09.02.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, палітвязні, праваабаронцы, справа Вясны Асобы: Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Уладзімір ЛабковічСуд па "справе Вясны", студзень 2023 года У судзе Ленінскага раёна Мінска 9 лютага адбываюцца судовыя спрэчкі па крымінальнай справы супраць старшыні "Вясны" і Нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага, ягонага намесніка і віцэ-прэзідэнта FIDH Валянціна Стэфановіча, каардынатара кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Уладзіміра Лабковіча і праваабаронцы Дзмітрыя Салаўёва (у парадку спецыяльнай вытворчасці). За месяц на працэсе дапыталі сведак, даследвалі ўсе 284 тамы крымінальнай справы і дапыталі праваабаронцаў. Сёння пракурор Аляксандр Кароль запрасіў тэрміны для праваабаронцаў "Вясны".

Дзяржаўнае абвінавачванне лічыць, што віна праваабаронцаў паводле ч. 4 арт. 228 ("кантрабанда арганізаванай групай") і ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса ("фінансаванне групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак") цалкам даказаная. Аляксандр Кароль запрасіў наступныя тэрміны для вясноўцаў:

  • старшыні "Вясны" і Нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага – 12 гадоў калоніі;
  • намесніка старшыні "Вясны" і віцэ-прэзідэнта FIDH Валянціна Стэфановіча – 11 гадоў калоніі;
  • каардынатара кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Уладзіміра Лабковіча – 9 гадоў калоніі;
  • праваабаронцы "Вясны" Дзмітрыя Салаўёва – 10 гадоў калоніі завочна.

Усім узмоцнены рэжым і штраф па пяць тысяч рублёў.

Навіна дапаўняецца.

Коратка пра псудовы працэс

Справу ў адкрытым рэжыме з 5 студзеня разглядае суддзя Марына Запаснік. Праваабаронцаў абвінавачваюць паводле ч. 4 арт. 228 ("кантрабанда арганізаванай групай") і ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса ("фінансаванне групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак"). Згодна з версіяй абвінавачвання, праваабаронцы "дзейнічаючы ў складзе арганізаванай групы з 4 красавіка 2016 года да 14 ліпеня 2021 года пад умовай выкарыстання на тэрыторыі Беларусі для незаконнай дзейнасці і фінансавання ПЦ "Вясна", а таксама іншых арганізацый абнаявілі грошы, якія паступілі ад розных структур і фондаў на банкаўскія рахункі кантраляванай імі замежнай арганізацыі. Затым з дапамогай іншых асоб, дзейнічаючы з адзіным намерам, забяспечылі незаконнае перамяшчэнне наяўных на тэрыторыі Літоўскай Рэспублікі наяўных сродкаў у буйным памеры праз мытную мяжу Еўразійскага эканамічнага саюза ў агульнай суме не менш за 201 тыс. еўра і 54 тыс. долараў ЗША шляхам іх паэтапнага перамяшчэння праз мяжу без дэкларавання". Паводле матэрыялаў справы, "яны ж ва ўказаным складзе, а таксама з іншымі асобамі наўмысна ажыццявілі падрыхтоўку грамадзян для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, а таксама фінансаванне і матэрыяльнае забеспячэнне такіх акцый пад выглядам праваабарончай і дабрачыннай дзейнасці, у тым ліку ад імя ПЦ "Вясна", незарэгістраванага фонду "BY_HELP", у перыяд з траўня 2020 года па 14 ліпеня 2021 года". У прыватнасці, праваабаронцам ставяцца ў віну аплаты штрафаў,  аплаты рахункаў за харчаванне ў ізалятарах, аплаты працы адвакатаў.

Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч і Уладзімір Лабковіч не прызналі віну. На судзе ніводнае хадайніцтва (аб працэсе на беларускай мове, аб зняцці кайданкоў, прадастаўлення часу з азнаямленнем справы і іншыя) не было задаволена суддзёй Запаснік.

У матэрыялах справы 284 тамы. У іх утрымліваецца шмат дадзеных пра публічную дзейнасць праваабаронцаў, размешчаную на сайце "Вясны" і ў сацсетках, нават пасля затрымання абвінавачаных. Так, напрыклад, у матэрыялах справы маецца спіс палітычных зняволеных, якія прызнаныя праваабаронцамі "Вясны" па стане на 3 верасня 2022 года (1322 чалавека) – незадоўга да выстаўлення канчатковых абвінавачванняў праваабаронцам і праз больш за год пасля затрымання. Гэты пратакол агляда заняў 128 лістоў. З матэрыялаў справы стала вядома, што супрацоўнікі ГУБАЗіКа пачалі праводзіць аператыўна-пошукавыя мерапрыемствы ў дачыненні да праваабаронцаў яшчэ ў верасні 2020 года. Тады сілавікі пачалі праслухоўваць тэлефон кіраўніка брэсцкай філіі Уладзіміра Вялічкіна. На судзе стала вядома, што супрацоўнікі ГУБАЗіКа праслухоўвалі на спатканні з жонкай у пакоі кароткатэрміновых спатканняў у гомельскім СІЗА № 3 палітзняволенага Леаніда Судаленку. Гэта адбылося праз два месяцы пасля затрымання праваабаронцы. 

