06.02.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, грамадства, ціск, умовы ўтрымання, рэпрэсіі, гісторыі вязняў 22-гадовая Яна і 20-гадовая Таня Барысовіч — сёстры. Больш за тры месяцы яны праседзелі ў СІЗА, пасля чаго іх асудзілі да 2,5 і 3 гадоў "хіміі" з накіраваннем за фатаграфіі з Маршаў. Іх маці таксама правяла 15 сутак у ІЧУ. Пасля суда, калі дзяўчыны апынуліся дома, супрацоўнікі прыйшлі з вобшукам, каб затрымаць іх маці і трэцюю сястру ўжо паводле крымінальнай справы — але тыя паспелі пакінуць краіну. Сёстры распавялі "Вясне", як гэта — дазнацца, што маці далі "суткі", пакуль ты сядзіш у зняволенні, сустрэць вайну на Акрэсціна і некалькі разоў прачынацца ўначы ад холаду.
«Цябе асабіста Лукашэнка пакрыўдзіў?»
Яну, Таню і іх маму затрымалі 22 лютага 2022 года — праз паўтара года пасля Марша, фатаграфію з якога знайшлі ў сацыяльных сетках Яны. Таксама ў дакументах на ператрус згадвалася платформа «Зубр», у якой Яна зарэгістравалася назіральніцай на выбары.
— Напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў я трохі сачыла за навінамі, падпісвалася за кандыдатаў, але не планавала рабіцца назіральніцай, — успамінае Яна. — Але мяне моцна зачапіла фраза, якую адміністрацыя гімназіі, дзе я вучылася, сказала маёй знаёмай назіральніцы. Гэта было штосьці накшталт: «Паглядзі, якой добрай вучаніцай ты была — і кім зрабілася». Больш сумневаў не было. Я хацела паглядзець, як бы яны змаглі такую самую фразу сказаць у твар мне — той, каго яны лічылі найлепшай вучаніцай усіх выпускаў.
Праз паўтара года пасля падзей дзяўчыны не чакалі, што па іх прыйдуць: Таня вучылася ў музычным каледжы і акурат у дзень затрымання збіралася на важную атэстацыю, Яна вучылася ў Маскве на біёлага і прыехала дадому на вакацыі.
— У тую раніцу да мяне каля пад'езда падышоў мужчына, паказаў пасведчанне і ветліва папрасіў прайсці ў машыну, сказаў «трэба пагутарыць», — успамінае Таня. — Я спрасонку нічога не зразумела, тым больш праз хвіліну падляцеў іншы чалавек і пачаў на мяне крычаць, выхапіў з рук тэлефон. Далей яны ўдвух пачалі сілком весці мяне да машыны і туды запіхваць. Наогул іх было 5-6 чалавек, яны патрабавалі аддаць ключы ад кватэры і пагражалі, што знясуць дзверы з завесаў, пагражалі кайданкамі. Мне было страшна.
Пасля гэтага ў кватэры адбыўся ператрус, падчас якога затрымалі яшчэ старэйшую сястру Яну і іх маму — пасля выявілася, што ёй далі 15 сутак за «супраціў»: яна нібы не адчыніла дзверы адразу. На волі засталася толькі трэцяя сястра.
— Я разумела, што, удзельнічаючы ў пратэстах, кожная з нас рабіла выбар самастойна, — кажа Яна. — Таму на той момант была ўпэўненая, што кожная з нас узгадае 2020 год і зразумее, што, мабыць, яно таго каштавала. Я не адчувала на сабе дадатковай віны, хоць больш за ўсё арышт сям'і быў праз тое, што менавіта маю фатаграфію знайшлі першай і я была назіральніцай. Я разумела, што пачуццё віны нічым не дапамагло б, і мая сям'я не будзе мяне вінаваціць, таму адчувала сябе спакойна. У гэтым я не памылілася.
Пасля затрымання сёстраў і іх маму некалькі разоў дапытвалі ў ГУБАЗіК і Следчым камітэце, запісалі «пакаяльныя» відэа з іх удзелам. Тані супрацоўнік міліцыі прапанаваў зрабіць відэа «сабе для справаздачы», якое ад хвалявання давялося перазапісваць сем разоў. Сёстраў дапытвалі паасобку.
