпарадкаванне супрацоўніку міліцыі) і адправіць яго на "суткі". Так Яўген прыняў рашэнне з'ехаць з Беларусі, дзе ён прабыў усяго 12 дзён. Хлопец кажа, што вельмі сумуе па доме і хоча вярнуцца ў Беларусь, калі гэта будзе бяспечна. Цяпер ён знаходзіцца ў лагеры ўцекачоў у Польшчы, папрасіў міжнароднай абароны і думае, як уладкоўвацца ў новай краіне і паправіць здароўе пасля зняволення.
"У мяне тут нічога няма. Трэба шукаць жыллё, працу і легалізавацца".
Калі вы хочаце дапамагчы Яўгену, то гэта можна зрабіць фінансава праз персанальны збор на BYSOL.
"Цяпер я знаходжуся ў лагеры для ўцекачоў. Грошай вельмі мала (не было часу падрыхтавацца да ад'езду). Цяпер трэба адаптоўвацца на новым месцы, пераехаць з лагера на здымную кватэру, вылечыць зубы пасля турмы. Буду вельмі ўдзячны за вашу дапамогу! Жыве Беларусь!" — кажа былы палітвязень.
Дапамога былому палітзняволенаму Яўгену Чарвінскаму
Якая сума патрэбна? €1550 — арэнда жылля на два месяцы; лячэнне зубоў пасля турмы.