10.02.2023 Тэгі: суды, палітвязні, вайна ва Украіне У Магілёўскім абласным судзе 10 лютага вынеслі прысуд тром "рэйкавым партызанам" Дзмітрыю КлімавуУладзіміру Аўрамцаву і Яўгену Мінкевічу з Бабруйску. Двум першым прызначылі па 22 гады калоніі, а апошняму — паўтара года калоніі. Адзначаецца, што Мінкевіча вызвалілі ад пакарання часткова тэрмінам на адзін год паводле Закона "Аб амністыі ў сувязі з Днём народнага адзінства". З улікам часу знаходжання пад вартай пакаранне лічыцца адбытым. Паводле версіі абвінавачвання, яны датычныя да знішчэння двух рэлейных шаф сігнальнай ўсталёўкі пад Асіповічамі. Падчас затрымання Дзмітрый Клімаў быў паранены сілавікамі. Дзмітрыя Клімава і Уладзіміра Аўрамцава судзілі па пяці цяжкіх артыкулах Крымінальнага кодэкса, у тым ліку за "акт тэрарызму", "здраду дзяржаве" і "ўдзел у тэрарыстычнай арганізацыі". Справу ў закрытым рэжыме два тыдні разглядаў суддзя Ігар Шведаў.  

Уладзімір Аўрамцаў, Яўген Мінкевіч, Дзмітрый Клімаў
Уладзімір Аўрамцаў, Яўген Мінкевіч, Дзмітрый Клімаў

У чым абвінавацілі палітвязняў?

Палітвязням інкрымінавалі адразу пяць артыкулаў Крымінальнага кодэкса:

  • ч. 3 арт. 289 — акт тэрарызму арганізаванай групай;
  • ч. 2 арт. 290-4 — удзел у арганізацыі для ажыццяўлення тэрарыстычнай дзейнасці;
  • ч. 1 арт. 356 — здрада дзяржаве;
  • ч. 4 арт. 309 — наўмыснае прывядзенне ў непрыдатнасць транспартнага сродку або шляхоў злучэння;
  • ч. 2 арт. 406 — неданясенне аб злачынстве.

Паводле ч. 2 арт. 406 КК (неданясенне аб злачынстве) судзілі Яўгена Мінкевіча. Да суда ён не ўтрымліваўся пад вартай. 

Раней па артыкуле за "ўдзел у арганізацыі для ажыццяўлення тэрарыстычнай дзейнасці" судзілі толькі фігурантаў "справы АГСБ". Бабруйскіх партызанаў судзяць за сувязь з ByPOL і план "Перамога". 

Нагадаем, ноч на 30 сакавіка 2022 года пры сілавой падтрымцы САХРа былі затрыманыя трое "рэйкавых партызанаў" з Бабруйску. Пра гэта 6 красавіка паведаміла МУС. На аператыўнай здымцы ў аднаго з іх перабінтаваныя калені, і ён з цяжкасцю адказвае на пытанні аператыўнікаў, у другога кроў на твары, а трэці моцна напалоханы. Па інфармацыі ведамства, "падчас затрымання мужчыны аказалі актыўны супраціў і паспрабавалі ўцячы". Сілавікі ўжылі зброю на паражэнне. Адзін з затрыманых быў паранены і нейкі час знаходзіўся ў лячэбнай установе. Іншым аказана меддапамога на месцы. Як вынікае з аператыўнага відэа, пры затрыманні быў паранены Дзмітрый Клімаў. На відэа затрымання ў яго перавязаныя калены, а ў ізалятары ён кульгае.

Што вядома пра палітвязняў?

klimau_dzmityi.png
Дзмітрый Клімаў пры затрыманні

28-гадовы Дзмітрый Клімаў у мінулым працаваў кіроўцам у некалькіх арганізацыях і таксістам. Таксама ён працаваў у Калінкавіцкім Дэпартаменце аховы з пачатку 2017 года да траўня 2018-га, а затым прапаршчыкам міліцыі да звальнення ў жніўні. Дзмітрый жанаты, у яго ёсць чатырохгадовая дачка.

27-гадовы Уладзімір Аўрамцаў вучыўся ў Бабруйскім вучылішчы алімпійскага рэзерву і ў БДАТУ. Ён займаўся барацьбой і выступаў на спаборніцтвах па грэплінгу — чэмпіянаце Беларусі і ADCC Belarus Open. Уладзімір працаваў трэнерам у Бабруйскім фітнес-цэнтры "Ева".

28-гадовы Яўген Мінкевіч, як і Уладзімір Аўрамцаў, скончыў вучылішча алімпійскага рэзерву — ён адвучыўся ў МДПУ імя Шамякіна на факультэце фізічнай культуры. Ён працаваў санітарам у бабруйскай хуткай дапамогі, а таксама таксістам ў розных сэрвісах.

Падтрымайце палітвязня лістамі салідарнасці, пасылкамі і грашовымі пераводамі: Турма №4. 212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99А (Дзмітрыю Аляксандравічу Клімаву, Уладзіміру Аляксандравічу Аўрамцаву)

Крыніца: Двух "рэйкавых партызанаў" асудзілі да 22 гадоў калоніі, яшчэ аднаго — вызвалілі па амністыі