03.02.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, грамадства, ціск, дыфамацыя 16 студзеня ў судзе Ляхавічаў і Ляхавіцкага раёну вынесены прысуд жыхару Баранавічаў, дызайнеру Дзянісу Ковалю. Яго прызналі вінаватым паводле арт. 369 Крымінальнага кодэксу.

Вырак агучыла суддзя Таццяна Жарко. Па хадайніцтве адваката яна зрабіла пасяджэнне закрытым. Бок дзяржабвінавачання падтрымаў Паведайчус.

zherko_liachavichy.jpeg
Суддзя Таццяна Жарко, якая агучыла вырак

Мужчыну прызналі вінаватым у тым, што 21 лістапада 2020 году і трэцяга лютага 2021 году ён абразіў у тэлеграм-канале (меркавана, "Ляховичи-97") Максіма Варанко і Віталя Дабрачынскага. Пацярпелы Варанко раней быў старшым участковым у Ляхавіцкім раёне, але 16 верасня 2020 года сыйшоў у адстаўку. Ён даведаўся пра абразы ад сваіх калегаў увосень 2020 года і ўспрыняў іх у дачыненні да сваёй прафесійнай дзейнасці. Дабрачынскі з 2017 года працаваў у Ляхавічах, да гэтага — у Баранавіцкім ГАУС. Абодва пацярпелыя заявілі пазовы аб кампенсацыі маральнай шкоды — кожны па дзве тысячы рублёў. Яны не настойвалі на крымінальнай адказнасці. Сведкай па справе выступіў Аляксандр Рэўт.

Дзяніс Коваль цалкам прызнаў віну і папрасіў прабачэння ў пацярпелых.

Пракурор запрасіў Дзянісу Ковалю 1,5 года абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ — "хатняй хіміі", аднак суддзя Жарко прысудзіла яму на тры месяцы меней: год і тры месяцы "хатняй хіміі". Пацярпелы Дабрачынскі адзначыў, што можна было б назначыць і "хімію" з накіраваннем у ПУАТ. Тэлефон мужчыны канфіскавалі. Таксама Коваль мусіць выплаціць кожнаму пацярпеламу па 1500 тысячы рублёў.

Адзначым, што па адным з эпізодаў другога лютага закончыўся тэрмін прыцягнення да адказнасці (два гады), таму калі мужчына падасць скаргу, гэта можа змяніць прысуд.

Крыніца: Жыхар Баранавічаў мусіць выплаціць 3000 рублёў кампенсацыі маральнай шкоды за два каментары