13.02.2023 Тэгі: палітвязні, пераслед, затрыманні У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 12-13 лютага  збірае факты палітычнага пераследу беларусаў – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

У Віцебску затрыманы Вячаслаў Лазараў — у яго забралі тэлефоны і відэакамеру

Затрыманне адбылося ўвечары 9 лютага, два наступныя дні сваякі высвятлялі, дзе ён знаходзіцца і ў чым яго вінавацяць.

Спачатку Вячаслава павезлі ў Следчы камітэт, і амаль суткі родныя не ведалі пра далейшы ягоны лёс. Толькі раніцай 11 лютага стала вядома, што Вячаслава трымаюць у віцебскім ІЧУ, але сутнасць абвінавачвання па-ранейшаму пад пытаннем, паведамляе БАЖ.

Пазней стала вядома, што ператрус правялі таксама і па месцы прапіскі ягонай жонкі, таксама забралі мабільныя тэлефоны і ноўтбук. Жонка распавяла праваабаронцам, што ў пастанове на ператрус паспела прачытаць, нібыта супраць Вячаслава Лазарава распачата крымінальная справа.

Палітвязня Яўгена Рубашку на месяц змясцілі ў ПКТ

Анархіста Яўгена Рубашку, асуджанага да пяці гадоў пазбаўлення волі, адміністрацыя папраўчай калоніі № 2 змясціла ў памяшканне камернага тыпу (ПКТ) на месяц. Як паведамляе @belarus_abc, перад гэтым яго тройчы змяшчалі ў ШІЗА агулам на 24 дні па надуманых прычынах.

Яўген Рубашка

Нагадаем, 22 красавіка 2022 года суд прызнаў чатырох анархістаў вінаватымі паводле ч. 1 арт. 342 КК і ч. 3 арт. 361-1 КК і прызначыў Аляксандру Бялову, Яўгену Рубашку, Арцёму Дзмітрыевічу Салаўю — па пяць гадоў калоніі, Арцёму Сяргеевічу Салаўю — 4,5 года калоніі.

Вакаліста гурта «Бан Жвірба» Дзмітрыя Гаўрыліна зноў арыштавалі на 15 сутак

Пра гэта паведаміў актывіст Ілля Міронаў. Гаўрыліна разам з жонкай затрымалі ў канцы студзеня. Пазней яму прызначылі 15 сутак арышту, пасля якіх ён павінен быў выйсці на волю 9 лютага.

«Зноў затрыманне, як гэта правільней сказаць і чарговыя 15 сутак, калі адбылося судовае паседжанне і па якім артыкуле невядома», — піша Міронаў.

Пінскага блогера Мікалая Клімовіча пакаралі штрафам

Адміністрацыйны працэс адбыўся ў судзе Пінскага раёна і г. Пінска 10 лютага.

Суддзя Андрэй Бачыла прызнаў блогера і грамадскага актывіста Мікалая Клімовіча вінаватым у распаўсюдзе нацысцкай сімволікі і прызначыў яму штраф – 111 беларускіх рублёў, піша БАЖ.

Затрыманага ў Расіі беларускага псіхолага прывезлі ў віцебскі следчы ізалятар

Жыхар Воршы 43-гадовы палітвязень Андрэй Рускіх, якога расейская паліцыя затрымала ў маі 2022 года ў Санкт-Пецярбургу, будзе знаходіцца ў СІЗА №2 Віцебска пакуль пройдуць следства і судовы разгляд ягонай крымінальнай справы. Улады вінавацяць Андрэя ў абразе А. Лукашэнкі (артыкул 368 КК Беларусі) і «распальванне варожасці» (артыкул 130 КК Беларусі), паведамляе "Віцебская вясна".

Андрэй Рускіх

1 сакавіка 2022 года Аршанскі міжраённы аддзел Следчага камітэта вынес пастанову аб прыцягненні Рускіх у якасці абвінавачанага па справе аб абразе Лукашэнкі. 7 красавіка з'явілася пастанова аб прыцягненні яго ў гэтай якасці ўжо па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса.

Затрыманы псіхолаг быў 28 мая 2022 года на вакзале ў Санкт-Пецярбургу, куды прыехаў для сустрэчы са сваёй дзяўчынай. Яго адправілі пад варту.

Спявачку Аляксандру Захарык перавялі ў СІЗА — супраць яе распачалі справу па «народным» артыкуле

34-гадовай дзяўчыне інкрымінуюць арт. 342 КК (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).

Аляксандра выступала з гуртом Apple Tea, працавала над уласным праектам ZAKHARIK, удзельнічала ў праекце «Голас» і адборах на «Еўрабачанне» ад Беларусі.

Падтрымаць спявачку: СІЗА-1, 220030, Мінск, Валадарскага, 2, Захарык Аляксандра Мікалаеўна

Інфармацыя дапаўняецца.

Крыніца: Спявачку вінавацяць па "народным артыкуле", вакаліста «Бан Жвірбы» змяшчаюць на суткі: хроніка пераследу 12-13 лютага