"Пакаяльныя" відэа: што яны парушаюць і як уздзейнічаюць на чалавека
— Адзін мужчына дапытваў спакойна, — прыгадвае Таня. — Але ад другога проста несла нянавісцю. Ён спрабаваў зачапіць памацней, нёс нейкую лухту пра маму — ці не п'е яна таблеткі, ці ўсё ў яе добра з галавой. Яны паводзілі сябе так, як быццам я сапраўды крымінальніца — мала таго, што яны занятыя забойцамі і алкаголікамі, дык яшчэ і мы замінаем жыць спакойна. Яны ціснулі пытаннямі ў рэчышчы «Ты ж маладая — вучышся ў каледжы, апошні год застаўся — чым ты думала? Яно табе трэба? Што цябе не задавальняе ў жыцці? Цябе асабіста Лукашэнка пакрыўдзіў?» Я спрабавала данесці, што неабавязкова асабіста Лукашэнку мяне чымсьці крыўдзіць, я проста магу быць нязгоднай, але зразумела, што мае тлумачэнні проста не зразумеюць. З такім абыходжаннем я сапраўды ненадоўга падумала, што я злачынца. Яшчэ яны ствараюць уражанне, як быццам ведаюць пра цябе ўсё — ажно да таго, колькі мама выдаткоўвае кожны месяц на крэдыт.
«Тройчы за ноч мы маглі прачнуцца ад холаду»
Пасля допытаў сёстраў завезлі ў ІЧУ на Акрэсціна — там яны дазналіся, што маці пасадзілі на 15 сутак, а яшчэ — што пачалася вайна. Гэтую навіну паведамілі затрыманыя, якіх прывезлі ўначы з 24 на 25 лютага — у той час новых людзей прыводзілі ў камеру штоночы.
— Вядома, адразу перажываеш за ўкраінцаў, — успамінае Яна. — Але разам з тым быў нават дамешак абстрактнай надзеі, што адбываецца штосьці глабальнае, што можа цалкам пераразмеркаваць палітычныя сілы і станоўча адбіцца на палітвязнях. Зняволенне нават дапамагло мне даць рады навінам, таму што на волі я была б з тых, хто хоча адчувальна дапамагчы, недаацэньвае сваю невялікую дапамогу і ў выніку пакутуе ад бяссілля. Уяўляю, як разрывала гэтае пачуццё людзей звонку. А пакуль ты зняволены, тваё бяссілле ўжо канкрэтнае і “законнае”, у цябе цяпер іншыя задачы.
Спачатку сёстры былі ў розных камерах, але перад рэферэндумам усіх пачалі ўкамплектоўваць, і яны апынуліся ў адным памяшканні.
— Спачатку я была ў камеры на трэцім паверсе, — распавядае Яна. — У адрозненне ад камеры на першым паверсе, там было вельмі холадна. Мы мінімум тройчы за ноч прачыналіся, каб наліць гарачай вады ў бутэлькі — адзіныя рэчы ў камеры, якія ў нас былі, хоць і іх не хапала на ўсіх людзей. Там нас было ад чатырох да 12 дзяўчын у розны час. Яшчэ да мяне ім падкінулі бяздомную жанчыну: як я чула, за дрэнныя паводзіны. І ў яе былі вошы, якія перадаліся і нам. Таму ў нас быў занятак — старанна вычэсваць іх адна ў адной, бо разумелі, што ў СІЗА з вошамі могуць і не перавесці.
З плюсаў першай камеры было тое, што там нас не кусалі клапы. З плюсаў другой — значна цяплей. Аб батарэі можна было апячыся, хоць праз тое, што ўвесь час была адчыненая кармушка, па падлозе заўсёды быў скразняк: калі б нам яе зачынілі, 12 чалавек у камеры проста задыхнуліся б. Дарэчы, навуковая адукацыя дапамагала мне не з'ехаць з глузду ад нуды. Напрыклад, я лічыла колькасць гадзін, якую мы зможам пражыць, калі нам зачыняць кармушку. Атрымлівалася каля двух сутак для чатырох чалавек.
Затрыманы на пратэстах пасля рэферэндума: "У людзях, якія выйшлі ў той дзень, я бачыў адчай і смеласць"
З агульных умоў у абедзвюх камерах былі перапоўненасць, адсутнасць матрацаў, пасцельнай бялізны, сродкаў гігіены і бесперапыннае святло. Плюс да гэтага часам супрацоўнікі ізалятара забывалі абвясціць пад'ём і адбой. Дзяўчаты вызначалі, што надыйшла раніца, калі пераставала быць холадна, або калі праз тоўстае матавае шкло пачынала праглядаць святло.
