04.02.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, палітвязні, праваабаронцы, справа Вясны Асобы: Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Уладзімір ЛабковічСуд па "справе Вясны", студзень 2023 года У судзе Ленінскага раёна Мінска працягваецца разгляд крымінальнай справы супраць старшыні "Вясны" і Нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага, ягонага намесніка і віцэ-прэзідэнта FIDH Валянціна Стэфановіча, каардынатара кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Уладзіміра Лабковіча і праваабаронцы Дзмітрыя Салаўёва (завочна). На судзе даследвалі ўсе 284 тамы крымінальнай справы і дапыталі праваабаронцаў. 9 лютага адбудуцца спрэчкі бакоў — праваабаронцам запросяць тэрміны. "Вясна" распавядае, як праходзіў допыт калегаў на судзе.

Валянцін Стэфановіч і Алесь Бяляцкі пагадзіліся на працэсе даваць паказанні ў форме вольнага аповеда, Уладзімір Лабковіч адказваў на пытанні дзяржаўнага абвінаваўцы. У адносінах да Дзмітрыя Салаўёва, якога судзяць у межах гэтага працэсу ў парадку спецыяльнай вытворчасці, на пасяджэнні былі зачытаныя пратаколы допытаў.

"Я лічу, што ўсе абвінавачванні супраць мяне надуманыя"

Валянцін Стэфановіч на судзе
Валянцін Стэфановіч на судзе

"Калі казаць пра абвінавачванні паводле ч. 4 арт. 228 Крымінальнага кодэкса, то адразу хацеў бы абазначыць наконт дзейнасці Pavasaris. Частка нашай дзейнасці ажыццяўлялася не ў Рэспубліцы Беларусь: гэта адукацыйныя праграмы, школы па правах чалавека, там што ў Беларусі гэта было рабіць цяжэй і цяжэй. У нейкі перыяд мы і сходы арганізацыі праводзілі за мяжой Беларусі. Таму было вырашана стварыць юрыдычную асобу Pavasaris для гэтых мэтаў, якая ажыццяўлялася на тэрыторыі Літвы. Але у межах дзейнасці Pavasaris я асабіста ніякіх функцый не выконваў. З Pavasaris з 2016-га ў мяне былі дамовы падраду, напрыклад, за падрыхтоўку адукацыйных праграм і матэрыялаў па тэме правоў чалавека. Гэтыя сродкі я атрымліваў з 2016-га года, і я іх усіх дэклараваў. Іх я атрымліваў у Літве і самастойна прывозіў у Беларусь,  а пазней атрымліваў на рахунак у безнаяўным выглядзе".

Валянцін Стэфановіч падкэслівае, што ён аплочваў падаткі ў Беларусі з іх.

"Ніякіх фінансавых справаздач я не зацвярджаў і не падпісваў. Доступаў да рахункаў у арганізацыі ў Літве я не меў, грашовымі сродкамі не распараджаўся, не выдаваў іх іншым асобам, не інструктараваў іх, ніякіх указанняў і парадаў, які перавозіць грошы праз мяжу, я не даваў. 

Што тычыцца маёй дзейнасці ў "Вясне", то я займаўся міжнароднай дзейнасцю, і гэта тое, чым я хацеў займацца. Я працаваў з міжнароднымі арганізацыямі, з якімі мае сяброўства Беларусь, напрыклад, ААН. Найперш, з Камітэтам па правах чалавека ААН, паколькі Беларусь была абавязаная справаздачыцца згодна Міжнароднаму пакту. На той момант беларускія грамадзяне мелі права звяртацца ў КПЧ. Гэта быў накірунак дзейнасці арганізацыі. Так, я ўдзельнічаў у падрыхтоўцы альтэрнатыўныз дакладаў, у тым ліку, супольна з іншымі праваабарончымі арганізацыямі.

Беларусь уваходзіць у склад FIDH — найбуйнейшай арганізацыі, якая аб'ядноўвае больш за сто арганізацый свету. Я з'яўляўся віцэ-прэзідэнтам Міжнароднай Федэрацыі за правы чалавека."

Праваабаронца адзначае, што ён займаўся праваабарончай дзейнасцю ў межах FIDH. Адзін з накірункаў дзейнасці Валянціна ў "Вясне" — міжнародная адвакацыя. Таксама на судзе ён адзначыў, што праваабаронцы ў дакладах ставілі рэкамендацыі Беларусі па выкананні розных канвенцый, якія падпісалі беларускія ўлады.

"Пасля падзеяў у жніўні 2020-га года, у сувязі з тымі выклікамі, з якімі сутыкнулася беларуская праваабарончая супольнасць: масавымі арыштамі, выкарыстання катаванняў і іншых бесчалавечых жорсткіх відаў абыходжання затрыманых… У сітуацыя, калі праваахаоўная сістэма адхілілася ад абароны грамадзянаў, паўстала пытанне аб задзейнічанні як мага больш міжнародных механізмаў у абароне правоў чалавека ў Беларусі. Таму я актыўна прымаў удзел у пошуках і запусках гэтых інструментаў, напрыклад, маскоўскага механізма АБСЕ, праца з Камітэтам ААН супраць катаванняў, спецдакладчыкаў. Гэта  непасрэдна тое, чым я займаўся ў "Вясне".

Я паўтаруся, што пытаннем фінансавання я не займаўся і ніякіх даручэнняў я не даваў.

Што тычыцца абвінавачванняў паводле ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (фінансаванне групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак), то хацеў бы адзначыць, што я катэгарычна не згодны з гэтай кваліфікацыяй.

Я асабіста не забяспечваў такога кшалту дзейнасць [аплата штрафаў і працы адвакатаў]. Пра фонд BY_HELP я ведаю, як і іншыя грамадзяне, са сродкаў масавай інфармацыі. Ён даваў публічна грошы і публічныя справаздачы. Ніякага дачынення да гэтага я не меў. 

Што тычыцца памяшкання на Ложынскай ["Тэрыторыя правоў"], то гэта была публічная прастора як грамадская ініцыятыва, якая прадастаўляла памяшканне для мерапрыемстваў, звязаных з праваабарончай тэматыкай. Умова прадастаўлення памяшкання: дзейнасць павінна была быць не звязаная з палітычнай. Там ладзіліся выставы і нейкія сустрэчы. Напрыклад, там была сустрэча з Спецыяльным дакладчыкам ААН па пытанні аб становішчы праваабаронцаў".

Валянцін Стэфановіч адзначыў незаконнасць пазбаўлення рэгістрацыі ў 2003 годзе Праваабарончага цэнтра "Вясна" і адзначыў:

“Дзейнасць “Вясны” легітымная і законная. Яе дзейнасць ажыццяўлялася і ажыццяўляецца ў адпаведнасці з Дэкларацыяй ААН аб праваабаронцах. Я яшчэ раз паўтару: Кожны чалавек мае права, індывідуальна і сумесна з іншымі, заахвочваць і імкнуцца абараняць і ажыццяўляць правы чалавека і асноўныя свабоды на нацыянальным і міжнародным узроўнях [арт. 1 Дэкларацыі]. А згодна арт. 9 Дэкларацыі чалавек, індывідуальна і сумесна з іншымі, мае, у прыватнасці, права прапаноўваць і прадастаўляць прафесійную кваліфікаваную прававую дапамогу ці іншыя адпаведныя кансультацыі і дапамогу ў справе абароны правоў чалавека і асноўных свабод. Таму я лічу, што ніякіх ліцэнзій на праваабарончую дзейнасць няма і быць не магло”.

