07.02.2023 Тэгі: крымінальны пераслед, рэпрэсіі, карткі Пералік арганізацый і фізічных асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці, цяпер вядомы як "спіс тэрарыстаў", з'явіўся яшчэ ў 2011 годзе. Першапачаткова ён выкарыстоўваўся дзеля выканання міжнародных абавязальніцтваў па барацьбе з тэрарызмам, і ў яго заносілі імёны тэрарыстаў, якіх шукалі на міжнародным узроўні. Да прававога дэфолту ў Беларусі там знаходзіліся толькі замежныя грамадзяне, але ўвосень 2020 года "спіс тэрарыстаў" улады пачалі выкарыстоўваць як рэпрэсіўны інструмент супраць іншадумцаў. Цяпер у ім лік беларусаў і беларусак, якія пераследваюцца паводле палітычных матываў, ідзе на трэцюю сотню. "Вясна" тлумачыць, каго ўключаюць у "спіс тэрарыстаў", якія абмежаванні цягне статус "тэрарыста", і адказвае на іншыя актуальныя пытанні на гэтую тэму.
Дзе знайсці "спіс тэрарыстаў"?Рашэнне аб уключэнні ў "спіс тэрарыстаў" прымае Камітэт дзяржаўнай бяспекі (КДБ) Беларусі. Ведамства і вядзе яго. Пералік арганізацый і фізічных асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці, публікуецца на на сайце Камітэта дзяржаўнай бяспекі. Майце на ўвазе, што з-за мяжы гэты сайт не адкрываецца. Праваабаронцы "Вясны" сочаць за абнаўленнямі Спісу і інфармуюць пра змены ў ім праз свае сацсеткі і сайт. |
Каго ўжо ўключылі ў "спіс тэрарыстаў"?Першымі, каго ўключылі ў "спіс тэрарыстаў" паводле палітычных матываў, з'яўляюцца заснавальнік NEXTA Сцяпан Пуціла і галоўны рэдактар Раман Пратасевіч. Гэта адбылося ў лістападзе 2020 года, калі сілавікі амаль здушылі масавыя вулічныя пратэсты. Увесну 2021 года КДБ уключыў паводле абвінавачвання ў "акце тэрарызму" 16 асобаў, якія знаходзяцца за межамі Беларусі. Сярод іх, напрыклад, дэмакратычная лідарка Святлана Ціханоўская, палітык Павел Латушка, блогер Антон Матолька, прадстаўнікі BYPOL Аляксандр Азараў і Станіслаў Лупаносаў. Яшчэ да суда КДБ уключыў у Спіс фігурантаў такіх гучных спраў: "анарха-партызан", "справы Аўтуховіча","АГСБ", "Буслы ляцяць", "рэйкавых партызан", ЧКБ, "спробу падпалу дома дэпутата Гайдукевіча". У "спіс тэрарыстаў" уключылі такіх вядомых палітзняволеных: Марыю Калеснікаву, адваката Максіма Знака, галоўную рэдактарку TUT.BY Марыну Золатаву і былую гендырэктарку Людмілу Чэкіну, студэнтку Дануту Перадню, актывіста Паўла Вінаградава, блогераў Сяргея Ціханоўскага і Ігора Лосіка, доктара Андрэя Любецкага, экс-пракурора Яўгена Бабака, журналістаў Анджэя Пачобута, Алену Талкачову і Вольгу Лойку (пасля таго як ім змянілі меры стрымання на нязлучаныя з пазбаўленнем волі), юрыста з ЗША Юрыя Зянковіча. Былі выпадкі, калі КДБ уключаў у спіс палітвязняў, якія ўжо адбылі свае тэрміны і выйшлі на волю. Напрыклад, гэта настаўніца музыкі з Ліды Аксана Каспяровіч і жыхар Навагрудка Дзяніс Кірэшчанка. |
На якіх падставах уключаюць у "спіс тэрарыстаў"?Падставы для ўключэння ў Пералік прадугледжвае Пастанова Савета Міністраў ад 30 снежня 2014 № 1256 "Аб зацвярджэнні палажэння аб парадку вызначэння пераліку арганізацый і фізічных асоб, у тым ліку індывідуальных прадпрымальнікаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці, абскарджанні рашэння аб уключэнні арганізацыі, фізічнай асобы, у тым ліку індывідуальнага прадпрымальніка, у такі пералік і разгляду іншых зваротаў гэтых арганізацыі, фізічнай асобы, у тым ліку індывідуальнага прадпрымальніка, давядзення гэтага пераліку да ведама асобаў, якія здзяйсняюць фінансавыя аперацыі, і органа фінансавага маніторынгу". Паводле п. 5 Пастановы, у "спіс тэрарыстаў" уключаюць абвінавачаных і асуджаных грамадзян Беларусі, асоб без грамадзянства і грамадзян замежных дзяржаў паводле 25 артыкулаў Крымінальнага кодэкса. Вось артыкулы з гэтага спісу, якія ўлады Беларусі выкарыстоўваюць у барацьбе з іншадумцамі: Артыкул 130. Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечыАртыкул 289. Акт тэрарызмуАртыкул 290. Пагроза здзяйсненнем акту тэрарызмуАртыкул 290-1. Фінансаванне тэрарыстычнай дзейнасціАртыкул 290-2. Садзейнічанне тэрарыстычнай дзейнасціАртыкул 290-4. Стварэнне арганізацыі для ажыццяўлення тэрарыстычнай дзейнасці або ўдзел у ёйАртыкул 290-5. Арганізацыя дзейнасці тэрарыстычнай арганізацыі і ўдзел у дзейнасці такой арганізацыіАртыкул 292. Захоп будынкаў і збудаванняўАртыкул 293. Масавыя беспарадкіАртыкул 309. Наўмыснае прывядзенне ў непрыдатнасць транспартнага сродку ці шляхоў зносін (частка 4)Артыкул 359. Акт тэрарызму ў дачыненні да дзяржаўнага ці грамадскага дзеячаАртыкул 361. Заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў |
А ці не парушае прэзумпцыю невінаватасці ўключэнне ў "спіс тэрарыстаў" да суда?Так, гэта парушэнне аднаго з асноўных прынцыпаў крымінальнага працэсу. У адпаведнасці з артыкулам 26 Канстытуцыі, ніхто не можа быць прызнаны вінаватым у злачынстве, калі яго віна не будзе ў прадугледжаным законам парадку даказаная і вызначаная прысудам суда, які набыў законную моц. Датычнасць чалавека да тэрарыстычнай дзейнасці, а гэта значыць да здзяйснення ім шэрагу злачынстваў паводле адпаведных артыкулаў Крымінальнага кодэкса, можа быць вызначаная толькі прысудам суда. КДБ у "спіс тэрарыстаў" часта ўключае абвінавачаных, у дачыненні да якіх нават яшчэ не пачаўся судовы разгляд. Таму ўключэнне ў "спіс тэрарыстаў" да суда парушае прэзумпцыю невінаватасці гэтых асобаў, бо іх віна паводле гэтых артыкулаў Крымінальнага кодэкса не вызначаная прысудам суда. |
Ці наогул неяк рэгламентавана, каго ўключаюць да суда, а каго — паводле прысуду?Не. Як паказвае практыка, Пастанова ўжываецца выбарча, і далёка не ўсе з тых, хто можа быць занесены ў "спіс тэрарыстаў", туды трапляюць. Гэта адбываецца хаатычна на розных этапах. |
Якія ёсць абмежаванні для тых, каго ўнеслі ў "спіс тэрарыстаў"?Гэта фінансавыя абмежаванні. Забарона на распараджэнне і карыстанне грашовымі сродкамі, а таксама на правядзенне фінансавых аперацый, напрыклад, адмова ў правядзенні дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомай маёмасці, правоў на яе і здзелак з ёй, рэгістрацыі здзелкі з каштоўнымі паперамі, засведчанні здзелкі, ажыццяўленне натарыяльнага дзеяння, якое адносіцца да фінансавай аперацыі. *Пад фінансавай аперацыяй маецца на ўвазе здзелка са сродкамі незалежна ад формы і спосабу яе ажыццяўлення. |
А якія менавіта абмежаванні цягне ўключэнне ў "спіс тэрарыстаў" для тых, хто на волі, і тых, хто ў зняволенні?Зняволенаму, якога уключылі ў "спіс тэрарыстаў", забаронены грашовы перавод у следчы ізалятар і калонію. На пошце яго проста не прымуць — у базе ёсць адпаведная пазнака. Адзначым, што неяк дадаткова на прафілактычныя ўлікі зняволеных у ізалятарах і калоніях не ўплывае ўключэнне іх у "спіс тэрарыстаў". На прафілактычны ўлік як "схільных да экстрэмісцкай і іншай дэструктыўнай дзейнасці" ставяць практычна ўсіх фігурантаў палітычна матываваных спраў незалежна ад "спісу экстрэмістаў" і "спісу тэрарыстаў". Асобы, якія знаходзяцца на волі і ўключаныя ў гэты "спіс тэрарыстаў", маюць фінансавыя абмежаванні: напрыклад, ім нельга прадаць кватэру. |