— А работнікі Акрэсціна — гэта асобны від людзей, — успамінае Таня. — Суцэльны мат, нянавісць у адносінах да прысутных, пытанні ў стылі «Чаму вам не сядзелася дома?» Мы часта чулі, як падчас праверак хлопцаў білі. Амаль кожную ноч ці вечар прыводзілі новых людзей, — успамінае Таня. — Нам увесь час не хапала спальных месцаў, мы спалі па два чалавекі на адной шконцы, хтосьці — на падлозе, хтосьці — на вузкай лаўцы ці вузкім століку. Кагосьці затрымалі за каментар, кагосьці — за рэферэндум, кагосьці — як і нас, за фота з Марша. Самай малодшай арыштаванай было 19 гадоў, старэйшай — 65. Аднойчы ў бабулі падняўся ціск і ёй ледзь змералі яго і далі таблетку.
— Медсястра ў ІЧУ — чалавек, варты асобнага згадвання, — адзначае Яна. — Яна патрабавала да сябе асаблівага стаўлення, называць сябе не медсястрой ці лекаркай, а толькі «доктар». Яна паводзіла сябе так, быццам хоча самасцвярджацца — як і шмат якія іншыя супрацоўнікі ізалятара, дарэчы. Яны маглі без нагоды пачаць павучальныя размовы, спрабавалі данесці сваю філасофію. Часта казалі, што мы проста хочам у Еўропу, а там адны геі, а калі б мы туды паехалі, нас бы згвалтавалі — у іх абсалютна скажонае ўяўленне пра тое, што адбываецца і адбывалася.
«Конь на Валадарачку»
Праз 10 сутак сёстраў перавялі ў СІЗА на Валадарскага. Яна распавядае, што калі ты ведаеш, што ў цябе "крыміналка", то на Акрэсціна чакаеш, каб цябе хутчэй перавялі. Сярод зняволеных нават быў жарт: чакаць вячэрняга каня на Валадарачку. Дзяўчыны распавядаюць, што ўмовы там, у параўнанні з ІЧУ на Акрэсціна, здаліся раем: зняволеныя мелі коўдры, матрацы, пасцельную бялізну, прыходзілі перадачы і лісты.
— Памятаю, бабуля з дзядулем паспелі прывезці перадачу, пакуль я яшчэ была ў «адстойніку», — узгадвае Таня. — Я ўбачыла там дзіцячы малюнак сваёй стрыечнай сястры — і расплакалася. Гэта быў як сімвал сувязі, нітачка, якая злучае цябе з астатнім светам. Таму што там здаецца, што ты жывеш у паралельным свеце, нават час ідзе па-іншаму — значна хутчэй. Там я зразумела, што ў мяне ёсць дзве мэты — захаваць здароўе і не з'ехаць з глузду. У гэтым вельмі дапамагалі фізічныя практыкаванні: розум робіцца халодным. Штодня патрошкі я рабіла зарадку, прысяданні, на ложку выконвала практыкаванні на прэс, ногі і спіну.
Яна згаджаецца з сястрой і дадае, што важным у захаванні фізічнага і ментальнага здароўя для яе было разуменне таго, што яна не можа ўзяць на сябе адказнасць за тое, што не можа змяніць.
— Гэта напраўду быў перыяд практычна поўнай адсутнасці дрэнных эмоцый і перажыванняў, — узгадвае дзяўчына. — У такім рэчышчы з халодным розумам я сапраўды не перажывала за сябе, але перыядычна перажывала за дзядуляў і бабуляў. З другім дапамагала змагацца думка, што праз гэтыя хваляванні нікому не будзе лепш, да таго ж з добрым настроем я магла б іх падтрымліваць: бо нават у лістах моцна счытваецца твой настрой. Дапамагала трымацца атмасфера ў камеры — тое, якія людзі знаходзяцца побач з табой, значна важней за фізічныя ўмовы. Наогул атмасфера ў камеры была спакойнай, але сустракаліся, напрыклад, «сматрылы» — звычайна гэта жанчыны са складаным характарам, якім «свяціў» сур'ёзны тэрмін. Яны любяць кіраваць, і гэта выглядае як дамінаванне ў камеры.
