07.02.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед У судзе Ленінскага раёна Мінска 13 студзеня асудзілі Дзмітрыя Бурага паводле ч. 1 арт. 342 (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) Крымінальнага кодэкса. Суддзя Марына Клімчук прызначыла Дзмітрыю тры гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (“хатняй хіміі”).
Мужчыну абвінавацілі ў тым, што ён некалькі разоў удзельнічаў у Мінскіх акцыях пратэсту, выходзіў на праезную частку праспекта Незалежнасці, чым блакаваў рух грамадскага транспарту.
Паводле меркавання суда, тым, што Дзмітрый Буры прыняў удзел у акцыі пратэсту, ён і іншыя удзельнікі “працягла парушалі грамадскі пакой, абмежавалі права дабрапрыстойных грамадзянаў на спакойны труд, адпачынак і вольнае перамяшчэнне, то бок груба парушылі грамадскі парадак”.
У пастанове асобна адзначаецца, што Дзмітрый сфатаграфаваўся на праезнай частцы з нацыянальным сцягам.
Мужчыну апазналі па фотаздымках і відэазапісах з пратэстаў, якія сілавікі знайшлі ў яго мабільным тэлефоне.
Дзмітрый Буры мае сярэдне-спецыяльную адукацыю, працаваў індывідуальным прадпрымльнікам.