02.03.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, праваабаронцы, рэпартаж, справа Вясны Асобы: Алесь Бяляцкі Заўтра, 3 сакавіка, у судзе Ленінскага раёна Менска а 12:00 будзе абвешчаны прысуд праваабаронцам "Вясны": лаўрэату Нобелеўскай прэміі міру і заснавальніку арганізацыі Алесю Бяляцкаму, яго намесніку і віцэ-прэзідэнту Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека Валянціну Стэфановічу, каардынатару кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" і юрысту Уладзіміру Лабковічу, а таксама Дзмітрыю Салаўёву, якога судзяць завочна. Пракурор запатрабаваў ім ад 9 да 12 гадоў пазбаўлення волі нібы за "фінансаванне пратэстаў" у 2020 годзе і "кантрабанду наяўных грашовых сродкаў арганізаванай групай" з 2016 па 2021 гг. Адзін са слухачоў працэсу пагадзіўся ананімна падзяліцца сваімі назіраннямі. Публікуем яго маналог пра партрэт Алеся Бяляцкага.

Алесь Бяляцкі на судзе, студзень 2023 года
Алесь Бяляцкі на судзе, студзень 2023 года

"Ведаў, што яго арыштуюць за дзейнасць, якая заахвочваецца ўсёй сусветнай цывілізаванай супольнасцю"

Алеся Бяляцкага можна назваць кітом праваабарончага руху, які жыве сярод шэрагу сяброў, але пры гэтым яго атачае не малая колькасць ворагаў, што чакаюць свайго зручнага часу, каб напасці. Сам Алесь за доўгія гады працы ў праваабароне паказаў, што з'яўляецца ўвасабленнем мудрасці, разважлівасці і спакою. Гэта Чалавек з вялікай літары, які мае вельмі рэдкую якасць — пачуццё спагады, ён заўжды выслухае, дасць мудрую параду, дапаможа.

Нагадваю, што для праваабаронцы гэта не першае турэмнае зняволенне. У 2011 годзе Бяляцкага асудзілі на чатыры з паловай гады турэмнага зняволення паводле артыкулу аб нясплаце падаткаў, з якіх ён правёў у няволі 1052 дні. Беларускія ўлады вызвалілі яго раней за прысуджаны тэрмін, каб наладзіць адносіны з Еўрапейскім саюзам і ЗША. Пра тое, якой унутранай сілай валодае Алесь, можна судзіць па тым, што ён не толькі не з'ехаў з краіны пасля вызвалення з лагера, але і вярнуўся да абароны правоў чалавека ў аўтарытарнай краіне.

Так і ў выпадку са сваім другім турэмным зняволеннем Алесь Бяляцкі аказаўся верным сваім маральным прынцыпам і жыццёвым арыенцірам. Да моманту яго арышту 14 ліпеня 2021 года ў Беларусі амаль год працягваўся востры крызіс правоў чалавека, выкліканы татальнымі фальсіфікацыямі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 года, адвольнымі затрыманнямі апанентаў улады і катаваннямі мірных маніфестантаў, якія патрабавалі ад улады пачуць іх голас.

Алесь Бяляцкі ведаў, што яго арыштуюць за дзейнасць, якая заахвочваецца ўсёй сусветнай цывілізаванай супольнасцю. Выдатна разумеючы ўсе рызыкі і пагрозы, праваабаронца "выправаджваў" з краіны пад падставай камандзіроўкі сваіх аднадумцаў, сам жа прыняў бой з рэпрэсіўнай сістэмай, якую амаль тры дзесяцігоддзі адбудоўваў Аляксандр Лукашэнка.