Таксама праваабаронца ввыказаўся пра абвінавачванні паводле ч. 4 арт. 228 Крымінальнага кодэкса:

"Я лічу, што ўсе абвінавачванні супраць мяне надуманыя. Ніводнага ўстаноўленага факту я не бачу — ёсць здагадкі. Фактаў адзіначасовага перамяшчэння нейких грашовых сродкаў следствам не ўстаноўлена. Тым больш, няма ніякіх фактаў маёй датычнасці да гэтай дзейнасці".

Валянцін Стэфановіч катэгарычна адмовіўся адказваць на пытанні пракурора і суддзі. 

"Дэкларацыя аб праваабаронцах давала нам права працягваць нам нашую праваабарончую дзейнасць з улікам тых падводных камянёў, якія былі штучна створаны для дзейнасці праваабаронцаў у Беларусі" 

Алесь Бяляцкі на судзе
Алесь Бяляцкі на судзе

Алесь Бяляцкі вырашыў даваць паказанні ў вольнай форме і растлумачыў чаму:

"Бо, на жаль, дыялога ў нас не атрымліваецца, бо пракурор не ведае беларускую мову, зневажае яе, таму прыходзіцца даваць паказанні ў адвольнай форме".

Старшыня "Вясны" адразу адзначыў, што сапраўды Валянцін Стэфановіч, як і казаў у сваіх паказаннях, не меў ніякага дачынення да фінансавых пытанняў Pavasaris і Праваабарончага цэнтра "Вясна".

"Гэта было па-за яго інтарэсаў і абавязкаў".

Пасля гэтага Алесь Бяляцкі пачаў даваць падрабязныя паказанні ў форме вольнага расповеда, дзе неаднаразова падкрэсліваў, што пераслед у дачыненні да праваабаронца — палітычна матываваны:

"У чэрвені 2014 года мяне вызвалілі па амністыі. Гэтае вызваленне было даволі нечаканае, як і арышт. Яно мела палітычныя прычыны. Як пасадзілі — так і вызвалілі. Зразумела, чым гэта было выклікана, жаданнем палепшыць міжнародныя адносіны, у першую чаргу з Еўрапейскім Саюзам, ЗША. Працэс вызвалення палітычных зняволеных пачаўся ў 2014-2015 гадах. Тады фактычна ўсе палітычныя зняволеныя выйшлі на волю. І такім чынам я апынуўся на волі. Нагадаю, што я быў асуджаны паводле ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса за адкрыццё прыватных рахункаў у Польшы і Літве, на якія паступалі грошы за праектную дзейнасць Праваабарончага цэнтра "Вясна", прынамсі, такое абвінавачванне было. З мяне было знята абвінавачванне, што гэтыя сродкі былі расходаваны мной з карыслівых меркаванняў. Тым не менш, яны былі прызнаныя маім асабістым даходам, і ў выніку я быў асуджаны. Я хачу спаслацца на міжнародныя пагадненні, таму што гэта ўсё было звязана з нерэгістрацыяй Праваабарончага цэнтра "Вясна", з немагчымасцю працаваць у легальных рамках і формах у Беларусі, таму фінанасванне атрымлівалася вось такім нейкім крывым чынам. Замест таго, каб грошы паступалі на рахунак, яны акумаляваліся на прыватных рахунках за мяжой.

Нагадаю, што да 2003 года Праваабарончы цэнтр "Вясна" быў зарэгістраваны, мы мелі свой рахунак, пячатку, мелі грантавую падтрымку, здавалі бухгалтарскія і шэрагавыя справаздачы. Пытанняў да нашай падтрымкі і дзейнасці не было да моманту ліквідацыі.

Ліквідаваннем "Вясны" была парушаная Дэкларацыя аб правах чалавека. Тая Дэкларацыя ААН аб праваабаронцах, пра якую казаў Стэфановіч, давала нам поўную легітымнасць і права працягваць нам нашую праваабарончую дзейнасць, можа быць, з улікам тых падводных камянёў, якія былі штучна створаны для дзейнасці праваабаронцаў у Беларусі. Дарэчы, ліквідацыя "Вясны" адбывалася ў межах вялікай кампаніі па ліквідацыі няўрадавых арганізацый, бо ў 2003-2004 гадах было ліквідавана каля 300 няўрадавых арганізацый Беларусі, у тым ліку чатыры — праваабарончыя. Тым не менш, мы адчувалі поўнае маральнае і законнае права працягваць сваю дзейнасць. Мы адчувалі міжнародную падтрымку і вельмі спадзяваліся, што наша дзейнасць прымусіць беларускія ўлады скарэктаваць сваё мясцовае заканадаўства і зарэгістраваць Праваабарончы цэнтр "Вясна".

"Мы хацелі легалізаваць сваю фінансавую дзейнасць"

Мы некалькі разоў звярталіся па рэгістрацыю ў Міністэрства юстыцыі. Таксама былі негалосныя сустрэчы. Напрыклад, мы хадзілі на прыём да намесніка старшыні Юстыцыі, мы сустракаліся і з чыноўнікамі Міністэрства замежных справаў з адным пытаннем: ці можа "Вясна" атрымаць легальную магчымасць для легальнай дзейнасці. Былі абяцанкі-цацанкі, але адкрытага сігналу, што "Вясна" будзе зарэгістраваная, справа так і не дайшла. Хаця былі даволі відавочныя і пастаянныя кантакты з урадавымі ведамствамі. Вось у межах гэтага Плана, пра які казаў Валянцін, па імплементацыі правоў чалавека, праваабарончага плану, які здзяйсняўся Саветам міністраў. Такія канферэнцыі праводзіў Савет Еўропы разам з Міністэрствам замежных справаў Беларусі. Нас запрашалі туды, і сябры Праваабарончага цэнтру "Вясна" бралі ўдзел у гэтых канферэнцыях на працягу ўсіх гэтых гадоў нашай нерэгістрацыі па такіх пытаннях, як смяротнае пакаранне, па артыкуле 193-1 Крымінальнага кодэкса і па іншых пытаннях, якія тычыліся правоў чалавека. Мы былі на гэтых сустрэчах, мы выказвалі сваё меркаванне, але, тым не менш, пытанне фінансавання арганізацыі заставалася. Сапраўды, у 2014-2016 гады амаль уся адукацыйная і асветніцкая дзейнасць "Вясны" была вынесеная за межы Беларусі на тэрыторыю Літвы — гэта было зручна. Гэта не парушала беларускае заканадаўства. Мы праводзілі там школы па правах чалавека і праваабарончыя семінары. Яны былі даволі адкрытыя, бо абвесткі аб іх правядзенні, магчымасці ўдзелу моладзі ў гэтых семінарах даваліся ў інтэрнэт адкрыта. І, напрыклад, на школы па правах чалавека былі конкурсы па пяць чалавек на месца. Сапраўды, тую інфармацыю, якую мы давалі, была даволі цікавай. На школы з розных краінаў, у тым ліку, еўрапейскіх, прыязджалі высокакваліфікаваныя лектары і спецыялісты па правах чалавека. Часам, мы іх праводзілі з іншымі праваабарончымі арганізацыямі. Такога моладзь у Беларусі атрымаць не магла.