Сёстры адзначаюць, што ў камерах больш за ўсё было палітычных зняволеных — асабліва паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса, на другім і трэцім месцы — моладзь, затрыманая за закладку наркотыкаў паводле арт. 328 КК, і дзяўчыны, якія не ў сілах аплачваць аліменты дзяржаве (арт. 174 КК).
— Я сустракалася з некаторымі палітычнымі, — распавядае Яна. — Напрыклад, з Таццянай Вадалажскай — сацыёлагам, метадолагам, кіраўніком «Лятучага ўніверсітэта». Нам вельмі пашанцавала, што мы праседзелі разам два месяцы. З ёй можна было абмеркаваць любыя тэмы ў прыемных размовах, яна зрабілася для мяне роднай душой. Цяпер яна ў ПУАТ, але я ўпэўненая, што яна пераадолее ўсе складанасці. Іна Глінская — бясконца светлы чалавек, спадзяюся, і пасля прысуду яна не страціць свайго пазітыўнага стаўлення да жыцця. Яна навучыла нас танцавальным рухам з аэробікі, якія потым перадаваліся ў камеры з пакалення ў пакаленне. Лена Лазарчык — актывістка «Еўрапейскай Беларусі», яе 6-гадовага сына забіралі ў прытулак, пакуль яна сядзела на «сутках» яшчэ ў 2020-м. Гэта вельмі моцны чалавек, але я хвалююся за яе стан у калоніі: з ейнай просталінейнасцю і нязменным жаданнем лезці на ражон, хутчэй за ўсё, яна ўвесь час будзе трапляць у карцар. Я сустракала ў калідоры Валерыю Касцюгову і Паўла Белавуса, і хоць у нас не атрымалася пагаварыць, я зразумела, наколькі гэта прыгожыя душой людзі — гэта было бачна нават па іх усмешках. Сустрэча з імі надала мне бадзёрасці, што было вельмі своечасова, перад гэтым была складаная гутарка са следчым. Перад судом я была ў адстойніку з Марфай Рабковай: вонкава здавалася, што яна зусім нядаўна ў зняволенні, яна выглядала добра фізічна і ўвесь час жартавала.
Таня таксама сядзела ў адной камеры з журналісткай Ксеніяй Луцкінай. Яна распавядае, што жанчына была адзінай у камеры экстраверткай, якой увесь час трэба было кантактаваць з іншымі. Ужо ў той час ёй рабілі ўколы штодня і нават збіраліся рабіць аперацыю, але з нейкіх прычынаў перадумалі. Наогул жа сёстры адзначаюць, што ў СІЗА медыцынская дапамога лепшая за ІЧУ: напрыклад, калі Таня моцна апяклася, ёй штодзень рабілі перавязкі. Таксама на "Валадарцы" хваляць стаматолага, але трапіць да яго даволі складана.
— Дачакацца сваёй чаргі да лекара наогул было вялікай праблемай, — дадае Яна. — Дзяўчаты па паўгода чакалі прыём у гінеколага і афтальмолага, напрыклад. Але гэта не параўнаць з узроўнем меддапамогі на Акрэсціна. Абыходжанне супрацоўнікаў таксама было зусім іншым: заўсёды на «вы», ветлівае. Але больш за ўсё напружання стварае тое, што ты не ведаеш, калі па цябе могуць прыйсці на следчыя дзеянні. Спачатку гэта здаецца вельмі нервовым: ты можаш нават займацца чытаннем ці лепкай, але ў кожны момант могуць заскрыгатаць і гучна адчыніцца дзверы — і вось ты ўжо ідзеш на шпацыр, да следчага, адваката і як быццам выдзіраешся са свайго спакойнага балотца і трапляеш у такое варожае асяроддзе. Але і да гэтага чалавек хутка прызвычайваецца.
Яшчэ адным важным заняткам для дзяўчын былі лісты. Ім не дазвалялі перапісвацца паміж сабой як «саўдзельніцам», але ад сваякоў лісты прыходзілі даволі рэгулярна. Таня распавядае, што яе вельмі падтрымлівалі падрабязныя лісты з апісаннем руцінных заняткаў, якія ёй дасылаў дзядуля, яна сама таксама намагалася падбадзёрваць родных, апісваючы свой побыт.
