28.02.2023 Тэгі: пераслед, затрыманні У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 28 лютага лютага збірае факты палітычнага пераследу беларусаў – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Жыхара Светлагорска затрымалі, калі ён прыехаў з Расіі ў Беларусь мяняць пашпарт
Сёлета мужчына, які з 2019 года жыў у суседняй краіне, страціў у Расіі пашпарт і вярнуўся на радзіму для афармлення новага. Практычна адразу ж ён быў затрыманы.
Як паведамляе МУС, у 2021 годзе ён «у групавым чаце пакінуў абразлівы допіс пад фотаздымкам міліцыянта са Светлагорскага РАУС». Яму інкрымінуюць «абразу службовай асобы пры выкананні ёй службовых паўнамоцтваў».
Пасля вяртання з-за мяжы быў затрыманы чарговы беларус
Праваабаронцам стала вядома, што ў СІЗА-1 на Валадарскага знаходзіцца 32-гадовы Максім Сташулёнак. Мужчына быў затрыманы напачатку лютага, пасля вяртання ў Беларусь з-за мяжы.
Яму інкрымінуецца «народны» арт. 342 КК (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).
У 2020-ым годзе Максім працаваў пажарным і папярэдзіў жыхароў «Каскаду», што іх БЧБ едуць здымаць. Пасля гэтага яго звольнілі.
Супраць жыхаркі Пружанскага раёну распачалі крымінальную справу за інтэрв'ю «экстрэмісцкім СМІ»
Як піша СК, 29-гадовая жанчына двойчы дала інтэрв'ю інтэрнет-рэсурсам, якія былі прызнаныя «экстрэмісцкімі фармаваннямі».
Зэльвенскім раённым аддзелам Следчага камітэта ёй прад'яўлена абвінавачанне па ч.1 і ч.2 арт. 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). З санкцыі пракурора да яе прыменена мера стрымання ў выглядзе ўзяцця пад варту.
Вядома, што пасля падзей 2020 года жанчына з'ехала ў Еўропу. Пражывала ў Польшчы, Італіі, Нідэрландах. Прыбыўшы на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь, у пачатку бягучага года, была затрымана супрацоўнікамі міліцыі.
Праваахоўнікі шукаюць Пазняка. Але не Зянона
Да сваякоў былога карэспанэдэнта рэгіянальных медыя Берасцейшчыны Аляксандра Пазняка наведаліся міліцыянты — цікавіліся ягоным месцам знаходжання. Пры гэтым прычыны падвышанага інтарэсу так і не агучылі.
У нядаўнім мінулым Аляксандр Пазняк — карэспандэнт рэгіянальнага навіновага партала “Першы рэгіён” і незалежнай газеты “Ганцавіцкі час”. Але не так даўно ён выйграў “грын-карт” ураду ЗША і ад канца 2021 года жыве ў Нью-Ёрку, піша БАЖ.
Інфармацыя дапаўняецца.
Крыніца: Затрымліваюць па вяртанні з-за мяжы: хроніка пераследу 28 лютага