"Слухачы разам з адвакатамі праходзяць праз металічную рамку"

Алесь Бяляцкі на судзе
Алесь Бяляцкі на судзе

На момант пачатку судовых слуханняў па справе "Вясны" ў Беларусі не засталося фізічнай прысутнасці незалежных журналістаў, а значная частка грамадскіх дзеячаў выцеснілі з краіны. У суды на адкрытыя пасяджэнні паводле рэзанансных грамадска-палітычных спраў хадзіць небяспечна праз пагрозу адвольных арыштаў. Навукоўцы, мысляры, адвакаты, лекары, палітыкі, бізнэсоўцы, святары, журналісты, спартоўцы кінутыя ў турмы за сваю грамадзянскую пазіцыю. За паўтара года папярэдняга расследавання ў дачыненні да супрацоўнікаў "Вясны" беларускія ўлады наогул скаціліся да саўдзелу ў поўнамаштабнай вайне на баку агрэсара.

Праз дваццаць месяцаў з моманту апошняй сустрэчы з Алесем Бяляцкім у мяне атрымалася трапіць на судовы разгляд па справе "Вясны" і зноў пабачыцца з ім. Беспрэцэндэнтныя меры бяспекі, прынятыя ўладамі, сведчаць пра тое, наколькі сакральным для беларускай улады з'яўляецца пытанне легітымнасці ў вачах сусветнай супольнасці. Яны вельмі хваравіта рэагуюць на непрадузятую, бесстароннюю і аб'ектыўную крытыку на адрас кіраўніцтва краіны, якое дэманстратыўным чынам парушае правы чалавека ў перыяд электаральных кампаній.

Вось я праходжу міліцэйскі патруль з гучнагаварыцелем, які дзяжурыць ля ўваходу ў будынак Дома правасуддзя. На ўваходзе ў будынак суда два супрацоўнікі міліцыі запісваюць тых, хто прыйшоў на пасяджэнне па "кантрабандзе і фінансаванні пратэстаў", у спіс, пазначаючы іх поўнае імя, дату нараджэння і грамадзянства. Журналістаў дзяржаўных медыя ў спіс прысутных сілавікі не ўносяць. Характэрна, што ў дні, калі судовыя пасяджэнні па справе праваабаронцаў не праводзяцца, такіх мер бяспекі ў будынку суда няма.

Перад самым уваходам у залу судовага пасяджэння слухачы разам з адвакатамі праходзяць праз металічную рамку, пасля яны зазнаюць працэдуру асабістага вобшуку. Сакратар судовага пасяджэння вядзе ўжо свой спіс прысутных і ў выпадку, калі чалавек упершыню з'явіўся на працэсе, запытвае, кім ён з'яўляецца абвінавачаным па справе. Пільная сакратарка судовага пасяджэння падчас слуханняў спачатку перагляданнем з супрацоўнікам канвойнай службы, а пасля праз мабільны тэлефон дае яму каманду паказаць слухачу, які паклаў свой мабільны тэлефон на спінку лаўкі перад ім і пачаў запісваць аўдыё, апусціць яго на сядзенне, "іначай гэта выкліча падазроны ў тым, што прысутны вядзе відэаздымку, якая забароненая".

"Прыгнечаны стан праз становішча ў краіне знікае, калі сустракаешся поглядам з Алесем Бяляцкім" 

Алесь Бяляцкі на судзе
Алесь Бяляцкі на судзе

Алесь Бяляцкі з уласцівай яму добрай і прыязнай усмешкай сустракае адваката, перагаворваецца некалькімі фразамі, затым садзіцца на драўляную лаву абвінавачаных, закуты ў кайданкі, поўны ўнутранага спакою і ўпэўненасці ў сабе. І вось надыходзіць момант, калі праз доўгі час даводзіцца пабачыць Алеся Бяляцкага пасля доўгага расстання, улавіць кожную эмоцыю на ягоным стомленым твары, рух скутых у турэмныя бранзалеты рук, а пасля пачуць ягоны голас, які зараджае бадзёрасцю.

