06.02.2023 Тэгі: крымінальны пераследГлеб Гладкоўскі. Фота з сацыяльных сетак Мінскі гарадскі суд пасля доўгага перапынку 1 лютага вынес прысуд па крымінальнай справе палітзняволенага прадпрымальніка Глеба Гладкоўскага.

Вядома, што Глебу выставілі абвінавачванне паводле ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса (абраза Лукашэнкі), арт. 198 КК (перашкода законнай прафесійнай дзейнасці журналіста), ч. 3 арт. 361 КК (заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь), ч. 1 арт. 130 КК (распальванне іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы).

Справу разглядала суддзя Святлана Чарапанава.

Глеб Гладкоўскі — вядомы арганізатар аэраздымак квадракоптарамі. Быў затрыманы 30 верасня 2021 года ў Брэсце паводле крымінальнай справы, распачатай за каментары ў інтэрнэце пасля гібелі супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка і it-спецыяліста Андрэя Зельцэра. Вядома, што Глеб пакінуў паведамленне "Димон ту-ду-ту" (паводле музыкі з фільма "Бумер"). 

Напачатку Гладкоўскі ўтрымліваўся ў СТ-8 ў Жодзіна, у сярэдзіне траўня 2022 г. стала вядома аб пераводзе палітвязня ў СІЗА-1 Мінска. 8 лістапада распачаўся разгляд справы палітвязня.

Суд прызнаў Глеба Гладкоўскага вінаватым і прызначыў яму пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму тэрмінам на пяць гадоў.

Крыніца: На пяць год калоніі асудзілі Глеба Градкоўскага па "справе Зельцэра"