07.02.2023 Тэгі: пераслед, ціск, экстрэмізм Згодна са звесткамі Праваабарончага цэнтра "Вясна", па вяртанні дадому ў 2022 годзе затрымалі мінімум 58 чалавек. Сёлета ў студзені ў Беларусі абвясцілі пра стварэнне камісіі, якая будзе разглядаць пытанне вяртання дадому тых, хто паводле палітычных прычынаў пакінуў Беларусь пасля падзей 2020 года. Распавядаем, што цяпер вядома пра гэтую камісію, а юрыст "Вясны" каментуе такую прапанову ўладаў.
Што цяпер вядома пра камісію і ўмовы вяртання?
У склад міжведамаснай камісіі будуць уключаны прадстаўнікі грамадскасці, дэпутацкага корпусу, службовыя асобы дзяржаўных органаў, а ўзначаліць яе генеральны пракурор.
Да разгляду будуць прымаць звароты грамадзян, якія здзейснілі правапарушэнні з 1 студзеня 2020 года. Падаваць звароты можна будзе да 31 снежня 2023 года ў пісьмовай (220030, г. Мінск, вул. Інтэрнацыянальная, 22) ці электроннай форме (Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.).
Адзначаецца, што ў звароце павінна быць адлюстравана інфармацыя пра прычыны, праз якія грамадзянін пакінуў тэрыторыю Беларусі, акалічнасці, у сувязі з наяўнасцю якіх асоба мяркуе, што можа быць прыцягнутая да адміністрацыйнай і (ці) крымінальнай адказнасці, жаданне вярнуцца ў Рэспубліку Беларусь і гатовасць пасля вяртання выконваць патрабаванні заканадаўства, паважаць дзяржаўныя сімвалы і нацыянальныя традыцыі краіны. Калі сцісла: прапануецца "пакаяцца, прызнаць віну" і вярнуцца дадому.
Паведамляецца, што звароты будуць разглядацца камісіяй па сутнасці ў тэрмін не пазней за два месяцы са дня іх паступлення. Аднак пры неабходнасці старшыня камісіі мае права працягнуць гэты тэрмін да трох месяцаў.
Па выніках разгляду зваротаў на пасяджэнні камісіі шляхам адкрытага галасавання простай большасцю галасоў будзе прынята адно з чатырох наступных рашэнняў:
- чалавеку скажуць, што ў дачыненні да яго на дату звароту ў камісію няма распачатай адміністрацыйнай ці крымінальнай справы;
- палічаць мэтазгодным адмяніць абраную ў дачыненні да асобы меру стрымання ці замяніць яе мякчэйшай;
- закрыюць крымінальную ці адміністрацыйную справу;
- апавясцяць грамадзяніна пра яго працэсуальнае становішча паводле адміністрацыйнай ці крымінальнай справы.
Падкрэсліваецца, што рашэнне камісіі з'яўляецца канчатковым. Аднак у выпадку непрыбыцця грамадзяніна ў Рэспубліку Беларусь у трохмесяцовы тэрмін з даты накіравання яму апавяшчэння рашэнне камісіі страчвае моц, адзначаюць у Генпракуратуры.
Што думае пра гэта юрыст "Вясны"?
"Стварэнне камісіі па вяртанні тых, хто з'ехаў, назад у Беларусь, — гэта не толькі пастка, але і чарговы крок уладаў у напрамку таго, каб надаць легітымнасць дзейснай уладзе праз стэрыльныя працэдуры выбарчых кампаній 2024 і 2025 гадоў. У заявах афіцыйных асобаў з нагоды стварэння гэтай камісіі ёсць шэраг дэталяў, якія могуць паказваць на сапраўдныя матывы стварэння такога "прадукту бюракратычнай машыны".
Па-першае, галоўная дзейсная асоба ў ёй — гэта генеральны пракурор. Пры гэтым віну чалавека ў здзяйсненні таго ці іншага злачынства можа вызначыць толькі судовая галіна ўлады. Генеральны пракурор з'яўляецца элементам выканаўчай улады.