Прыгнечаны стан праз становішча ў краіне за апошнія два з паловай гады знікае, калі сустракаешся поглядам з Алесем Бяляцкім, ён устае з лавы падсудных, твар панурага сівавалосага мужчыны ў адно імгненне ператвараецца ў жыццярадасны, поўны цяпла, усмешкі, нечаканасці і цікаўнасці, калі ён спрабуе скрозь шырокія плечы канвою вызірнуць і павітаць у зале свайго знаёмага. Цеплыня погляду, беззапаветная ўсмешка і дзіцячая жыццерадаснасць Алеся асвятляюць усю залу.

У гэты момант змяняецца ўвесь унутраны стан, таму што рэакцыя Алеся Бяляцкага засланяе ўсю грозную абстаноўку навокал, гэтыя эмоцыі раствараюць у свядомасці металічную клетку памерам тры на два метры і дзве пары супрацоўнікаў канвою, якія яе ахоўваюць. Даводзіцца стрымліваць сябе, каб не пачаць махаць рукой на знак прывітання, бо гэта паставіць пад пагрозу магчымасць яшчэ раз трапіць у залу на наступнае пасяджэнне праз мажлівасць арышту. У зале дзейнічаюць строгія правілы, за выкананнем якіх сочаць не толькі супрацоўнікі канвою і сакратар судовага пасяджэння, але і супрацоўнікі ў цывільнай форме адзення.

"Праз адсылкі да гісторыі Алесь высмейвае абвінавачванне"

Алесь Бяляцкі адукаваны і культурны чалавек, які валодае вельмі тонкім пачуццём гумару. У перыяд абвяшчэння пісьмовых матэрыялаў крымінальнай справы, калі пракурор зачытвае звесткі з сістэмы пасажыраплыні пра аднадзённыя паездкі Алеся Бяляцкага ў Вільню, праваабаронца адказвае:

"Я хачу звярнуць увагу, што Вільня 600 гадоў была і для нас сталіцай, і ездзіць у Вільню — гэта традыцыя ўсіх нашых продкаў усіх пакаленняў. А мы, калі мы былі студэнтамі ў 80-ыя гады, ездзілі ў Вільню, каб раніцай папіць кавы. Таму гэтыя аднадзённыя паездкі для вас, каму выезд за мяжу Рэспублікі Беларусь забаронены ў несяброўскія краіны, можа здацца чымсьці дзіўным, а для нармальных грамадзян, для беларусаў — гэта нармальная гістарычная традыцыя".

Так дыпламатычна і ветліва, Алесь Бяляцкі праз гістарычны экскурс у часе высмейвае неадукаванасць служак закона, якія на шматлікіх аркушах абвінавачвання сцвярджаюць, што з дапамогай такіх паездак у Беларусь увозілася сума наяўных грашовых сродкаў, якія потым выдаткоўваліся на пратэсную дзейнасць.

Алесь Бяляцкі вельмі тонка іранізуе з нагоды даных білінгу, якія сабрала следства і агучвае ў судзе абвінаваўца пра ягонага калегу Віктара Сазонова з Гродна, і звяртаецца да суда: "У мяне дапаўненне ды гэтай інфармацыі". На што суддзя адказвае: "По существу, пожалуйста!". Бяляцкі працягвае:

"Сазонаў з'яўляецца беларускім пісьменнікам. Гэта інфармацыя для тых людзей, якія недастаткова ведаюць беларускую культуру, ён напісаў некалькі кніжак-апавяданняў на беларускай мове. Быў "членом" па-вашаму, Саюза пісьменнікаў Беларусі, напісаў кніжку "Запіскі кантрабандыста". Мне здаецца змест гэтай кнігі недастаткова вывучаны".

Ацэньваючы стаўленне Алеся Бяляцкага да абвінавачвання і незадаволенае пытанне суддзі "по существу дела дополнения, Беляцкий, будут? Беляцкий, как это относится к материалам дела, объясните!" можна пабачыць самую сутнасць дыялектыкі, у якой ідзе барацьба адукаванасці і інтэлігентнасці з невуцтвам, культуры з поўнай яе адсутнасцю, прававых каштоўнасцяў з беззаконнем, дзе светлае ваюе з цемрай.

