22.02.2023 Тэгі: пераслед, затрыманні У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 21 і 22 лютага лютага збірае факты палітычнага пераследу беларусаў – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
У Гомелі асудзілі прадпрымальніка Алега Шамкіна
У Гомелі 21 лютага на 15 гадзін у абласное аддзяленне КДБ быў выкліканы індывідуальны прадпрымальнік і юрыст Алег Шамкін. Ужо ў 18-10 ён апынуўся Савецкім РАУСе, дзе на яго быў складзены пратакол адміністрацыйнага правапарушэння за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў (арт. 19.11 КаАП). Суд над Шамкіным прызначаны на сёння.
Інфармацыю пра месцазнаходжанне затрыманага супрацоўнікі КДБ хавалі да 22 гадзін.
Праваабаронцам стаў вядомы вынік судовага разбіральніцтва ў адносінах да Алега Шамкіна - суд пастанавіў прымяніць па ч .2 арт. 19.11 КаАП РБ адміністрацыйны арышт на 10 сутак.
Крымінальную справу супраць дырэктара газеты «Беларусы і рынак» перадалі ў суд
Стала вядома, што Канстанціна Залатых абвінавачваюць паводле чатырох артыкулах — ч. 2 арт.130 (Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы), ч. 1 арт. 368 (Абраза Лукашэнкі), арт. 369 (Знявага прадстаўніка ўлады), ч. 2 арт. 426 КК (Перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў).
Нагадаем, Залатых быў затрыманы 18 траўня 2022 году, пасля ператрусу дома і ў рэдакцыі выдання.
Супрацоўнікі ГУБАЗіК затрымалі двух жыхароў Салігорска
Іх абвінавацілі ў дэманстрацыі забароненай сімволікі, нягледзячы на тое, што Б-Ч-Б сцяг і "Пагоня" фармальна ў Беларусі не забароненыя.
Сілавікі заявілі, што інфармацыя пра тое, што на дзвярах аўтасэрвісу на вуліцы Цэнтральнай у Салігорску вісіць налепка «Я/мы 97%», ім паступіла ад «неабыякавых грамадзян». Прыехалі на СТО супрацоўнікі ГУБАЗіК у поўнай экіпіроўцы і са зброяй.
Пры ператрусе СТА сілавікі знайшлі БЧБ-сцяжок на стале дырэктара, араматызатары для аўтамабіляў у выглядзе ўкраінскага і літоўскага сцягоў, а таксама кружку «Слава Украіне» і налепкі з «Пагоняй» і БЧБ.
Сілавікі затрымалі яшчэ аднаго супрацоўніка СТА, на яго машыне быў значок у выглядзе БЧБ з «Пагоняй».
Інфармацыя дапаўняецца.
Крыніца: Затрыманні ў Гомелі і Салігорску: хроніка пераследу 21-22 лютага