Такім чынам, рэгістрацыя Pavasaris была надзёнай і зразумелай. Мы хацелі легалізаваць сваю фінансавую дзейнасць, каб другі раз не натыкацца на тыя камяні, на якія я натыкнуўся ў 2011 годзе. Так фінансаванне на прыватныя рахункі на дзейнасць Праваабарончага цэнтра "Вясна" было спыненае, бо была зарэгістравана арганізацыя, якая мела легальны статус згодна літоўскаму заканадаўству паводле закона аб няўрадавых арганізацый і асацыяцый Літвы. Што тычыцца фінансавай дзейнасці Pavasaris, то яна была законнай і легальнай, ніякіх пытанняў і прэтэнзій з боку літоўскіх уладаў яна не мела. Хаця штогод там праводзіліся фінансавыя праверкі, як і ў дачыненні розных іншых няўрадавых арганізацый.

Дэкларацыя аб праваабаронцах была прынята Генеральнай Асамблеяй ААН 9 снежня 1998 года, дарэчы, пры сённяшнім ладзе ў Беларусі. Яна была прынятая большасцю краін і стала такім рамачным дакументам, у межах якога праваабаронцы ўсяго свету — а гэта дзесяткі мільёнаў людзей — працуюць апошнія 25 гадоў. Можна сказаць, што гэта наша праваабарочная Канстытуцыя, на якую мы абапіраемся ў сваёй працы. Што тычыцца яе легальнасці, то, як ужо было адзначана, гэта рамачны дакумент ААН і Беларусь, вядома, павінна імкнуцца выконваць тыя пастулаты, якія выкладзеныя ў гэтай Дэкларацыі. А што датычыцца нашага судовага працэсу, то я хачу нагадаць артыкул 1 Дэкларацыі аб праваабаронцах, згодна якому кожны чалавек мае права, індывідуальна і разам з іншымі, заахвочваць і імкнуцца абараняць і ажыццяўляць правы чалавека і асноўныя свабоды на нацыянальным і міжнародным узроўнях. Гэта наша права, якое замацавана таксама ў Канстытуцыі. Згодна артыкулу 5 Дэкларацыі ў мэтах заахвочвання і абароны правоў чалавека і асноўных свабод кожны чалавек мае права, індывідуальна і разам з іншымі, на нацыянальным і міжнародным узроўнях ствараць няўрадавыя арганізацыі, асацыяцыі або групы. Прычым, як не зарэгістраваныя, так і не зарэгістраваныя. Тое, што ў нас момант рэгістрацыі ўдзведзены на п'едыстал, насамрэч, нічога не значыць. Рэгістрацыя створана для таго, каб улады маглі арыентавацца на тое, якія ёсць арганізацыі, чым яны займаюцца. А для нас саміх гэта пытанне такое: хачу рэгіструюся, хачу не. І багата ў якіх краінах рэгістрацыя наогул не рэгламентуецца. 

Першы артыкул 12 Дэкларацыі аб праваабаронцах, які датычыцца фінансавання: "кожны мае права, індывідуальна і сумесна з іншымі, запрошваць, атрымліваць і выкарыстоўваць рэсурсы спецыяльна для мэт заахвочвання і абароны правоў чалавека і асноўных свабод мірнымі сродкамі". Фактычна ў межах гэтых і іншых артыкулаў, выкладзеных у гэтай Дэкларацыі, ажыццяўлялася праца Праваабарончага цэнтра "Вясна". Дарэчы, яна на працягу ўсіх гэтых гадоў была высока адзначана міжнароднай супольнасцю, сведчаннем чаму з'яўляюцца нацыянальныя і міжнародныя прэміі, якія атрымліваў Праваабарончы цэнтр "Вясна" за апошнія гады, улічваючы нашую напружаную і складаную працу.

Апроч таго, было рашэнне Камітэта па правах чалавека ААН па "Вясне" пра тое, што арганізацыя была ліквідавана незаконна. Ад уладаў патрабавалася аднавіць рэгістарцыю Праваабарончага цэнтра і кампенсаваць нам выдаткі, звязаныя з нерэгістрацыяй. Таксама было рашэнне Камітэта па правах чалавека ААН па мне і па ўсёй сітуацыі, звязанай з фінансаваннем. І было прызнана, што гэтыя грошы не былі маім уласным даходам. Сапраўды, сітуацыя вось гэтых фармальных парушэнняў была звязаная з непрадастаўленнем дзяржавай умоваў для нармальнай працы няўрадавых арганізацый, у прыватнасці "Вясны". 

Гэта ўсё той падмурак, на якім будавалася праца Pavasaris усе апошнія гады. Як я ўжо казаў, Pavasaris здзяйсняў значную частку сваёй працы на тэрыторыі Літвы, і часткова ў дакументах гэта заўважна. Калі ішла размова пра праекты, датычныя працы праваабаронцаў ва Украіне, сумесных праектаў з польскімі, украінскімі, румынскімі, малдаўскімі, расійскімі праваабаронцамі. Гэта рабіла нашу дзейнасць больш празрыстай і не супярэчыла заканадаўству Літвы і Беларусі. 

"Фінансаванне Pavasaris адбывалася праз адкрытыя праграмы"

Алесь Бяляцкі на судзе
Алесь Бяляцкі на судзе

Дарэчы, хачу звярнуць увагу на тое, што Pavasaris быў зарэгістраваны ў 2015 годзе, а дакументы на яго рэгістрацыю былі пададзены напрыканцы 2014-га, калі крымінальнай адказнасці за так званую кантрабанду, у якой нас цяпер абвінавачваюць, не было. Яна ўзнікла толькі напачатку 2016-га году. Таму казаць пра намер, што стварэнне і дзейнасць Pavasaris былі накіраваныя на арганізацыю маштабнай кантрабанды, не выпадае. Pavasaris дзейнічаў ужо год. Пытання пра кантрабанду не існавала, і гэтага намеру не існавала. Сама па сабе праца грамадскай арганізацыі Pavasaris была пабудаваная як і праца сотняў тысяч іншых няўрадавых арганізацый. У любой краіне, якія акаляюць нас, у тым ліку і Расіі, сотні тысяч няўрадавых арганізацый, у той час, як у нас яны адзінкі. У Літве няўрадавая арганізацыя рэгіструецца як машына, а далей ты працуеш згодна статутных дакументаў і закона аб дзейнасці няўрадавых арганізацый. Наша арганізацыя працавала без штата, я быў кіраўніком гэтай арганізацыі на грамадскіх пачатках. Грошы за дырэктарства Pavasaris я не атрымліваў. Гэта здымала багата пытанняў, датычных і літоўскага заканадаўства, і абвінавачванняў у мой адрас у матэрыяльнай зацікаўленасці. Pavasaris працаваў як звычайная няўрадавая арганізацыя. Гэта датычылася і фінансавай дзейнасці: 100% фінансавання Pavasaris грунтавалася на праектах і грантах. Але гэтае фінансаванне не было пастаяннае. Хто працаваў у няўрадавых арганізацыях ці быў валанцёрам, то ведае, як гэта ўсё працуе. Гэта чыноўнікам не зразумець, а грамадскім актывістам гэта добра зразумела: сёння ты грошы маеш, а заўтра ты іх не маеш. І ніхто табе не гарантуе, што той грант, які ты сёння атрымаў, будзе працягвацца заўтра ці паслязаўтра. Усе гранты маюць пачатак і канец. Яны могуць быць працягнутыя, могуць быць скарочаныя, але гэта ўсё абсалютна незапланавана. І нельга казаць тут пра нейкае планавае і пастаяннае фінансаванне. Усё залежыць ад актыўнасці грамадскіх актывістаў і валанцёраў, ад магчымасцяў фондаў. Сёння ты можаш атрымаць дзесяць даляраў, а заўтра — тысяч, паслязаўтра — сто тысяч. І спланаваць нешта далёка наперад мы не можам. Падкрэслю, што ў свеце працуюць сотні тысяч гэтых няўрадавых арганізацый — і нічога дзіўнага ў гэтым няма.