— Калі хочаце падтрымаць незнаёмага чалавека, неабавязкова пісаць пра спачуванне, — упэўненая Яна. — Калі я атрымлівала лісты ў стылі «Трымайся, ты ўсё пераадолееш», мне здавалася, што гэта не зусім пасуе, бо я не «змагалася», я была абсалютна спакойнай і ўпэўненай, мне здавалася, што падтрымка больш патрэбная людзям звонку, якія сапраўды змагаюцца (бегаюць да адвакатаў, скідаюцца на штрафы…) Але важна было атрымліваць розныя карыснасці: практыкаванні, якія можна рабіць у абмежаванай прасторы, масажныя тэхнікі для твару і спіны, размалёўкі-антыстрэс, інструкцыі па маляванні. Вельмі важна вярнуць чалавеку адчуванне прыроды, таму можна дасылаць дэталёвыя апісанні тактыльных рэчаў у прозе і вершах — напрыклад, ветру, прыліваў. Там няма прыроды, нават на шпацыры мы бачылі адзіную травінку, якая прабілася ў камені. А калі чалавек толькі што прыехаў, можна адправіць яму спіс кніг, якія ёсць у бібліятэцы: не ва ўсіх камерах ёсць з досведам сабраны спіс кніг у СІЗА, таму часта можна толькі адгадваць, каго замовіць. Там вельмі адчуваецца інфармацыйны голад. Вядома, у чыстым выглядзе навіны ад вас не прапусцяць, але хаця б невялікія раздрукаваныя артыкулы з гісторыі/літаратуры ці з галіны спецыяльнасці чалавека можна паспрабаваць даслаць. Напрыклад, нам дайшлі лісты з біяграфіяй Блока і кароткай гісторыяй ВКЛ. Лепш адпраўляйце такія тэксты асобным лістом, не перамешваючы з тэкстам, у які вы ўклалі душу. Таму што з вялікай імавернасцю не прапусцяць, асабліва калі было згадванне вайны (любой, нават Першай сусветнай).
«Складаецца ўражанне, што яны ўсюды, і ўсюды цябе змогуць знайсці»
Праз тры месяцы пасля зняволення ў сёстраў быў разгляд справы. Усю дарогу да будынка суда і паўтара сутак пасяджэнняў дзяўчыны правялі ў кайданках, што ціснула псіхалагічна.
— Для мяне гэта было пераломным адчуваннем, — успамінае Яна. — Яшчэ першага чэрвеня да мяне ставіліся як да злачынцы: я ў кайданках у клетцы, вакол яе стаіць некалькі ўзброеных людзей, якія абараняюць ад мяне навакольных. А на наступны дзень я прыйшла ў суд азнаёміцца з матэрыяламі справы і размаўляла з той жа памочніцай суддзі, знаходзячыся ад яе праз паўметра. У мяне не ўкладаліся ў галаве гэтыя правілы гульні, хоць мне здавалася, што ў мяне досыць гнуткае мысленне.
Дзяўчына ўспамінае, што суд выглядаў як манатоннае выкананне сваёй працы людзьмі, якім ахвота, каб гэта хутчэй скончылася. Галоўнай падзеяй для сёстраў зрабілася зеляніна, якую яны не бачылі ўжо некалькі месяцаў і змаглі разгледзець толькі ў акно залы судовага пасяджэння.
— Пракурор задаваў пытанні, суддзя не "тапіў", — кажа Яна. — Ён з цікавасцю гартаў мае граматы, перыядычна бачыў на іх подпісы Лукашэнкі і глядзеў на мяне са здзіўленнем. Я нават падумала, ён да мяне прасякнуўся, але ў выніку далі такія тэрміны, якія запатрабаваў пракурор.
Пасля выхаду з СІЗА сёстры думалі пра тое, каб адбыць "хімію", але праз пару дзён пасля іх суда ў кватэру зноў наляцеў ператрус — гэтым разам супрацоўнікі ГУУС шукалі іх трэцюю сястру і маму, якія паспелі з'ехаць з краіны. У той момант Таня пераканалася, што трэба з'яжджаць, таму што не зможа быць у бяспецы ў Беларусі.
— Складаецца ўражанне, што яны ўсюды, і ўсюды цябе змогуць знайсці, — кажа Таня. — Я пачала баяцца гэтага пасля паўторнага ператрусу. Мяне моцна накрыла праз паўтара месяца пасля выхаду, калі я была ўжо ў бяспецы, каля месяца я была ў складаным стане, але прапрацавала гэтыя моманты з псіхолагам і цяпер усё ў парадку.
