08.02.2023 Тэгі: крымінальны пераслед, пераслед, затрыманні У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 6-7 лютага 2023 года збірае факты палітычнага пераследу беларусаў – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Палітзняволеную Вікторыю Кульшу зноў будуць судзіць за "злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі"

У гомельскай жаночай калоніі на выязным пасяджэнні 14 чэрвеня разглядзелі крымінальную справу палітзняволенай па ч. 1 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы). Суд прызначыў Вікторыі ў дадатак да 2,5 гадоў калоніі яшчэ адзін год зняволення.

Вікторыя Кульша

Стала вядома, што Кульшу зноў будуць судзіць паводле ч. 2 арт. 411 КК, але гэтым разам — за непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі ў Зарэччы, дзе яна знаходзіцца са жніўня. Вядома, што па прыбыцці ў калонію яе змяшчалі ў ШІЗА, а потым перавялі ў ПКТ.

Нагадаем, інжынерку па ахове працы затрымалі 4 лістапада 2020 года за тое, што яна адміністравала тэлеграм-канал і чат «Кіроўцы 97%». У лютым 2021 года Вікторыю асудзілі да 2,5 гадоў калоніі.

За падтрымку Украіны затрымалі мужчыну з Рэчыцы — па даносе з чат-рулеткі

Жыхару Рэчыцы Тарасу Гапоненка ўчора споўнілася 49 гадоў. За некалькі дзён да гэтага ён меў няшчасце пагутарыць з чат-рулеткавым правакатарам Юрыем Комарам.

У відэа Тарас кажа, што падтрымлівае Украіну і яе нацыянальных герояў, а таксама жадае ёй перамогі. ГУБАЗіК сцвярджае, што за гэта яму пагражае крымінальная справа за «распальванне варожасці», піша «Наша Ніва".

Баранавіцкі актывіст Чарнавус-малодшы затрыманы па крымінальнай справе

Як стала вядома яго бацьку, Мікалаю Чарнавусу-старэйшаму, сына пасля трох сутак не адпусцілі, бо адмістрацыйная справа перацякла ў крымінальную.

Якая можа быць крымінальная справа Чарнавус-старэйшы нават і ўявіць сабе не можа. За акцыі сын пакараны. Летам 2021 яго арыштоўвалі на тры дні, а затым пакаралі штрафам у 20 базавых, піша "Берасцейская Вясна".

Як Мікалаю Чарнавусу расказалі сведкі затрымання яго сыну, 2 лютага 10 міліцыянтаў прабіраліся да іхняга дома паўзком. Відаць, уяўлялі сабе, што будуць затрымліваць небяспечнага злачынцу. Паламалі плот пры пераадоленні такой перашкоды. Калі ўварваліся ў дом, то ўчынілі дзікі крык: «стоять, лицом к стене, руки за голову!» Абшукалі не толькі другі паверх, дзе жыве Мікалай з сям'ёй, а і першы паверх, дзе жыве Чарнавус-старэйшы. Забралі тэлефон Мікалая-малодшага і ноўтбук.

Затрымалі індывідуальнага прадпрымальніка Сяргея Леанюка — абвінавачваюць у «распальванні варожасці да рускіх»

У відэа сілавікоў ён кажа, што нібыта пакідаў каментары ў тэлеграме. Дэманструецца таксама іх меркаваны змест — каментары звязаныя з асуджэннем расійскай агрэсіі ва Украіне.

Губазікаўцы сцвярджаюць, што супраць мужчыны заведзеная крымінальная справа па артыкуле 130 Крымінальнапга кодэкса за «распальванне варажнечы да рускіх».

Чарговае папаўненне Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў

У яго трапілінекалькі суполак і каналаў:

Youtube-каналы «Дзiкае Паляванне», «ЖЭСТАЧАЙШЫЙ МУЛЬТ»;

Суполка ва «Укантакце» «Экстрэмістская паказуха (Рудабельская)»;

Суполка ў «Аднакласніках» «Климовичи»;

Telegram-стыкеры «14/NTSP/88».

Інфармацыя дапаўняецца.

Крыніца: Новыя затрыманні па даносах з чат-рулеткі, параўненне ў Спісе "экстрэмісцкіх" матэрыялаў: хроніка пераследу 6-7 лютага