Праекты, якія атрымліваў Pavasaris, — гэта, зноў жа, стандарт. Гэта з конкурсаў розных міжнародных праграмаў. Некаторыя заяўкі на праекты мы тут бачылі. Як гэта робіцца? Агучваецца праграма, і калі няўрадавая арганізацыя бачыць, што яе дзейнасць падпадае пад яе крытэрыі, то яна піша заяўку і чакае. Заўсёды заявак больш, чым падтрыманых праектаў. Вельмі часта з 3-20 праектаў падтрымліваецца адзін. 

У дачыненні да Pavasaris мы бачылі праекты, падтрыманыя Швецыяй, Велікабрытаніяй, Еўрапейскага Саюза, Чэхіі. Часам гэтыя міжнародныя праграмы і праекты распаўсюджваюцца канкрэтна на нейкія краіны, напрыклад на краіны постсавецкай прасторы, краіны Афрыкі ці на краіны, якія знаходзяцца ў стане трансфармацыі. Могуць быць розныя крытэрыі гэтых міжнародных праектаў. На тыя праграмы, якія абвяшчаў Еўрапейскі саюз, былі адкрытыя конкурсы. Падаваліся сотні заявак. Трэба сказаць, што Беларусь актыўна ўдзельнічала ў гэтых конкурсах. І гэта былі не толькі арганізацыі накшалт "Вясны", але і арганізацыі сацыяльнай накіраванасці, якія займаліся праблемамі жанчын, экалогіі, дзяцей. Таксама дзяржаўныя органы Беларусі, якія займаліся пэўнымі пытаннямі, таксама атрымлівалі гранты. Ведаю, што па шведскай праграме атрымлівалі мільёны еўра на паляпшэнне экалогіі, сацыяльных і медыцынскіх пытанняў. І гэта ўсё не выклікала ніякага непрыняцця з боку дзяржавы.

Падсумоўваючы вышэй сказанае, адзначу, што фінансаванне Pavasaris адбывалася праз адкрытыя праграмы. Часам яны падтрымліваліся, а часам — не. Напрыклад, праекты пра выбары не могуць падтрымлівацца кожны год, таму што штогод не праходзяць выбары ў Беларусі ці іншых краінах.  

"Тое, што следства кажа, што грошы спецыяльна дзяліліся, перавозіліся, а потым збіраліся ў адно — гэта лухта!" 

Алесь Бяляцкі на судзе
Алесь Бяляцкі на судзе

Нас у Pavasaris, безумоўна, турбавала падатковае пытанне, з улікам майго сумнага досведу. Таму быў падрыхтаваны пакет дакументаў, дзе быў прапісаны абавязак асобы, якая выконвала нейкія працы ў межах праектаў, якія здзяйсняў Pavasaris, аплочваць гэтыя падаткі ці на тэрыторыі Літвы, ці на тэрыторыі пражывання. Як яны плацілі — гэта была адказнасць гэтых асобаў. Нам яны пісалі паперы, згодна якой яны абавязваліся плаціць падаткі. Для мяне, як для дырэктара Pavasaris, гэтага было дастаткова. Мы бачым, што значная частка тых людзей, якія праходзілі па дамовах Pavasaris, задэкларавалі даходы. Следства вызначыла 89 асобаў, якія заключалі пагадненні з Pavasaris. Некаторыя з іх мелі па адной-дзве дамовы, што азначае, што не было пастаянных дамоваў. Выканаў чалавек пэўную задачу — і ўсё, на гэтым яго роля па праекце сканчалася. Хто меў больш доўгатэрміновыя мэты, звязаныя з маніторынгам сітуацыі з правамі чалавека, то ён мог спадзявацца на большае. Але зноў жа, калі прааналізаваць тыя сродкі, якія атрымлівалі гэтыя асобы, то яны былі нероўнымі: за адзін год яны маглі быць тры тысячы даляраў, а за другі — чатыры тысячы даляраў, трэці — нічога, чацвёрты — магла быць зусім іншая сума. Значная частка даходаў, якая праходзіла праз  Pavasaris, пераводзілася ў Беларусь безнаяўна. Гэта каля 250 тысяч даляраў за ўвесь гэты час. З улікам тых дадзеных, якія былі перарадзеныя з беларускіх банкаў, пералічвалася дзясяткам асобаў безнаяўным чынам. Гэта яшчэ раз сведчыць, што Pavasaris не хаваў сваю дзейнасць. Мы працавалі як звычайная няўрадавая арганізацыя на тэрыторыі Літвы.

Pavasaris — гэта некамерцыйная арганізацыя, мы не мелі ні капейкі даходаў. Грошы, якія былі атрыманыя па грантах, расходваліся згодна іх прызначэння.

Што тычыцца наяўных заробкаў, то я як дырэктар Pavasaris не займаўся кантролем над перадачай гэтых грошай. З улікам тых папер, якія ёсць у матэрыялах справы, відавочна, што 90% усіх сродкаў з гэтых 300 тысяч, якія інкрымінуюцца нам, гэта заробкі. Гэта значыць, што людзі атрымлівалі прыватныя заробкі за нейкую працу. Як яны атрымлівалі — я не ведаю. З матэрыялаў справы відавочна, што значная частка грошай была атрыманая ў Літве, што таксама адзначыў Стэфановіч пра свае сродкі. І казаць, што ён атрыманыя грашовыя сродкі за выкананне нейкай працы вёз кантрабандай... Мы ж ведаем суму, якая складае склад кантрабанды. І ці правільна складаць усе заробкі, якія атрымаў той жа Стэфановіч за гэтыя чатыры-пяць гадоў існавання Pavasaris, у адну суму? Гэта розныя праекты. Гэты розныя гады і перыяды дзеянняў гэтых праектаў. Гэта не адна сума. Гэта раскінутыя грошы, якія не збіраліся потым у адно. Тое, што следства кажа, што грошы спецыяльна дзяліліся, перавозіліся, а потым збіраліся ў адно — гэта лухта! Ніхто ніякія грошы не збіраў, і няма ніводнага сведчання, што гэтыя грошы збіраліся. Можна меркаваць, што іх дронамі перавозілі ці выводзілі крыптавалютай, але ж прычым тут трое тых, хто знаходзіцца ў гэтай клетцы? Я не меў ніякага дачынення да гэтых грошай. Людзі, атрымаўшы грошы ў той жа Вільні, багата трацілі на ўласныя патрэбы. Тым не менш, следствам гэта ніяк не ўлічвалася, ды іх і ўлічыць немагчыма, бо гэта прыватныя грошы чалавека. Што тут крымінальнага? Відавочны палітычны падтэкст усяго гэтага артыкула.

