22.02.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед Данііл Касцюкевіч. На закрытым судовым пасяджэнні Брэсцкі абласны суд 16 лютага вынес прысуд па крымінальнай справе палітзняволенага Данііла Касцюкевіча за каментары па “справе Зельцэра”. 21-гадовага берасцейца абвінавацілі паводле арт. 342 КК (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) і арт. 130 КК (Распальванне сацыяльнай варожасці).

Справу разглядаў суддзя Мікалай Сянько.

Данііл Касцюкевіч быў затрыманы разам з дзесяткамі іншых грамадзян 30 верасня 2021 ў Мінску за каментары ў інтэрнэце пасля гібелі ў перастрэлцы супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка і it-спецыяліста Андрэя Зельцэра.  У канцы снежня 2021 Данііл быў пераведзены з жодзінскай турмы № 8 у СІЗА-1, а ў канцы студзеня 2023 г. — у СІЗА-7 Брэста.

Суд прызнаў Касцюкевіча вінаватым у здзяйсненні наўмысных дзеянняў, накіраваных на ўзбуджэнне іншай сацыяльнай варожасці па прыкмеце іншай сацыяльнай прыналежнасці, і прызначыў яму пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 2 гады 6 месяцаў.

Таксама Данііла прызналі вінаватым у актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаных з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, якія пацягнулі парушэнне працы транспарту і прадпрыемстваў, пры адсутнасці прыкмет больш цяжкага злачынства, і на падставе ч.1 арт. 342 КК яму прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 1 год.

Па сукупнасці злачынстваў, шляхам частковага складання асноўных пакаранняў канчаткова Касцюкевічу прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін тры гады з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

У  дачыненні да мабільнага тэлефона, які належыць абвінавачанаму, прымененая спецыяльная канфіскацыя.

Крыніца: Берасцейцу прысудзілі тры гады пазбаўлення волі за каментар па "справе Зельцэра"