Алесь Бяляцкі, які глыбока ведае гісторыю сваёй краіны, каментуючы даныя мабільнага аператара пра месцы знаходжання яго абаненцкага нумара, у тым ліку і на ягоным лецішчы ў сарака кіламетрах ад Мінска — Ракаве, тлумачыць:

гадвалася мястэчка Ракаў, якое ў 20-30-ыя гады было сталіцай кантрабандыстаў з таго боку мяжы. Маё знаходжанне ў Ракаве можа быць таксама недастаткова было вывучана следствам і пракуратурай? Можа гэта таксама звязана з тым, што там была сталіца кантрабандыстаў, маё знаходжанне там не проста так?!"

Праз адсылкі да гісторыі Алесь іранічна і тонка высмейвае абвінавачванне, высунутае супраць яго і калегаў.

"Беларуская мова — гэта неад'емная і арганічная частка ягонай беларускай сутнасці" 

Алесь Бяляцкі на судзе, студзень 2023 года
Алесь Бяляцкі на судзе, студзень 2023 года

На працягу судовага разгляду Алесь Бяляцкі знаходзіцца на лаве падсудных з простай паставай, якая сімвалізуе ягоную нязломнасць, упэўненасць у слушнасці сваёй справы. Бяляцкі, які адзначыў сваё 60-годдзе ўвосень, застаецца даволі адважным у сваёй паставе нават на фоне сваіх маладзейшых паплечнікаў.

Выява Алеся Бяляцкага, змешчанага ў металічнай клетцы і закутага кайданкамі, абкладзенага ўзмоцненым канвоем у бронекамізэльках, нязвыклая таму, хто доўгі час з ім знаёмы. Заўсёды сціпла і густоўна апрануты, праваабаронца на лаве падсудных знаходзіцца ў чорнай байцы і спартовых штанах. Падчас пасяджэння праваабаронца падыходзіць блізка да клеткі, калі яго адвакат дэманструе яму змест тамоў крымінальнай справы, з якімі ён не паспеў азнаёміцца. Дзеля азнаямлення з пісьмовымі матэрыяламі Алесь Бяляцкі выкарыстоўвае акуляры. Акуляры — нязвыклы для Алеся аксэсуар, бо на волі я ні разу яго не бачыў у іх. Калі штосьці даводзілася паказваць яму на смартфоне, ён заўсёды прыжмурыўшыся чытаў і абыходзіўся без іх. Неабходнасць выкарыстоўваць акуляры сведчыць пра жахлівыя ўмовы, у якіх Нобелеўскі лаўрэат знаходзіцца ў сырым сутарэнным памяшканні двухсотгадовага Пішчалаўскага замка ў самым цэнтры беларускай сталіцы. Вязень замка пазбаўлены неабходнай колькасці сонечнага святла і свежага паветра, шпацыраў і рухальнай актыўнасці, а стрэсавая сітуацыя накладае свой непазбыўны адбітак на зроку чалавека, якога часта асацыююць з сумленнем беларускай нацыі.

На адным з пасяджэнняў Алесь Бяляцкі заяўляе свой рашучы пратэст у дачыненні да як крымінальнай справы, так і тых зневажальных чалавечую годнасць умоў, у якіх праваабаронцаў "Вясны" ўтрымліваюць 555 дзён. Усё гэта Алесь Бяляцкі перадае на мілагучнай беларускай мове, разнастайнай і багатай у ягонай гаворцы. Бяляцкі напоўніцу карыстаецца падчас судовага працэсу сваёй роднай мовай, якая ідзе ад ягоных каранёў і беларускіх генаў. Родная для Алеся мова — беларуская — гэта неад'емная і арганічная частка ягонай беларускай сутнасці, праз меладычнасць і разнастайнасць якой ён перадае свае думкі, пачуцці, эмоцыі, перакананні і высновы.

