20.02.2023 Тэгі: крымінальны пераслед, дыфамацыя Магілёўскі абласны суд Судовая калегія па крымінальных справах Магілёўскага абласнога суда 9 лютага разгледзела крымінальную справу па апеляцыйным пратэсце пракурора Чэрыкаўскага раёна на прысуд, які быў вынесены Аляксею Ушакову. Яго абвінавацілі ў абоазе Аляксандра Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса)

Суд Чэрыкаўскага раёна 2 лістапада 2022 года прызнаў Ушакова вінаватым у тым, што ён 30 жніўня 2021 года у адным з тэлеграм-чатаў пакінуў некалькі каментароў зняважлівага характару і, як паказала экспертыза, тым самым публічна абразіў Лукашэнку, “наўмысна прынізіў ягоныя гонар і годнасць у непрыстойнай форме.”

Суддзя Аляксандр Краўчанка прызначыў яму тады пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на тры гады.

Яго вызвалілі з-пад варты, дзе ён знаходзіўся з 12 верасня мінулага года, у залі суда.

Аднак пракурор вынес пратэст на прысуд, які быў разгледжаны 9 лютага. Судовая калегія Магілёўскага аблсуда вынесла новае пакаранне ў выглядзе 2 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

У верасні 2020 года жыхара Мінска Аляксея Ушакова затрымалі за ўдзел у нядзельным маршы пратэсту і асудзілі на 15 сутак.

Крыніца: Па пратэсце пракурора суд замяніў "хатнюю хімію" на калонію Аляксею Ушакову, абвінавачанаму ў абразе Лукашэнкі