03.02.2023 Тэгі: крымінальны пераслед, дыфамацыя У судзе Савецкага раёна Мінска 24 студзеня вынесены прысуд 18-гадовай Дар’і Ганіч і 19-гадовай Кацярыне Снігіровай, якіх абвінавацілі ў знявазе дзяржаўных сімвалаў паводле арт. 370 Крымінальнага кодэкса.
Справу разглядала суддзя Алена Жуковіч.
Паводле абвінавачання, сяброўкі 22 лістапада 2022 года, знаходзячыся каля будынку інтэрната КТУП «Мінскі Камароўскі рынак» сарвалі з фасаду гэтага будынка дзяржаўны сцяг. Затым дэманстратыўна махалі ім ідучы па вул. Беламорскай, пасля чаго кінулі яго на зямлю.
Пры гэтым свае дзеянні здымалі на камеру мабільнага тэлефона, а фота - і відэафайлы выкладвалі ў групу ў сацыяльнай сетцы, чым публічна зняважылі дзяржсімволіку.
Падчас судовага паседжання дзяўчыны прызналі віну ў поўным аб'ёме і чыстасардэчна раскаяліся.
Суд пастанавіў прызначыць Кацярыне Снігіровай абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу на тэрмін 1 год 6 месяцаў, а Дар’і Ганіч – арышт на тэрмін 3 месяцы.
Крыніца: Сябровак у Мінску асудзілі за знявагу дзяржаўнага сцяга