16.02.2023 Тэгі: адміністратыўны пераслед, пераслед, ціск, затрыманні У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 16 лютага  збірае факты палітычнага пераследу беларусаў – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Павел Вінаградаў вылечыўся ад сухотаў. Яго вярнулі ў звычайную калонію ў Ваўкавыску

Павел Вінаградаў

Пра гэта паведаміла жонка палітвязня Святлана:

"Дарагі Фэйсбук, Павел Вінаградаў вылечыўся ад туберкулёзу і паехаў назад у ПК-11".

Нагадаем, напрыканцы ліпеня блогера і актывіста, асуджанага да 5 гадоў калоніі, перавялі ў аршанскую калонію, вядомую тым, што там утрымліваюцца і лечацца асуджаныя, хворыя на актыўную форму сухотаў. Але па прыбыцці яго закінулі ў ШІЗА на месяц, а потым на шэсць месяцаў перавялі ў «спецыяльную палату» — «памяшканне камернага тыпу» для хворых на сухоты.

Падтрымайце Паўла: ПК № 11. 231900, г. Ваўкавыск, вул. Ракасоўскага, 118, Павел Юр'евіч Вінаградаў

Затрыманні на Віцебшчыне

Праваабаронцам «Вясны» стала вядома пра затрыманні ў Наваполацку і Расонах напрыканцы студзеня.

24 студзеня быў затрыманы супрацоўнік «Паліміра» Канстанцін Яўтушэнка. Яго асудзілі паводле арт. 24.23 КаАП (несанкцыянаванае пікетаванне) на 15 сутак. Вядома, што яго звольнілі з завода.

У гарадскім пасёлку Расоны 24 студзеня быў затрыманы Мікалай Машарскі. Яго асудзілі па двух пратаколах на 25 сутак. Мужчына ўтрымліваецца ў ІЧУ Наваполацку.

"Яўка з павіннай ці турма": беларусаў масава працягваюць выклікаць у КДБ за данаты ў 2020 годзе

У раённыя аддзелы КДБ Мінска беларусаў выклікаюць на размовы наконт данатаў у фэйсбуку ў 2020 годзе. Гэта людзі розных прафесій і заняткаў. Як праваабаронцам распавядаюць тыя, хто хадзіў на такія размовы, супрацоўнікі КДБ паказваюць скрыншоты нібыта пераліку грошай у фонд салідарнасці і ставяць ультыматум: яўка з павіннай ці турма. Дарэчы, любы перавод за мяжу праз фэйсбук у 2020—2021 гадах сілавікі могуць трактаваць як перавод у фонды.

Калі чалавек піша яўку з павіннай, дзе сам прызнаецца ў тым, што пераводзіў грошы ў фонд салідарнасці на падтрымку палітвязняў, то яго абавязваюць пералічыць грошы (500 ці 1000 даляраў) на нейкі рахунак. Людзей адпускаюць дадому, але пагражаюць, што да іх яшчэ прыйдуць з ператрусам.

Нагадваем, што размова ў КДБ — гэта не працэсуальнае дзеянне, вы можаце не сведчыць супраць сябе, спаслаўшыся на арт. 27 Канстытуцыі, часта прадастаўленыя скрыншоты не з'яўляюцца доказам пераліку грошай у канкрэтныя фонды, а падпісанне яўкі з павіннай — не гарантыя таго, што супраць вас не будзе ўзбуджаная крымінальная справа.

Інфармацыя дапаўняецца.

Крыніца: Затрыманні і выклікі ў КДБ за данаты: хроніка пераследу 16 лютага Дапоўнена