Тое, што казаў спецыяліст Шушкевіч пра ўнікальнасць гэтай справы, пра тое, што яны з такой справай сутыкаюцца ўпершыню. Дык што гэта за крымінальная справа такая, з якой сутыкаюцца ўпершыню?! Калі ты сядзіш у камеры з трыма чалавекамі, якіх абвінавачваюць за  крадзеж, рабаўніцтва, наркотыкі, і ва ўсіх гэта стандартная справа, па якіх праходзяць сотні людзей. А тут стварылі ўнікальную справу: пачынаючы з 2016-га такая першая справа. І што гэта, як не палітычны падтэкст гэтай справы? Відавочна, што гэта ўсё так.

"Сродкі атрымліваліся для здзяйснення законнай праваабарончай дзейнасці"

Што тычыцца перамяшчэння грашовых сродкаў — зараз пойдуць "не". Я не адказваў за фінансы. І гэта відаць з матэрыялаў справы, сабраных следчым. Я ні з кім, хто пералічаны ў абвінавачванні, не дамаўляўся перавозіць гэтыя грашовыя сродкі. Нідзе не бачна, каб я даваў нейкія ўказанні на перамяшчэнне грашовых сродкаў праз мяжу Беларусі. Не было арганізаванай групы, звязанай з арганізацыяй перамяшчэння грашовых сродкаў. Калі вы называеце Праваабарончы цэнтр "Вясна" злачыннай арганізацыяй, экстрэмісцкай ці якой там хочаце, калі не, то выбачайце, усё тое, што мы рабілі ажыццяўлялася ў межах праваабарончай працы. Не было планавання праз перамяшчэнне грашовых сродкаў. Я іх не здымаў з карткі. Я іх не здымаў з рахунку Pavasaris у банку, бо фізічна не мог гэта рабіць. Я даволі рэдка быў у Літве — два-тры разы на год, і то гэта было звязана з нейкімі адукацыйнымі ці асветніцкімі мерапрыемствамі. Мая роля ў Pavasaris не патрабавала, бо ўсе фінансавыя пытанні вырашаліся без майго ўдзелу. Я не даваў ніякіях даручэнняў па супрацьдзенням праваахаоўным органам. І карыслівых памкненняў у мяне не было. Грашовых сродкаў для Pavasaris я не шукаў, праекты не падпісваў і не кіраваў імі. Я не даваў указанні абвінавачаным ці нейкімі іншым грамадзянам на перамяшчэнне, акумуляванне, размеркванне гэтых грошай, як на тэрыторыі Літвы, так і на тэрыторыі Беларусі. Не было механізму супрацьдзеяння супрацоўнікам праваахоўным органам. Я не вызначаў памеры ўзнагароджванням сябрам "Вясны" ні ў праектах, ні па-за праектамі. Я не фармаваў і не вызначаў бюджэты рэгіянальных філіяў "Вясны". Я не даваў указанні атрымліваць грашовыя сродкі на тэрыторыі замежнай дзяржавы, не даваў указанне акумуляваць грашовыя сродкі для часовага захоўвання. Я не даваў указанні выкарыстоўваць іх для здзяйснення незаконнай дзейнасці. Я не даваў распараджэння хаваць грашовыя сродкі ад падатковых і праваахаоўных органаў. Мая праца кіраўніка Pavasaris адбывалася  ў межах заканадаўства Літоўскай Рэспублікі. Прадпрымальніцкай дзейнасці і прыбытку ад дзейнасці Pavasaris не было. У казначэя, які меў дачыненні да рахункаў і картак Pavasaris. функцыі былі абмежаваныя літоўскім заканадаўствам аб дзейнасці няўрадавых арганізацый. І падчас тых штогадовых праверак пытанняў да казначэя не было. Дзейнасць Pavasaris была даволі адкрытая. Мы не звярталіся да Міністэрства замежных справаў Літвы, каб тыя схавалі тую інфармацыю. Як і пра іншыя няўрадавыя арганізацыі, інфармацыя пра яе ёсць у інтэрнэце. Можна ставіць пытанне, ці праўдзівая там інфармацыя, ці не. Але вырашайце гэтае пытанне з літоўскімі органамі. Прычым тут мы? Гэта арганізацыя не парушала заканадаўства Літвы і Беларусі, асабліва ў частцы кантрабанды, у якой нас цяпер абвінавачваюць — ці то смешнага, ці то жахлівага, ці то нейкага парадаксальнага абвінавачвання. Я перакананы, што сродкі атрымліваліся для здзяйснення законнай праваабарончай дзейнасці.

"Гэта амаральна і бессардэчна"

Асобна я хачу сказаць пра абвінавачванне паводле часткі 2 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса. Збор сродкаў асабіста я не арганізоўваў, пацярпелым грошы не перадаваў, сам не аплочваў патрэбы, звязаныя з дапамогай ахвярам палітычных рэпрэсій. Таксама я не атрымліваў грашовыя сродкі і не размяркоўваў іх іншым асобам. Навучанне парушэнню грамадскага парадку я не праводзіў. Я цалкам падтрымліваю тое, што пашырэнне ч. 2 арт. 342 КК, якое адбылося ў 2020 годзе, абсурднае, і так нельга рабіць. А то да траўня гэта было магчыма, а пасля траўня 2020-га стала злачынствам. Што гэта такое? Дык як жыць тады, па якіх законах? У вас закон як дышла, куды павярнула, туды і вышла? Ці што?

Крыміналізацыя дапамогі, якая адбылася пасля здзяйснення так званых злачынстваў, не адпавядае логіцы. Спачатку конь, а потым воз, а не наадварот. Гэта амаральна і бессардэчна.

"Само памяшканне ніяк не суадносіцца з тымі абвінавачваннямі, якія вылучаны супраць нас" 

Суд па
Суд па "справе Вясны", студзень 2023 года

Кватэра, дзе я прапісаны па праспекце Незалежнасці 78А-48. была набытая ў 2000-м ці 2001-м годзе на ўласныя грошы нашай сям'і. Праваабарончы цэнтр "Вясна", дарэчы, тады быў зарэгістраванай арганізацыяй і меў магчымасць законна набываць любую маёмасць. У гэтай кватэры я жыву і маю спальнае месца — канапу. Там падключаны інтэрнэт, я рэгулярна плачу за кватэру. Мой працоўны стол стаіць у маім пакоі побач з канапай. На кухне стаіць яшчэ адзін стол, за якім я снедаю, абедаю і вячэраю. Там ёсць лядоўна і мікрахвалёвая печ. Я даглядаў палісаднік пад вокнамі, саджаў кветкі, пасадзіў два кусты бэзу і яшчэ чатыры кусты з другога боку. Я клапаціўся пра падвальнае памяшканне пад кватэрай, звяртаўся ў ЖЭС, каб там быў парадак, што пацверджана шматлікімі дакументамі. Я сябраваў з суседзямі і яны могуць гэта пацвердзіць. Зверху жыў паэт Генадзь Бураўкін.

Як актыўны грамадскі чалавек, я быў сябрам Саюзу пісьменнікаў Беларусі, ПЭН-цэнтра, Беларускай асацыяцыі журналістаў, якія вы забаранілі. У мяне было вялікае кола знаёмых, і яны прыходзілі да мяне. Таму там было даволі шмат людзей. Тым не менш, ніводнай заявы з боку праваахоўных органаў, ЖЭСу, участковага на парушэнне грамадскага парадку не было. Скаргаў на паводзіны мяне і маёй жонцы таксама не было. Мая жонка пражывала і была прапісаная па іншым адрасе. Мы хадзілі ў госці адзін да аднога, я мог быць і там, і там, але пастаянна я жыў па адрасе праспект Незалежнасці 78А-48.

