15.02.2023 Палітзняволенага Арцёма Задруцкага асудзілі да трох гадоў калоніі па “справе Зельцэра” за адзін каментар. За час зняволення мужчыне не аказвалі дапамогу з праблемамі з вухам і былы гукарэжысёр аглух на яго. Аднак гэта не зламала мужчыну: ён працягвае змагацца за свае правы нават у СІЗА, малюе партрэты і піша вершы — у ягонай скарбонцы ўжо больш за 150 твораў.

Арцём Задруцкі нарадзіўся ў Менску, але ў дзяцінстве часта ездзіў на хутар: ягоны бацька родам з вёскі. Там маленькі Арцём будаваў дамкі, працаваў: касіў, збіраў сена, яблыкі. Так хлопчык з маленства прывучыўся да працы, таму пра яго адгукаюцца як пра руплівага і працавітага чалавека, які заўсёды прыходзіў на дапамогу. Арцём не цураўся цяжкай фізічнай працы: дапамагаў рабіць па гаспадарцы, насіць цяжар, праводзіць святло, цягаць драты.   

Разам з тым палітвязень ­— вельмі творчы чалавек, ён з дзяцінства пісаў вершы і рабіў музыку. Ягоная любімая кніга — ”Палюбі бліжняга свайго” Эрыха Марыі Рэмарка. Да затрымання Арцём працаваў гукарэжысёрам, але ў зняволенні ў яго здарылася запаленне вуха: праз несвоечасовае лячэнне мужчына страціў слых на адно вуха. Гэта падштурхнула творчага чалавека пачаць маляваць партрэты, ён таксама працягнуў займацца паэзіяй. За год у зняволенні ён напісаў ужо больш за 150 вершаў. Вось творы, напісаныя Арцёмам у СІЗА:  

 А гэта — праца Арцёма, калі ён быў гукарэжысэрам.

Таксама Арцём вельмі добры. Сваякі ўзгадваюць, што калі аднойчы ён пабачыў, як ягоная сястрычка заплакала праз сварку бабулі і дзядулі, ён прынёс ёй слоік суніцаў, каб яна не пераймалася.

Зняволенне

29 верасня 2021 года Арцёма затрымалі за каментар, які ён напісаў з нагоды смерці Зельцэра і Федасюка. Ён утрымліваў усяго адно слова: “Карнік”. Адразу пасля затрымання ў КДБ палітвязня прымусілі напісаць прызнанне ў віне паводле арт. 130 Крымінальнага кодэксу, аднак неўзабаве стала вядома, што яго абвінавацілі таксама паводле арт. 369 і арт. 342 Крымінальнага кодэкса.

Да суду Арцёма ўтрымлівалі спачатку на Акрэсціна, потым год – у жодзінскай турме. Там два месяцы яму, як і іншым затрыманым па “справе Зельцара”, не давалі перадач, пасылак лістоў. Ніхто са сваякоў, не ведаў, што з ім, а маці прастойвала чэргі на перадачкі ў слязах. На судзе палітвязень распавядаў, што ў трохмясцовай камеры сядзелі больш за 20 чалавек, большасць з іх спала на падлозе. 

Яго асудзілі да трох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Таксама мужчына мусіць выплаціць 100 базавых велічынь кампенсацыі маральнай шкоды.  Але нават знаходзячыся ў няволі, Арцём працягвае змагацца за свае правы. Ён падаваў скаргі на сваё ўтрыманне ў зняволенні, апеляцыі, сам рыхтаваўся да судовага працэсу: чытаў юрыдычныя кнігі, Крымінальны і Крымінальна-працэсуальны кодэксы. А калі ў газеце «Советская Белоруссия», ён прачытаў, як нейкі журналіст напісаў «украінскія карнікі», то падаў на яго заяву за распальванне варожасці — фактычна, склад “злачынства” тут такі самы, за які ён атрымаў тры гады калоніі. Аднак палітвязню ва ўзбуджэнні крымінальнай справы адмовілі.

Цяпер жа ліставанне Арцёма са сваякамі працягваецца, перадачкі даходзяць спраўна. Палітвязень нават кажа, што некаторыя прадукты паспяваюць сапсавацца. 

— У лістах Арцём будзе рады абмеркаваць усё: музыку, вершы, — распавядаюць ягоныя блізкія. — Ён можа намаляваць што заўгодна — нават партрэт. Арцём піша іх нават па начах: мы бачылі нават ягоны партрэт дачкі аднаго са зняволеных. Цяпер яму вельмі важная падтрымка, душэўная дапамога, бо ў сям’і ёсць цяжкасці.  

Падтрымаць Арцёма лістамі салідарнасці і пасылкамі можна па адрасе:

СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Арцём Сяргеевіч Задруцкі

Крыніца: Творчы працаўнік Арцём Задруцкі: гісторыя аднаго палітвязня