Ці ёсць наступствы для тых, хто адпраўляе пасылкі і лісты палітвязням, якія ўключаныя ў "спіс тэрарыстаў"?Наступстваў няма. На гэты момант праваабаронцы "Вясны" не зафіксавалі ніводнага факту пераследу такіх асобаў. Год таму праваабаронца Наста Лойка хацела перавесці 50 рублёў знаёмаму, які знаходзіцца пад вартай у СІЗА і ўключаны ў "спіс тэрарыстаў". На пошце яе перавод не прынялі, а пашпарт дзяўчыны трапіў пад адмысловы кантроль праз "спробу фінансавання тэрарызму(арт. 290-1 КК). Аднак ніякіх прававых наступстваў гэта не пацягнула. Маці гэтага ж хлопца спрабавала перавесці яму грошы з моманту яго затрымання ў канцы 2020 года, але ў яе ні разу не атрымалася гэтага зрабіць. Ужо пасля гісторыі праваабаронцы жанчына ўзгадала, што ёй таксама штосьці казалі пра фінансаванне тэрарыстычнай дзейнасці. |
Ці могуць асобу выключыць са "спісу тэрарыстаў"?Так, можа КДБ. Пералік падстаў даволі шырокі. Паводле п. 6 Пастановы падставамі для выключэння фізічнай асобы з пераліку з'яўляюцца:
|
А ці было такое на практыцы?Так, такія выпадкі былі. У лютым 2021 года КДБ унёс у "спіс тэрарыстаў" 12 чалавек з "групы Аўтуховіча", у тым ліку актывіста з Баранавічаў Уладзіміра Гундара, які мае інваліднасць другой групы, і Антона Мельхера. Іх затрымалі ў снежні 2020 года паводле "справы Аўтуховіча" — нібы за падрыхтоўку тэракту. Спачатку іх абвінавачвалі, як і іншых фігурантаў справы, згодна з артыкулам 289 Крымінальнага кодэкса (акт тэрарызму), але пазней гэты артыкул быў зняты. З прычыны таго, што крымінальны пераслед паводле артыкула, які з'яўляўся падставай для ўключэння Уладзіміра і Антона ў Спіс, быў спынены, КДБ выключыў іх з Пераліку. Ім ізноў былі дазволены грашовыя пераводы. Гундара абвінавачвалі паводле ч. 1 арт. 285 КК (стварэнне злачыннай арганізацыі) і ч. 2 арт. 357 КК (замах на захоп дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам). Антона — паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса па "справе карагодаў". Пераслед паводле гэтых артыкулаў не з'яўляецца падставай для ўключэння актывіста ў Спіс тэрарыстаў. 17 кастрычніка 2022 года Гродзенскі абласны суд агучыў прысуд фігурантам справы. Суддзя Максім Філатаў прызначыў Гундару 18 гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму і 800 базавых велічыняў штрафу (25 600 рублёў). Антона Мельхера асудзілі да двух гадоў і шасці месяцаў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Яго вызвалілі ў зале суда, бо залічылі тэрмін утрымання пад вартай. |
А што думаюць праваабаронцы пра "спіс тэрарыстаў"?Праваабаронца "Вясны" Павел Сапелка адзначае, што такім чынам улады маніпулююць міжнароднымі стандартамі ў галіне барацьбы з тэрарызмам у сваіх рэпрэсіўных мэтах:
|
Ці можна абскардзіць уключэнне ў "спіс тэрарыстаў"?Так, можна. У выпадку нязгоды з прынятым Камітэтам дзяржаўнай бяспекі рашэннем аб уключэнні ў Пералік, фізічныя асобы могуць абскардзіць такое рашэнне ў суд. У гэтым могуць дапамагчы юрысты "Вясны" — напішыце на пошту Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду. або ў Telegram @zvarot96. |
Калі ў вас засталіся пытанні, пішыце на пошту "Вясны" – Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду. або ў Telegram @Spring96info
Крыніца: "І цяпер я бел-чырвона-белы тэрарыст". Адказваем на пытанні пра "спіс тэрарыстаў"