Што тычыцца памяшкання на Ложынскай 16-404, то мая частка складае там 1/7, якая была набыта на мае ўласныя сродкі. Трэба сказаць, што там былі высокія міжнародныя госці і Спецдакладчык ААН пра праваабаронцах, які толькі аднойчы за ўсё існаванне Беларусі прыязджаў у краіну. У памяшканні на Ложынскай у яго была сустрэча з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці. Само памяшканне ніяк не суадносіцца з тымі абвінавачваннямі, якія вылучаны супраць нас”. 

Алесь Бяляцкі адмовіўся ад удакладняючых пытанняў пракурора і суддзі, бо яны задавалі іх не па-беларуску.

"Я ў Беларусі, і хачу, каб мяне пыталі па-беларуску".

"Ніякіх функцый у "Вясне", акрамя кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары", я з 2015 года не меў" 

Уладзь Лабковіч на судзе
Уладзь Лабковіч на судзе

У апошняю чаргу на судзе дапытвалі Уладзіміра Лабковіча. Негледзячы на тое, што на судзе быў вызначаны парадак допыта праваабаронцы ў выглядзе пытанняў і адказаў, ён пачаў даваць паказанні, як і калегі, у выглядзе вольнага аповеда.

"У мяне не будзе такога дасканалага выступу, як у калегаў. Я цалкам падтрымліваю тое, што было сказана Стэфановічам Валянцінам і Бяляцкім Алесем. Па сутнасці тых абвінавачванняў, якія мне былі прад'яўленыя, хачу звярнуць увагу, што з усіх матэрыялаў справы бачна, што паводле ч. 4 арт. 228 КК я ніякім чынам грашовых сродкаў не перамяшчаў, нікому такіх указанняў не даваў, не аб'ядноўваўся ў ніякую злачынную арганізаваную групу дзеля таго, каб гэтыя грошы перавозіць. У 2014-м годзе я сапраўды меў дачыненне да рэгістрацыі літоўскай арганізацыі Pavasaris, я рыхтаваў, вёў перапіску з грамадскім юрыстам літоўскай арганізацыі.

Мной гэтая арганізацыя разглядалася менавіта як сродак легалізацыі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, вяртанне ў межы прававога поля Рэспублікі Беларусь, каб абмінуць наступствы 2011 года, калі Аляксандр Бяляцкі быў прыцягнуты да крымінальнай адказнасці. Таму гэта ідэя і ўзнікла, і гэтая арганізацыя заснавалася, як сродак атрымання грошай для таго, каб яны маглі потым дэкларавацца як даход. Іншай ніякай дзейнасці з маім удзелам не было. У дзейнасці арганізацыі я не прымаў удзел, на мерапрыемствы арганізацыі не запрашаўся, калі яны былі, мне пра гэта проста нічога не вядома. І тыя подпісы ад Pavasaris, якія ёсць у матэрыялах справы, я не рабіў.

Таксама прашу звярнуць увагу, што з пачатку 2015-га года я не ўваходзіў у Раду Праваабарончага цэнтру "Вясна", таму ніякіх функцый у "Вясне", акрамя кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары", я з 2015 года не меў. У функцыі каардынатара кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" уваходзіла выключна падрыхтоўка афіцыйных аналітычных матэрыялаў, якія публічна былі размешчаны ў нас на сайце. Гэта дакументы, у якіх мы ацэньвалі выкананнне Рэспублікай Беларусь сваіх абязальніцтваў аб свабоных, справядлівых і дэмакратычных выбараў, і публічна вывешваліся сайце Праваабарончага цэнтра "Вясна". І мэты кампаніі ёсць у матэрыялах справы, і яны таксама былі агучаны дзяржаўным абвінаваўцам. Гэта дзве асноўныя мэты кампаніі: ацэнка наколькі Рэспубліка Беларусь выконвае свае міжнародныя абавязкі, а другая дапамога дзяржаве, уладам Беларусі па ўдасканаленню пытанняў, звязаных з рэалізацыяй грамадзянамі сваіх выбарчых правоў. Таму ў тых нашых матэрыялах, што ёсць, заўсёды былі рэкамендацыі аб тым, што трэба ўдасканаліць у выбарчым заканадаўстве".

Тут суддзя Запаснік запытала: "Вас прасілі аб гэтым улады Беларусі ці вы па сваёй ініцыятыве?"

Уладзімір Лабковіч працягнуў даваць паказанні на суддзе:

"Як грамадскае аб'яднанне мы рабілі гэта па сваёй ініцыятыве, бо маем на гэта поўнае права. Гэты нашыя пажаданні, якія мы як грамадзяне Беларусі рэалізоўвалі, аб'яднаўшыся ў кампанію. Дарэчы, хачу звярнуць увагу, што кампанія часта ўзгадваецца ў матэрыялах справы — трэба праз літару А, а не О. І гэта ёсць не нейкая асобная структурная арганізацыя са сваёй структурай, са сваімі кОмпаніямі і размеркаваннем абавязкаў. Гэта дзейнасць, якая ўзнікала эпізадычна.

"Няма ніводнага ўзгадвання пра мяне, што я нейкім чынам узаемадзейнічаў наконт аплаты штрафаў і іншых падаткаў, размаўляў пра гэта, меў нейкія зносіны"

Уладзь Лабковіч на судзе
Уладзь Лабковіч на судзе

Таксама хачу звярнуць увагу, спасылаючыся на тыя тлумачэнні, што я даваў наконт тых 2 520 еўра, якія былі вынятыя 4 ліпеня 2021 года на мяжы. Фактычна да 2018 года не займаўся дзейнасцю ПЦ "Вясна", а займаўся выключна дзейнасцю Беларускага дома правоў чалавека (БДПЧ). І ў межах гэтай дзейснасці ў мяне была дамова падрада, дзе я выконваў пэўныя аналітычныя функцыі, па замове БДПЧ рыхтаваў аглядныя матэрыялы, за што атрымліваў ганарар, які дэклараваў, аплочваў падаткі.

Тое, што датычна арт. 342 КК, я не буду тычыцца, наколькі ён правамоцны ў гэтым абвінавачванні, гэта сказалі мае калегі. Спынюся толькі, што няма ніводнага ўзгадвання пра мяне ў межах гэтай крымінальнай справы, што я нейкім чынам узаемадзейнічаў наконт аплаты штрафаў і іншых падаткаў, размаўляў пра гэта, меў нейкія зносіны. Адзінае, гэта таксама каб падкрэсліць перыяд, у 2020-м, які нам там інкрымінуецца, я фактычна не з'яўляўся па адрасе на Мяржынскага, у мяне няма там наведванняў, а на Незалежнасці я не з'ўляўся з моманту, як апячаталі кватэру ў 2013 годзе. Я там фактычна не быў. Некалькі разоў наведаў Алеся Бяляцкага па прыватнай справе, але абсалютна эпізадычна. А кватэра была апечатана, па-мойму, у 2011 або ў 2012 годзе.

