06.02.2023 Тэгі: суды, палітвязні, ціск, рэпрэсіі Сёння, шостага лютага 2023 года, у Мінгарсудзе распачаўся суд над палітзняволенымі Валерый Касцюговай і Таццянай Кузінай.

У залежнасці ад ролі кожнай іх абвінавачваюць па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 357 (Дапамаганне дзеянням, учыненым з мэтай захопу ўлады), ч. 3 арт. 361 (Заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы) і ч. 3 арт. 130 (Распальванне іншай сацыяльнай варожасці). Сёння іх справу пачынае разглядаць суддзя Мінгарсуда Дзіна Кучук.

Дачка Валерыі Касцюговай Настасся апублікавала фотаздымак маці на судовым пасяджэнні. 

Былая палітзняволеная Яна Барысовіч распавядала пра сустрэчу з Валерыяй Касцюговай у калідорах СІЗА:

— Я сустракала ў калідоры Валерыю Касцюгову і Паўла Белавуса, і хоць у нас не атрымалася пагаварыць, я зразумела, наколькі гэта прыгожыя душой людзі — гэта было бачна нават па іх усмешках. Сустрэча з імі надала мне бадзёрасці, што было вельмі своечасова, перад гэтым была складаная гутарка са следчым. 

Калектыў SYMPA/BIPART выпусціў зварот, у якім патрабуе спыніць пераслед калегаў-экспертак, праца якіх не можа быць падставай для выстаўленьня супраць іх крымінальных і любых іншых абвінавачанняў. Яны заявілі, што экспертная, выкладчыцкая, а таксама любая іншая прафесійная дзейнасць, якой займаліся Таццяна Кузіна і Валерыя Касцюгова, не мае і не можа мець нічога агульнага з дадзенымі крымінальнымі артыкуламі і ўказанымі ў іх злачынствах. Дзейнасць Таццяны Кузінай і Валерыі Касцюговай заўсёды была звязаная выключна з выкананнем імі сваіх прафесійных абавязкаў. 

Валерыя Касцюгова — паліталагіня, заснавальніца і рэдактарка сайта экспертнай супольнасці «Наша меркаванне», рэдактарка і аўтарка «Беларускага штогодніка» і кіраўніца групы экспертаў па маніторынгу «Беларусь у фокусе». Яе затрымалі 30 чэрвеня 2021 года.

Таццяна Кузіна — сузаснавальніца школы маладых менеджараў публічнага адміністравання Sympa, экспертка даследчага праекта bipart. Была затрымана ў Мінску ўначы з 28 на 29 чэрвеня 2021 года ў мінскім аэрапорце пры праходжанні пашпартнага кантролю.

Крыніца: Пачаўся суд над палітзняволенымі Валерыяй Касцюговай і Таццянай Кузінай