02.03.2023 Тэгі: умовы ўтрымання, катаванні, гісторыі вязняў Рыгор (імя зменена ў мэтах бяспекі) – былы палітвязень, які адсядзеў тэрмін па “справе Зельцэра” за каментар аб загінулым кдбэшніку, і зусім нядаўна выйшаў на волю. Ён пакуль не разумее, што з ім адбываецца і як жыць далей. Мужчына распавёў пра катаванні ў СІЗА і меддапамогу ў няволі, а таксама расказаў пра свае адчуванні па вызваленні і пра акліматызацыю пасля турмы.
Напачатку нашай размовы мужчына дзеліцца надзённымі праблемамі, якія чакаюць многіх “палітычных” па вызваленні. Аднаўленне здароўя, пошук працы і пошук свайго прозвішча ў “тэрарыстычным” спісе. Рыгор распавядае, што па крымінальным артыкуле, па якім яго асудзілі, людзей часта ўносяць у спісы “тэрарыстаў”. Такія людзі, напрыклад, не могуць мець рахунак у банку, іх адмаўляюцца браць на працу. Адначасова міліцыя абавязвае іх працаўладкавацца.
Рыгора затрымлівалі днём на працоўным месцы амапавец і супрацоўнік КДБ. Проста ў кабінеце мужчыну надзелі кайданкі. Амапавец адразу пачаў вельмі моцна збіваць і нанёс Рыгору некалькі сур’ёзных траўмаў. Затым яго вывелі на вуліцу і пасадзілі ў службовы аўтамабіль, дзе працягнулі збіццё. Пасля быў шэраг допытаў, вобшук у рыгоравай кватэры, некалькі перамяшчэнняў паміж РАУС, ізалятарам і КДБ, пасля чаго мужчыну прывезлі ў ІЧУ на Акрэсціна. Першапачаткова яго пасадзілі ў камеру, разлічаную на 10 месцаў, у якой знаходзілася 18 чалавек. На наступную раніцу камеру пачалі рассяляць. Але цяпер Рыгора змясцілі ў чатырохмясцовую, дзе ўтрымлівалася 28 мужчын. Да таго ж да іх падсялілі бяздомнага, які меў праблемы з гігіенай.
Праз некалькі дзён мужчыну перавезлі ў Следчую турму ў Жодзіна (гэта адзіная ў Беларусі папраўчая ўстанова, дзе адначасова сядзяць падследныя і асуджаныя, у тым ліку на пажыццёвае зняволенне, - заўв. рэд.). Там яго сустрэлі “калідорам”, жорсткай і гвалтоўнай практыкай сілавікоў. Супрацоўнікі турмы становяцца ў два шэрагі тварамі адзін да аднаго, паміж імі праганяюць зняволеных, а сілавікі ў гэты час іх збіваюць.
Калідор з сілавікоў і невыносныя ўмовы ў камеры
Рыгор лагодна ацэньвае незаконныя дзеянні сілавікоў у турме. Напэўна, параўноўваючы іх з больш брутальным збіццём падчас затрымання: “Натуральна, там быў невялікі “калідор”. Моцна не білі, толькі падсрачнікаў надавалі”.
Камеры ў турме былі перапоўненыя ў два разы. Адміністрацыі ўстановы паступіла распараджэнне трымаць “палітычных” на асаблівым кантролі, таму Рыгору забаранілі лісты і пасылкі. Яго і іншых “палітычных” штогадзіну выклікалі на шыхтаванне, дзе трэба было называць сваё імя і прозвішча. Перыядычна ў камеры ладзілі ператрусы, наўмысна раскідваючы асабістыя рэчы. Супрацоўнікі пакідалі на ноч уключаным яркае святло, якое перашкаджала спаць. А 24 і 3 гадзіне ночы вязняў будзілі для праверкі. Адзінае, адзначае, Рыгор, ім выдалі туалетную паперу і зубную шчотку з пастай.
Праз перанаселенне ў камеры спаць было амаль немагчыма. Матрасаў было роўна столькі, колькі нараў. Людзей было ў два разы болей. Таму дзялілі пасцельныя рэчы наступным чынам. Тыя, хто спаў на нарах, клаліся на матрасы, накрываючыся прасцінаю. А пад галаву клалі навалачку, набітую рэчамі. Вязні, якія спалі на падлозе, сцялілі коўдру, таксама накрываліся прасцінаю. Але ім даставалася падушка.
Пра медычную дапамогу ў турме
Мужчына прыгадвае адзін паказальны выпадак, які характэрызуе ўзровень медычнай дапамогі ў турме. У камеры Рыгора хлопец захварэў на каранавірус. Калі зняволеных выводзілі на так званую “расцяжку” (падчас планавай праверкі ў камерах, вязняў выводзяць у калідор і стаяць тварам да сцяны, прымушаючы вельмі шырока расстаўляць ногі, - заўв. рэд.), хлопцу стала дрэнна. Па вяртанні ў камеру ён страціў прытомнасць і абмачыўся. Лекар, якога дамагліся сукамернікі, выявіў у хворага вельмі нізкі ціск – 90/30. Але ён не прыняў належных мераў і хлопца пакінулі ў камеры без лекавання. Толькі на пятыя суткі актыўных спробаў дамагчыся медычнай дапамогі, хворага паклалі ў асобную камеру на лячэнне.
