15.02.2023 Тэгі: ціск, рэпрэсіі, затрыманні У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 14-15 лютага  збірае факты палітычнага пераследу беларусаў – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Генпракурор хоча прызнаць экстрэмісцкай арганізацыяй "Беларускі расследавальніцкі цэнтр"

Генеральны пракурор Андрэй Швед накіраваў у Вярхоўны Суд заяву аб прызнанні арганізацыі «Беларускі расследавальніцкі цэнтр» экстрэмісцкай і забароне яе дзейнасці на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

Раней толькі адна арганізацыя была прызнаная ў Беларусі «экстрэмісцкай» — «ТУТ БАЙ Медыя».

У Мінску за каментары ў інтэрнеце затрыманы 50-гадовы Сяргей Белы

Паводле сілавікоў, мужчына пакідаў абразлівыя каментары пра супрацоўнікаў міліцыі, а таксама нібыта прайшоў рэгістрацыю ў чат-боце плана «Перамога».

Затрыманы музыка Аляксандр Хадасевіч — ён перакладаў песні Scorpions на беларускую мову

З відэа, апублікаваным на праўладных каналах, вынікае, што яго затрымалі за некалькі каментарыяў у тэлеграме (у якіх ён, здаецца, нікога не абразіў, але сілавікі палічылі іх «негатыўнымі») і за кавер на песню Scorpions «Вецер перамен» ад праекта Lirival, піша "Наша Ніва". 

Інфармацыя дапаўняецца

Крыніца: Новыя затрыманні, "экстрэмісцкія фармаванні": хроніка пераследу 14-15 лютага