08.02.2023 Тэгі: крымінальны пераслед, палітвязні У Гродзенскім абласным судзе 8 лютага ў 14-30 будзе вынесены прысуд вядомаму гарадзенскаму журналісту і сябру "Саюзу палякаў Беларусі" Андрэю Пачобуту.
Судовы працэс, які пачаўся 16 студзеня, вядзе суддзя Дзмітрый Бубенчык.
Палітзняволенага журналіста абвінавачваюць у закліках да дзеянняў абмежавальнага характару, якія скіраваныя на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь (ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэксу), а таксама ў распальванні іншай сацыяльнай варожасці (ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэкса).
Андрэй Пачобут быў затрыманы 25 сакавіка 2021 года ў Гародні пасля ператрусу ў сваім доме. Затым яго даставілі ў Цэнтральны апарат Следчага камітэту ў Мінску, дзе адбыўся допыт. Яго пакінулі пад вартай у СІЗА-1 на Валадарскага напачатку ў статусе падазраванага па крымінальнай справе паводле ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэксу. Пазней быў пераведзены ў жодзінскую следчую турму № 8. Зараз - у турме №1 Гародні.
Журналісту можа пагражаць ад 5 да 12 год пазбаўлення волі.
У абвінавачанні супраць журналіста гаворыцца, што Пачобут у медыях назваў агрэсіяй напад СССР на Польшчу ў 1939 годзе. Акрамя гэтага яму інкрымінавалі заявы ў абарону польскай меншасці ў Беларусі, артыкулы ў Gazeta Wyborcza пра беларускія пратэсты ў 2020-м і тэкст у Magazyn Polski, напісаны ў 2006 годзе і прысвечаны Анатолю Радзівоніку, аднаму з камандзіраў польскага антыкамуністычнага падполля на Гродзеншчыне. Таксама вядома, што ўвосень 2021 года Пачобут адмовіўся пісаць прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі.
4 кастрычніка 2022 г. КДБ дадаў журналіста ў "Спіс асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці".
Судовы працэс праходзіў у закрытым рэжыме. Абвяшчэнне прысуду - адкрытае.
Крыніца: У Гродна будзе вынесены прысуд журналісту Андрэю Пачобуту