Інфармацыйны голад і інструкцыі для лекаў
Першы час Рыгору ў Жодзіна не выдавалі ані газет, ані кніг, ані паперы з асадкай. З крыніц інфармацыі -толькі прапагандысцкія радыётрансляцыі. Пазней вязням пачалі перадаваць лекі ад родных. Каб хоць неяк заняць сябе, мужчыны па чарзе чыталі інструкцыі ад лекаў.
“Інфармацыйны голад быў такі, што немагчыма апісаць словамі”, - кажа Рыгор.
У такіх умовах Рыгор правёў каля месяца, пасля чаго яго перавялі ў агульную камеру ў пятым корпусе, дзе адміністрацыя дазволіла лісты і перадачы.
“Палітычны – у кайданках, абвінавачваны ў забойстве – без”
Рыгора везлі на суд цягніком у кайданках. З ім у купэ знаходзіўся чалавек, якога абвінавачвалі ў забойстве. Ён ехаў без кайданкоў. Яшчэ адна дэталь, якая добра паказвае стаўленне дзяржавы да палітвязняў.
З кожным пераводам Рыгора ў новую папраўчую ўстановую ўмовы ўтрымання толькі пагаршаліся.
“Пасля суда мяне перавялі ў СІЗА №2 Віцебска. Гэта “ўзорны” СІЗА, які яшчэ горшы за жодзінскую турму. Вядома, што першы корпус Жодзінскай турмы, у якім нас спачатку ўтрымлівалі – гэта корпус для катаванняў, і ён - выключэнне. У пятым корпусе, куды нас пазней перавялі, агулам было даволі лагодна. А Віцебскі СІЗА – гэта быў суцэльны жах. Яны там жывуць паводле рэжыма. У правілах унутранага распарадку не напісана, што матрасы днём павінны быць скручаныя і ляжаць на верхнім ярусе. Але наглядчыкі прымушаюць прыбіраць матрасы, бо, маўляў, ім яны закрываюць агляд для камер відэаназірання. Два разы на дзень трэба рабіць прыборку, за выкананнем якой пільна сочаць супрацоўнікі ізалятара. Прыборку можа рабіць толькі дзяжурны, дапамагаць яму нельга. У гэты час іншыя сукамернікі мусяць драіць свае алюмініевыя кубкі, якія шкодныя для здароўя. Пластыкавы посуд мець забаронена. Дарэчы, тэлевізары там таксама мець нельга.
Адміністрацыя штотыдзень ладзіла ў камерах шмоны. Для параўнання, у Жодзіна шмоны праводзілі або паводле раскладу раз на некалькі месяцаў, або калі знікне, напрыклад, лыжка. Жодзінская турма ў параўнанні з Віцебскім СІЗА – гэта піянерскі лагер”.
Рыгор сустрэўся ў камеры з Дзмітрыем Наважылавым з БелаПАНа.
“Дзіма трымаецца. Ён ніколі не здасца, бо гэта чалавек сваіх прынцыпаў, супраць якіх не пойдзе”.
“Доктар выдае жменю пігулак з банкі і так лекуе”
Напрыканцы адбывання свайго тэрміна Рыгор паспеў пабыць троху і ў калоніі. Там сітуацыя з меддапамогай не адрозніваецца ад СІЗА.
“У мяне была прастуда з тэмпературай. Але ў больніцу мяне класці адмовіліся. Мужчыны, якія ляжалі ў больніцы, кажуць, што адзінае добрае там - гэта магчымасць выспацца. Бо пад’ём пазней, чым у бараку. Але меддапамога не лепшай якасці: доктар выдае жменю пігулак з банкі і так лекуе. А якія гэта пігулкі – невядома. Затое прыймаць лекі ад сваякоў было забаронена”.
“Я яшчэ паміж воляй і турмой”
Напрыканцы размовы Рыгор распавдае пра свае адчуванні па вызваленні і пра акліматыцацыю пасля турмы.
“Складана сказаць, бо я яшчэ паміж воляй і турмой. Я яшчэ не разумею, што вакол мяне адбываецца. Першыя два дні на волі было дужа незвычайна. Далей патроху пачаў адаптоўвацца і ўспамінаць сваё вольнае жыццё. Але ўсё роўна звычкі адтуль яшчэ захоўваюцца. Напрыклад, сёння я хадзіў адзначацца ў РАУС. Паглядзеў у люстэрка і заўважыў, што непаголоены. А пасля думаю, якое пагаліцца, я ж на волі (паводле ўнутранага распарадку ў папраўчых установах абавязкова трэба рэгулярна галіцца, - заўв. рэд.). Ёсць адчуванне таго, што я прыеду ў РАУС і атрымаю “наруху” (парушэнне, - заўв. рэд.)”.