30.01.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, грамадства, палітвязні, пераслед, ціск, рэпрэсіі, затрыманні У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 28-30 студзеня 2023 года збірае факты палітычнага пераследу беларусаў – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
У Мінску быў затрыманы 27-гадовы Ян Падсадчык
Ён быз затрыманы 29 студзеня ў Мінску. 30 студзеня мужчыну судзілі паводле адміністрацыйнага артыкула ў судзе Заводскага раёну. Паводле якога канкрэтна артыкула — невядома.
Адзін з пачынальнікаў беларускамоўнага ЖЖ Іван Марозаў знаходзіцца на «Валадарцы»
Нагадаем, пра яго затрыманне стала вядома 9 студзеня.Тады паведамлялася, што мужчыне закідаюць удзел у пратэстах у 2020 годзе. А таксама відавочна жартаўлівы каментар пра тое, што ён атакаваў бы хаймарсамі спецназ, каб яны стаялі ў яго гаражы.
Які артыкул інкрымінуецца Марозаву — дакладна невядома.
Палітвязня Дзмітрыя Івашкова перавялі на турэмны рэжым
У пачатку снежня з палітвязнем знікла сувязь, а пазней высветлілася, што яго змясцілі ў ШІЗА на 20 сутак. Потым яго адправілі ў ПКТ на месяц, як "злоснага парушальніка рэжыму". Як сцвярджае начальнік магілёўскай калоніі, такіх "злоснікаў" у калоніі толькі 5.
Цяпер стала вядома, што днямі ў Магілёве адбыўся суд па ўзмацненню рэжыма Дзмітрыю. Суд пастанавіў перавесці яго на турэмны рэжым тэрмінам на тры гады. Але ў якой турме цяпер знаходзіцца палітвязень — пакуль невядома.
Нагадаем, сябра ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай Дзмітрый Івашкоў быў затрыманы 27 верасня 2020 года. Яго, а таксама Юрыя Уласава, Таццяну Канеўскую і Аляксандра Шабаліна абвінавацілі ў "масавых беспарадках" і планах па "захопе выканкама". 4 траўня 2021 года яму прысудзілі 6 гадоў калоніі.
Палітвязня Руслана Садоўнічага, асуджанага да 3,5 гадоў калоніі, будуць судзіць па новай справе
Супраць Руслана Садоўнічага распачалі новую крымінальную справу паводлеарт. 364 КК (Гвалт або пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў) і арт. 369 КК (Абраза прадстаўніка ўлады). Судзіць яго пачнуць 31 студзеня ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска. Суддзя — Дзмітрый Карсюк.
Руслан Садоўнічы выкладаў геаграфію ў школе. У 2020 годзе быў ва ўчастковай камісіі на прэзідэнцкіх выбарах, адмовіўся ставіць свой подпіс у пратаколе. У Руслана 3 група інваліднасці па зроку.Яго абвінавацілі ў тым, што ён напісаў мноства абразлівых паведамленняў у адрас міліцыянтаў і іх блізкіх. 21 лютага 2022 года Руслана асудзілі да 3,5 гадоў калоніі. 28 чэрвеня КДБ унёс палітвязня ў "спіс тэрарыстаў".
Затрыманы гомельскі бард Андрэй Мельнікаў
Як паведаміў сын барда на сваёй старонцы ў Фэйсбуку, Мельнікаў затрыманы да 5 лютага за "дробнае хуліганства", ён знаходзіцца ў ІЧУ Мінскага раёну. Сувязь з ім знікла ў чацвер, 26 студзеня.
Палітвязня Алега Рубца ўжо месяц трымаюць у ШІЗА
Па рашэнні наваполацкай суддзі Вольгі Баліка палітзняволенага пінчука Алега Рубца ў чэрвені 2022 года перавялі на тры гады ў следчую турму № 8 г. Жодзіна. Узмацненне рэжыму Алегу ініцыявала адміністрацыя наваполацкай калоніі №1. У лютым яго закінулі ў ШІЗА на 40 сутак. Пасля гэтага яго змясцілі ў ПКТ, а таксама пазбавілі перадач, званкоў і спатканняў.
Сёння роўна 900 дзён як хлопец знаходзіцца за кратамі. Стала вядома, што з 24 снежня яго змясцілі ў ШІЗА.
Нагвдаем, Алега затрымалі 10 жніўня 2020 года за ўдзел у масавых беспарадках у ноч з 9 на 10 жніўня ў Пінску (ч. 2 арт. 293 КК). Пры затрыманні быў моцна збіты. 30 красавіка Рубцу прысудзілі 5,5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Крыніца: Ціск на палітвязняў, затрыманні: хроніка пераследу 28-30 студзеня