Псіхалагічная дапамога: Цяжкасці адаптацыі палітвязняў і спосабы ім дапамагчы
Сёстрам давялося адлічыцца са сваіх навучальных устаноў: Яна вучылася на біяхіміка, Таня — на скрыпачку. Зараз дзяўчыны будуць пачынаць вучобу нанова, але вырашылі змяніць спецыяльнасці.
— Нягледзячы на тое, што ў каледжы ўсе за мяне перажывалі — плакалі нават тыя выкладчыкі, якіх я лічыла жалезабетоннымі людзьмі, — давучыцца мне не далі, — кажа Таня. — Першыя часы было крыўдна, што мне не хапіла тых "адседжаных" трох месяцаў, каб атрымаць дыплом. Але цяпер я не шкадую: з ім я ўсё адно не змагла б працаваць у той краіне, дзе цяпер знаходжуся, для гэтага трэба вышэйшая адукацыя. Я вырашыла памяняць сферу дзейнасці, таму што зразумела, што музыка мне не прыносіць шчасця. Арышт зрабіўся для мяне тым момантам, які даў магчымасць паглядзець на сваё жыццё з боку. У СІЗА я пачала маляваць просценькія малюначкі, а зараз я ўжо вучуся маляваць партрэты, паступіла ў арт-школу.
— Думаю, у бліжэйшы год я дакладна буду за мяжой, нават калі заўтра штосьці памяняецца, — упэўненая Таня. — Знаходзячыся за межамі Беларусі, я пачала разумець, што па атмасферы наша краіна — гэта балота, і выбудоўваць там жыццё па новай будзе цяжка для мяне. Да гэтага я пакуль не гатовая. Праз пару гадоў мне б хацелася вярнуцца. Калі я планавала з'язджаць з Мінска, але не ведала дакладнай даты, тады кожная сустрэча са сваякамі была як апошняя, як нажом па сэрцы. Вось я з'ехала і разумею, якая з іх была апошняй.
- Малюнкі Тані
- Малюнкі Тані
Яна збіраецца вярнуцца ў Беларусь, як толькі такая магчымасць з'явіцца. Дзяўчына распавядае, што і цяпер тэма рэпрэсій у краіне яе не адпускае.
— Адразу пасля выхаду я заўважыла за сабой крайнасць, — успамінае дзяўчына. — Мне хацелася здзяйсняць вялікія гераічныя ўчынкі, каб неяк паўплываць на сітуацыю: калі я пачала чытаць навіны і думаць пра палітвязняў, якія засталіся ў Беларусі, мне складана было супаставіць свае сілы і жаданне дзейнічаць. Мне здавалася, маленькіх дзеянняў у духу дапамогі сваякам палітвязняў недастаткова. Пасля гэтага надыйшла другая крайнасць — пасіўнае бяссілле: я проста гартала навіны, і гэта спараджала самаедства, якое выклікала злосць на сябе і навакольных. Я адсачыла ў сабе, што перажываць за іншых робіцца выгадным, таму што яно дае адчуванне, што ты добры і эмпатычны чалавек, які можа спачуваць. Але калі ты пасіўна спажываеш чужыя беды, гэта шкодзіць тваёй псіхіцы, таму я абмежавала сябе ў часе чытання навін. Гэта не пра абыякавасць да людзей, а пра спакойнае ўзважанае стаўленне і клопат пра свой рэсурс.
І гэта ж пры тым, што калі я знаходзілася ўнутры, больш за ўсё мне хацелася перадаць вонкі думку пра тое, каб людзі так моцна не перажывалі за тых, хто ўнутры: калі мы не кажам пра выпадкі галадоўкі ці карцара, у зняволенні не так страшна, там ідзе звычайнае жыццё. І зняволеным абсалютна не лягчэй, калі вы забіваецеся. Але я выйшла і разумею, што забылася на свае ж думкі і дазваляю сабе ірацыянальна моцна перажываць. І цяпер мне цяжка нанова адаптоўвацца і знайсці аргументы для сябе, як сябе суадносіць з тым болем, якая адбываецца ў Беларусі. Бо за час арышту для мяне іншыя зняволеныя зрабіліся асабліва роднымі.
Крыніца: "Усе разам пойдзеце пад суд": гісторыя пераследу цэлай сям'і