Яшчэ па мінулай крымінальнай справе. І гэта важна, калі паглядзець на білінгі, якія таксама ёсць у матэрыялах справы. У матэрыялах справы ёсць, і я гэта прызнаю, што я меў дачыненне да кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" у 2019 і 2020 годзе. Я адказваў за інфармацыйныя і тэхнічныя пытанні. Я не займаўся пытаннямі падрыхтоўкі фінансавай справаздачы, я не ведаю, якая сума была актывам. Я не атрымліваў з гэтых праектаў ніякіх заробкаў. Тыя паперы, якія былі быццам падпісаныя ад майго імя, я не лічу сапраўднымі, бо я ніколі іх не бачыў. 

З 2015 года я не ўваходзіў у Раду ПЦ "Вясна", я выконваў функцыю юрыста, гэта, дарэчы, бачна і ў паказаннях Сыса, Лапцёнак, Целяпуна. Я рыхтаваў розныя агляды заканадаўства, параўнаўчыя аналізы. Тады Беларусь, зараз ужо выйшла, уваходзіла ў міжнароднае партнёрства асацыяцый, і было вельмі моднай рэччу параўнанне заканадаўства ў шасці краінах, якія ўваходзілі ва ўсходняе партнёрства: Азербайджан, Арменія, Грузія, Украіна, Беларусь, Малдова. З большага ў мяне была спецыялізацыя, ці зацікаўленнасць, датычныя выбараў, то я рабіў увесь час аналіз выбарчага заканадаўства. Напрыклад, вельмі вялікая праца рабілася па дакументу, які ратыфікавала Блеларусь — Канвенцыі аб стандартах дэмакратычных выбараў СНГ. Я рыхтаваў вельмі добры аналіз, наколькі наш Выбарчы кодэкс не адпавядае нават пагадненню, да якога далучылася.

На пытанне, хто чым займаўся ў арганізацыі, адказаў, што пасля 2015-га пра гэта нічга не ведаў. Хто ўваходзіў ў Раду да 20215 года, акрамя абвінавачаных, ён не памятае. У сходах удзел не прымаў, і дакументы пабачыў упершыню толькі падчас следства.

Пракурор намякае, што праваабаронцы паміж сабой наконт паказанняў:

"У межах узаемадзеяння і абмеркавання паміж сабой не вызначылі ролі?"

"З 14 ліпеня [2021 года] ў нас не было магчымасці гэта абмеркаваць, бо мы знаходзімся ў ізаляцыі адзін ад аднаго…", — адказаў Уладзь.

"І ад грамадства між іншым. Лісты не даходзяць. Ніводнага ліста за год…", — дадаў Алесь Бяляцкі.

“Я пасля першага допыта гадзіны паўтары ў кабінеце следчага рабіў свае подпісы”

З-за супярэчнасцей паказанняў Уладзіміра Лабковіча, дадзеных падчас следства і на судзе, пракурор на працэсе зачытаў пратакол яго допыта ў дзень затрымання 14 ліпеня 2021 года. Праваабаронца тады быў у статусе падазраванага. Тады у Уладзіміра Лабковіча запытвалі пра дзейнасць "Вясны", арганізацыю Pavasaris, офісы Праваабарончага цэнтра ў Мінску, Раду "Вясны". На тым допыце праваабаронца адказваў без асаблівых падрабязнасцяў, таму цяпер пракурор запытваецца, чаму той тады не адказваў на пытанні. Уладзімір сказаў на судзе, што пасля затрымання яму не зусім зразумелай была сутнасць абвінавачванняў. Што характэрна, у пратаколе допыта ад 14 ліпеня было пазначана, што прылады праваабаронцы былі не запароленыя, але ў далейшых допытах адзначаецца, што да Лабковіча "былі пытанні па электронных прыладам і прапановы даць паролі доступу".

21 ліпеня 2021 года праз тыдзень пасля затрыманя адбыўся другі допыт Уладзіміра, на якім запытвалі, якія мэты і задачы ставіла перад сабой кампанія "Праваабаронцы за свабодныя выбары". Тады ён сказаў, што кампанія была прыдумана ім у 2008 годзе, але на судзе ўдакладніў, што ўсё ж такі ў 2012-м пачаў займацца каардынацыяй кампаніі, але адказваў толькі за справаздачы менавіта пра дзейнасць кампаніі, а не пра яе фінансаванне.

"Трэба разумець, што гэты допыт быў пасля затрымання. Я не ведаў, дзе мае дзеці, з кім яны", —  растлумачыў супярэчнасці праваабаронца.

На пасяджэнні пракурор прадастаўляў Уладзіміру Лабковічу на агляд подпісы на дамовах падраду з назіральнікамі кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары", але той адмаўляў, што гэта яго подпісы і распавёў, што ён прапаноўваў следчаму правесці экспертызу, але гэтага не было зроблена. Пракурор адзначыў, што сапраўды подпісы Лабковіча на пратаколе допыта і гэтых дакументах адрозніваюцца паміж сабой.

"Маіх подпісаў шмат, якія сапраўды мае, — амаль на кожным лісце допыта. Я пасля першага допыта гадзіны, напэўна, паўтары ў кабінеце следчага рабіў свае подпісы на лістах сарака для экспертызы. Нічога не замінала правесці экспертызу маіх подпісаў". 

Пратаколы допыту Дзмітрыя Салаўёва і дакументы, не пералічаныя ў пратаколе вобшуку

Зміцер Салаўёў. Фота: spring96.org
Зміцер Салаўёў. Фота: spring96.org

На працэсе агучылі тры пратаколы допыту праваабаронцы Дзмітрыя Салаўёва, якога судзяць у межах гэтага крымінальнага працэсу ў межах спецыяльнай вытворчасці. 

Першы допыт Дзмітрыя адбыўся 25 лютага 2021 года — падчас яго адмінітсрацыйнага арышту. Нагадаем, падчас масавага нападу на праваабаронцаў і журналістаў 16 лютага 2021 года быў затрыманы Дзмітрый Салаўёў. Тады ў ягоную кватэру раніцай ўварваліся супрацоўнікі АМАПу і ГУБАЗіКа. Яны без папярэджання выламалі яму дзверы. У кватэры праваабаронцы правялі ператрус і канфіскавалі тэхніку. Таксама на Дзмітрыя склалі пратакол па арт. 23.34 КаАП за пікітаванне: на яго доме ўбудаваны бетонны барэльеф з Пагоняй. Восем год таму дом быў пабудаваны адразу з гэтым барэльефам, які нават не пафарбаваны. Суддзя Мінскага раёна Анжаліка Казлова запытвала ў праваабаронцы, ці цікавіцца ён палітычнай сітуацыяй у краіне, ці ведае ён, што пратэсты праходзяць па гербам "Пагоня". Салаўёва арыштавалі тады на 12 сутак.

25 і 26 лютага 2021 года, падчас адбыцця 12-сутачнага арышту, Дзмітрыя Салаўёва дапытвалі ў якасці сведкі па справе Судаленкі, Ласіцы і Тарасенкі. Тады ён адмовіўся ад дачы паказанняў праз свой стан здароўя — у яго былі праблемы са зрокам. Ён толькі заявіў, што не мае дачынення ні да злачыннай дзейнасці, ні да арганізацыі і фінансавання пратэснай дзейнасці, а таксам не валодае інфармацыяй пра здзяйсненне кімсьці гэтай дзейнасці.