Па-другое, праваабаронцы з асцярогай успрымаюць сцвярджэнні пра тое, што для вяртання тым, каго абвінавачваюць у пратэснай дзейнасці, неабходна пакаяцца, прычым публічна. Практыка "пакаяльных" відэа — гэта пазаправавая катэгорыя, бо стаўленне чалавека да здзейсненага ім учынку выяўляецца ў прызнанні ці непрызнанні ім сваёй віны падчас допыту ў кабінеце следчага ці падчас судовага следства.
Па-трэцяе, гэтыя сцвярджэнні афіцыйных асобаў пра тое, што ў дачыненні да грамадзянаў, якія вярнуліся, ёсць дастаткова прававых інструментаў, не злучаных з пазбаўленнем ці абмежаваннем волі. На практыцы праваабаронцы часта назіраюць, як грамадзянам, якіх некалькі месяцаў пратрымалі ў СІЗА паводле абвінавачвання па "народным" артыкуле 342 Крымінальнага кодэкса, суд выносіць пакаранне ў выглядзе "хатняй хіміі". Але апошнія два з паловай гады глыбокага крызісу правоў чалавека ў Беларусі паказалі, што ў распараджэнні ўладаў хапае арсеналу мер, каб стварыць чалавеку невыносныя ўмовы, спалучаныя з адбываннем "хатняй хіміі", у выглядзе шматлікіх праверак і пагрозаў узмацнення жорсткасці пакарання, якія, па сваёй сутнасці, уяўляюць адміністрацыйную працэдуру.
Па-чацвёртае, тэрміны дзеяння дадзенай камісіі да 31 снежня 2023 года, а таксама тэрмін дзеяння дакумента ў тры месяцы, з якім нібы можна перасякаць дзяржаўную мяжу, сведчаць пра тое, што ні пра якую палітычную амністыю і лібералізацыю гаворкі не ідзе. Гэтую працэдуру варта разглядаць у адным шэрагу дзеянняў уладаў, як і рашэнне пра тое, што беларусы не змогуць выказаць сваё волевыяўленне на выбарчых участках за мяжой.
Пра нейкія ўскосныя прыкметы таго, што беларускія ўлады вырашылі пайсці на змякчэнне рэпрэсіўных практык, можна меркаваць толькі ў тым выпадку, калі навінавыя стужкі беларусаў перастануць напаўняцца паведамленнямі пра штодзённыя затрыманні іх суайчыннікаў паводле палітычных матываў. І далей можна ісці па спісе: вызваленне палітвязняў, адмена ўсіх "антыэкстрэмісцкіх" мер і абмежаванняў у дачыненні да нефармальных супольнасцяў, спыненне катаванняў і здзекаў у дачыненні да грамадзян, змешчаных ва ўстановах пенітэцыярнай сістэмы.
Стварэнне камісіі па вяртанні грамадзян назад у Беларусь — гэта не што іншае, як спроба абгрунтаваць, чаму будучыя выбарчыя працэдуры неабходна лічыць легітымнымі па факце іх правядзення. Бо маніпуляцыі з колькасцю тых, хто эміграваў за мяжу, ужо цяпер паказваюць намеры ўладаў у будучыні заявіць пра тое, што лічбы на выбарчых участках адлюстроўваюць рэальнае волевыяўленне беларускага народа. А на аргументы пра тое, што значная частка насельніцтва, якая эмігравала праз пагрозу рэпрэсій, выцесненая за межы краіны, улады будуць заяўляць: ну мы ж давалі ім магчымасць вярнуцца ў межах вызначанай працэдуры. Дый лічбы тых, хто з'ехаў, як запэўніваюць улады, могуць складаць статыстычную хібнасць, якая прынцыпова не ўплывае на волевыяўленне ўсяго народа.
Наогул можна зрабіць выснову, што беларускія ўлады маюць намер працягваць рэпрэсіўную палітыку ў дачыненні да сваіх апанентаў усярэдзіне краіны, а камісія па вяртанні беларусаў, якая будзе дзейнічаць на працягу 2023 года, — гэта падрыхтоўка да электаральных кампаній, пасля якіх улады маюць намер пазбавіць свайго галоўнага канкурэнта ў выгнанні легітымнасці, правядучы стэрыльныя выбары".
Мінімум 58 затрыманых: як і за што пераследуюць беларусаў, якія вяртаюцца дадому з-за мяжы