Праваабаронцы давалі паказанні на судзе і выказваліся пра прад'яўленыя абвінавачванні. Вось, што думаюць пра гэта палітзняволеныя вясноўцы:

Валянцін Стэфановіч сказаў у сваіх паказаннях:

“Дзейнасць “Вясны” легітымная і законная. Яе дзейнасць ажыццяўлялася і ажыццяўляецца ў адпаведнасці з Дэкларацыяй ААН аб праваабаронцах. Я яшчэ раз паўтару: Кожны чалавек мае права, індывідуальна і сумесна з іншымі, заахвочваць і імкнуцца абараняць і ажыццяўляць правы чалавека і асноўныя свабоды на нацыянальным і міжнародным узроўнях [артыкул 1 Дэкларацыі]. А згодна арт. 9 Дэкларацыі чалавек, індывідуальна і сумесна з іншымі, мае, у прыватнасці, права прапаноўваць і прадастаўляць прафесійную кваліфікаваную прававую дапамогу ці іншыя адпаведныя кансультацыі і дапамогу ў справе абароны правоў чалавека і асноўных свабод. Таму я лічу, што ніякіх ліцэнзій на праваабарончую дзейнасць няма і быць не магло”.

Уладзь Лабковіч таксама падкрэсліваў легальнасць праваабарончай дзейнасці ў межах кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары":

"Як грамадскае аб'яднанне мы рабілі гэта па сваёй ініцыятыве, бо маем на гэта поўнае права. Гэты нашыя пажаданні, якія мы як грамадзяне Беларусі, рэалізоўвалі, аб'яднаўшыся ў кампанію".

Алесь Бяляцкі выказаўся наконт абвінавачванняў паводле ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса:

"Крыміналізацыя дапамогі ахвярам палітычных рэпрэсій, якая нечакана адбылася пасля траўня 2020 года, — амаральная і нечалавечая. Яна самаўпраўная, таму шта гэты артыкул — ч. 2 арт. 342 КК — не змяняўся, ён быў такім доўгія гады. І раптам з траўня 2020 года яго пачалі ўжываць супраць гуманітарнай дапамогі пацярпелым людзям. 

У традыцыях беларускага народу — дапамагаць людзям, якія знаходзяцца ў бядзе. Але калі такім чынам трактуецца Крымінальны кодэкс, які ўжываецца супраць такой харататыўнай дапамогі адзін аднаму — гэта антычалавеча. Вось да траўня 2020 года чамусьці такая дапамога была магчыма, а пасля траўня — яе забаранілі".

Палітзняволеным праваабаронцам цяпер патрэбная наша салідарнасць! Падтрымайце іх лістамі, пасылкамі і грашовымі пераводамі: СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2, Аляксандру Віктаравічу Бяляцкаму, Валянціну Канстанцінавічу Стэфановічу, Уладзіміру Мікалаевічу Лабковічу

Храналогія суда:

"Стварылі ўнікальную справу. І што гэта, як не палітычны падтэкст?" Па справе "Вясны" дапыталі праваабаронцаў

"Вясна" распавядае, як праходзіў допыт калегаў на судзе.

Праслухоўка ў СІЗА і "аператыўная распрацоўка" праваабаронцаў з 2020 года. Па справе "Вясны" скончылі вывучаць 284 тамы

Стадыя абвяшчэння пісьмовых матэрыялаў па справе "Вясны" скончылася — агучаны ўсе 284 тамы. Распавядаем, што змяшчаецца ў пісьмовых матэрыялах справы.

Праслухоўкі тэлефонаў, спіс палітвязняў і матэрыялы з сайта "Вясны": чым на судзе даказваюць віну праваабаронцаў

Распавядаем, што адбывалася на апошніх судовых пасяджэннях, якія доказы віны па справе выкарыстоўвае пракурор, а праваабаронца "Вясны" Алена Маслюкова каментуе абвінавачванні супраць калегаў у частцы "фінансавання пратэстаў".

"Крыміналізацыя дапамогі ахвярам палітычных рэпрэсій — амаральная і нечалавечая". Як праходзіць суд па справе "Вясны"

Распавядаем, што адбывалася на судзе над праваабаронцамі "Вясны" на гэтым тыдні.

"555 дзён у смярдзючых катухах Валадаркі". Як праходзіць працэс па "справе Вясны"

"Вясна" распавядае,што адбывалася на апошніх судовых пасяджэннях.

Крыніца: Ад 9 да 12 гадоў калоніі: праваабаронцам "Вясны" запрасілі тэрміны