Ужо 2 сакавіка 2021 года Салаўёва дапыталі ў якасці падазраванага паводле ч. 2 арт. 342 КК. Падчас допыту Дзмітрый адзначыў, што сказанае ў пастанове аб прыцягненні яго ў якасці падазраванага — няпраўда. Ён патлумачыў, што дзейнасць "Вясны" не мае аніякага дачынення да фінансавання пратэстаў і ён не прымаў удзелу ў інкрымінаваных дзеяннях. У выніку Дзмітрый адмовіўся даваць паказанні, скарыстаўшыся арт. 27 Канстытуцыі. У яго нібыта былі вынятыя дакументы аб дзейнасці "Вясны", БХК, кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары", Pavasaris. Але ён даў аніводнага адказа наконт таго, якую ролю выконваў у арганізацыі, чым займаўся, хто з'яўляецца старшынёй, якая арганізацыйная структура і г.д.

Ён сказаў, што з Судаленкам знаёмы, але непамятае калі бачыліся і нічога пра яго не ведае. Па ягоных словах, Леанід да яго не звяртаўся з запытам на грошы для аплаты штрафаў, нічога не ведае адкуль той браў грошы і што рабіў у "Вясне". На пытанне, адкуль тады распіскі ўзяліся, сказаў, што не ўпэўнены, што яны знаходзіліся ў яго і былі знойдзены падчас ператрусу ў яго дома, бо ў пратаколе ператруса яны не былі пазначаны. Сцвярджаў, што грошы Судаленку не перадаваў, і на ўсе пытанні наконт грошай адказваў, што нічога не ведае. 

Былі вынятыя дакументы ў дачыненні да Мацкевіча, Русецкага, Целяпуна, Сацункевіч, Бухеля, Капуцкага і іншых. Сказаў, што пра іх дзейнасць нічога не ведае. Ён зноў адзначыў, што гэтая дакументы не пералічаны ў пратаколе вобшуку. Грошы асабіста не перадаваў, за штрафа не плаціў, не ведае нічога пра атрыманне грошай пералічанымі асобамі. На пытанне, ці з'яўляўся Алесь старшынёй і пра іншыя пытанні наконт яго, таксама скарыстаўся арт. 27 Канстытуцыі.

Па распісцы ад Сацункевіч аб атрыманні грошай сказаў, што таксама нічога не ведае, не падпісваў і грошай не перадаваў. Пра Сацункевіч нешта чуў, але па распісцы нічога не ведае. Сказаў, што ў 2020 жыў на грошы накопленныя раней, а ў 2019 атрымліваў даход як фізічная асоба, але падаткі плаціў.

На допыце заявіў, што паролі ён ад тэхнікі не памятае і не разумее, што ад яго хочуць.

Было ўстаноўлена, што 1 сакавіка 2021 года ён спрабаў перасекчы мяжу. Сказаў, што хацеў атрымаць прафесійную дапамогу лекараў у Варшаве. Пра тое, што перад гэтым павенен быў прыйсці ў СК, ён не ведаў. Таксама спыталі, навошта тады з ім спрабавалі выехаць дачка і жонка, а Дзмітрый адказаў, што праз самаадчуванне. 

"Далей, як вядома, Салаўёў нейкім спосабам спешна пакінуў Рэспубліку Беларусь", — зачытаў пракурор.

На гэтым судовае следства па справе "Вясны" скончанае. Судовыя спрэчкі прызначаныя на 9 студзеня ў 10:30. Гэта будзе 19-е пасяджэнне па справе.

Палітзняволеным праваабаронцам цяпер патрэбная наша салідарнасць! Падтрымайце іх лістамі, пасылкамі і грашовымі пераводамі: СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2, Аляксандру Віктаравічу Бяляцкаму, Валянціну Канстанцінавічу Стэфановічу, Уладзіміру Мікалаевічу Лабковічу

Праваабаронца "Вясны" Алена Маслюкова каментуе абвінавачванні калегам:

"Мяркую, что за абвінавачваннямі вясноўцаў у кантрабандзе грашовых сродкаў арганізаванай групай стаіць вельмі складаная праблема, якую парадзілі, а пасля жніўня 2020 года і паглыбілі, беларускія ўлады. Я маю на ўвазе свабоду асацыяцый, грамадскую дзейнасць і доступ да фінансавання няўрадавых арганізацый. Згодна міжнародным стандартам, у тым ліку і ў практыцы Камітэта ААН па правах чалавека, Еўрапейскага суда па правах чалавека, арганізацыя, якая ствараецца групай асобаў, прызнаецца грамадскім аб’яднаннем і карыстаецца свабодай аб’яднанняў незалежна ад яе рэгістрацыі дзяржавай.

Артыкул 36 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь таксама не дае падстаў для іншага выйсця па гэтым пытанні. Таму, адсылкі дзяржпрапаганды да таго, што абвінавачваемыя быцца бы не зарэгістравалі афіцыйнае прадстаўніцтва Pavasaris у Беларусі, яшчэ не дае падставаў папракаць вясноўцаў у парушэнні парадку фінансава-гаспадарчай дзейнасці. Тым больш, дзяржаўнае абвінавачванне не знайшло часу і не змудрылася прадэманстраваць пераканаўчыя довады пра тое, што вясноўчы жылі не па сродках – іх дэклярацыі падавалі ва ўстаноўленыя тэрміны і падаткі з даходаў па грамадска-прававых дамовах сплочваліся своечасова. Гэта тычыцца і праверак па адпаведнасці даходаў і расходаў блізкіх сваякоў зняволеных.

Што тычыцца намёкаў дзяржабвінаваўцы адносна таго, што абвінавачваемыя і яшчэ шэраг асобаў атрымлівалі ад Pavasaris у адзін перыяд грашовыя паступленні аднолькавага памеру, з якіх быў сплочаны падатак і на якія было набыта памяшканне для мерапрыемстваў па вуліцы Ложынскай – “Тэрыторыя правоў”, то важна адзначыць, што свабода аб’яднанняў не зводзіцца толькі  да працэсу стварэння асацыяцыі, а распаўсюджваецца на ўвесь час яе існавання.

У змест свабоды асацыяцый уваходзіць і магчымасць патрабаваць ад дзяржавы прызнання за аб’яднаннем маёмасных правоў, паколькі яны з’яўляюцца важнай перадумовай дасягнення мэтаў дзейнасці арганізацыі. Грамадскае аб’яднанне, заснавальнікі якога вырашылі не рэгістраваць яго, можа здзяйсняць юрыдычныя дзеянні, неабходныя для дасягнення мэтаў дадзенай асацыяцыі, карыстаючыся правасуб’ектнасцю сваіх чальцоў. І гэтага не могуць не ведаць і дзяржбавінаваўца, і следчыя органы, і суддзя, бо ўсе яны маюць юрыдычную адукацыю".

Праслухоўка ў СІЗА і "аператыўная распрацоўка" праваабаронцаў з 2020 года. Па справе "Вясны" скончылі вывучаць 284 тамы

Стадыя абвяшчэння пісьмовых матэрыялаў па справе "Вясны" скончылася — агучаны ўсе 284 тамы. Распавядаем, што змяшчаецца ў пісьмовых матэрыялах справы.

Крыніца: "Стварылі ўнікальную справу. І што гэта, як не палітычны падтэкст?" Па справе "Вясны" дапыталі праваабаронцаў