09.02.2023 Тэгі: суды, палітвязні, экстрэмізм У судзе Цэнтральнага раёна Мінска 9 лютага разгледзяць скаргу на рашэнне Камітэта дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь аб прызнанні групы грамадзян экстрэмісцкім фарміраваннем, забароне яго дзейнасці. КДБ прыняў такое рашэнне 21 верасня 2021 года — пасля і падчас затрыманняў фігурантаў справы. Разгляд скаргі будзе праходзіць у закрытым рэжыме. На працэсе па справе "Рабочага руху", які цягнецца тры месяцы, абвешчаны перапынак амаль на два тыдні. Наступнае пасяджэнне — 14 лютага, хутка мусяць быць судовыя спрэчкі.
Што вядома пра скаргу на прызнанне "Рабочага руху" "экстрэмісцкім фармаваннем"?
"Рабочы Рух" — першае аб'яднанне, прызнаннае экстрэмісцкім фармаваннем у Беларусі. КДБ прыняў такое рашэнне 21 верасня 2021 года — пасля і падчас затрыманняў фігурантаў справы. На дадзены момант такіх "фармаванняў" ужо 115.
Заяўнікамі па скарзе выступаюць палітзняволеныя Сяргей Шэлест, Андрэй Пагерыла, Уладзімір Жураўкоў, Алкясандр Гашнікаў, Аляксандр Капшуль. Скаргу будзе разглядаць суддзя Таццяна Скапец .Па інфармацыі праваабаронцаў "Вясны" гэта першая такая скарга на рашэнне КДБ ці МУС на прызнанне "экстрэмісцкім фармаваннем".
Усім фігурантам справы "Рабочага руху", акрамя іншых абвінавачванняў, ставяць у віну "стварэнне экстрэмісцкага фарміравання і ўдзел у ім" паводле ч. 3 арт. 361-3 Крымінальнага кодэкса.
У чым яшчэ абвінавачваюць палітвязняў?
Згодна з матэрыяламі справы ўдзельнікі "Рабочага руху", "ажыццяўлялі супрацьпраўную дзейнасць па зборы і наступнай перадачы замежнай дзяржаве і арганізацыі, іх прадстаўнікам (у тым ліку спецслужбам ЗША і Літвы) службовай інфармацыі абмежаванага характару ў дачыненні да беларускіх суб'ектаў гаспадарання пра спосабы абыходу мер абмежавальнага характару (санкцый), а таксама механізмах процідзеяння такім спосабам". Паведамляецца, што некаторыя абвінавачаныя планавалі варыянты блакавання вытворчасці на "Гродна Азот" і "БМЗ".
Палітвязням ставяцца ў віну наступныя артыкулы Крымінальнага кодэкса:
- Сяргей Шэлест, Уладзімір Жураўка і Андрэй Пагерыла абвінавачваюцца па арт. 188 КК (паклёп), ч. 1 арт. 356 КК (здрада дзяржаве), ч. 3 арт. 361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання і ўдзел у ім).
- Ганна Аблаб, Аляксандр Гашнікаў, Сяргей Дзюба, Ігар Мінц, Валянцін Цераневіч і Сяргей Шамецька — па ч. 1 арт. 356 КК (здрада дзяржаве), ч. 3 арт. 361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання і ўдзел у ім).
- Аляксандр Капшуль — па ч. 2 арт. 295 КК (Незаконныя дзеянні ў адносінах да агнястрэльнай зброі), ч. 1 арт. 356 КК (здрада дзяржаве), ч. 3 арт. 361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання і ўдзел у ім).
Усе 10 фігурантаў справы заявілі суду, што сваю віну ў дзяржаўнай здрадзе і стварэнні экстрэмісцкага фармавання не прызнаюць. Толькі Андрэй Пагерыла пагадзіўся толькі з абвінавачаннем у паклёпе.
У Гомелі сёння распачаўся суд па рэзананснай "справе Рабочага Руху" — судзяць адразу 10 палітвязняў
Што вядома пра суд?
Судовы працэс распачаўся 9 лістапада ў Гомельскім абласным судзе. У справе 30 тамоў матэрыялаў справы. Сярод іх ёсць засакрэчаныя, якія вывучаліся ў закрытым рэжыме. На судзе ўсе палітвязні адмовіліся даваць паказанні, таму агучылі іх ранейшыя паказанні, якія яны давалі падчас следства ў КДБ. Тады допыты фіксавалі на відэа – яны дэманстраваліся ў зале суда. На працэсе стала вядома, што Zoom-канфэрэнцыі запісваў супрацоўнік ад спецслужб — гэта з'яўляецца адным з галоўным доказам па справе.
27 снежня працэс закрылі – да гэтага ён праходзіў у адкрытым рэжыме. Напачатку года стала вядома, што з 31 снежня Аляксандр абвясціў галадоўку супраць парушэння заканадаўства падчас яго ўтрымання ў гомельскім СІЗА. Галадоўка цягнулася мінімум 14 дзён, пры гэтым першыя некалькі дзён ён трымаў сухую галадоўку.
Наступнае пасяджэнне прызначана на 14 лютага – таксама ў закрытым рэжыме.
Як падтрымаць палітвязняў?
Палітвязняў можна падтрымаць грашовымі пераводамі, пасылкамі і лістамі па адрасе: СІЗА-3, 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А
Крыніца: Палітвязні абскардзяць рашэнне КДБ аб прызнанні "Рабочага руху" "экстрэмісцкім фармаваннем"