"Калі пракурор запатрабаваў пакаранне для заснавальніка "Вясны", на твары Алеся не праскочыла ніводнай эмоцыі"

Алесь Бяляцкі, больш за паўтара года знаходзячыся ў камеры следчага ізалятара, сваімі скутымі рухамі выклікае захапленне сваёй прагай да жыцця. У адзін з дзён, калі суддзя і засядацелі яшчэ не вярнуліся ў залу, перад аднаўленнем пасяджэння пасля абеду ён улоўлівае момант, сустрэўшыся поглядам са сваім знаёмым, пакуль прысутных у зале не адгарадзіў ад яго канваір, Алесь паднімае рукі і двойчы праводзіць імі ў кайданках знізу ўверх па сваім падбародку кароткімі судотыкамі, шырока ўсміхаючыся, паказваючы тым самым, што ён ухваляе ягоны новы імідж.

У момант, калі пракурор запатрабаваў пакаранне для заснавальніка "Вясны" ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 12 гадоў, на твары Алеся не праскочыла ніводнай эмоцыі, ён і вокам не міргнуў, захоўваючы спакой, стаічную мужнасць, дэманструючы нязломную сілу духу перад тварам рэпрэсій і таго тэрміну, які ў сукупнасці з ягоным ўзростам і катавальнымі ўмовамі ў беларускіх лагерах, што бяруць свой пачатак са сталінскага ГУЛАГа, можа зрабіцца пажыццёвым тэрмінам турэмнага зняволення для 60-гадовага мужчыны.

Алесь Бяляцкі, чалавек глыбокі і мудры, валодае вельмі рэдкай якасцю, якая шмат у чым і робіць яго лідарам думак — гэта ўменне займаць пазіцыю вышэй за ўсе акалічнасці, дзе ён сам, самааддана, не шкадуючы сябе, абараняе людзей, якія апынуліся з ім на адной лаве падсудных. Так, падчас усяго працэсу праваабаронца апелюе да матэрыялаў крымінальнай справы, што агалошваюцца, і просіць паказаць хоць бы на адзін доказ, які хоць бы ўскосным чынам паказваў на крымінальны характар паводзінаў ягоных калегаў, якія сядзяць з ім на лаве падсудных, і яго асабіста. Гэтая рыса высокамаральнага чалавека выяўляецца ў ім і ў апошнім слове, якое ён прамаўляе, перш чым суд сыдзе ў дарадчы пакой. Алесь Бяляцкі пералічвае пласты грамадства і прафесіі, якія апынуліся пад катком рэпрэсій, і заклікае пачаць шырокі грамадскі дыялог, накіраваны на нацыянальнае прымірэнне.

"Апошняе слова праваабаронцы прасякнутае абаронай каштоўнасцяў і ідэалаў, увасабленнем якіх з'яўляецца ён сам"

Алесь Бяляцкі на судзе
Алесь Бяляцкі на судзе

Бяляцкі ў сваім апошнім слове не каментуе брудныя, абсурдныя, сфабрыкаваныя следствам і пракуратурай абвінавачванні наогул, ён вышэй за ўсёй гэтай так званай крымінальнай справы. Алесь на працягу ўсяго працэсу дае зразумець, што ён не мае ілюзій адносна спектакля, які грае правасуддзе перад ім, бо судовая галіна ўлады ўжо даўно зрабілася судовай сістэмай, гатовай паводле адмашкі перамалоць любога, на каго паступіць палітычная замова.

У сваім апошнім слове Алесь адзначае, што тыя прафесійныя супольнасці, да якіх ён належаў доўгі час, за перыяд ягонага зняволення зрабіліся забароненымі ў Беларусі. Праваабаронца паказвае, што з чатырох адвакатаў, якім ён даручаў сваю абарону, адзін ужо асуджаны на восем гадоў зняволення, яшчэ двое пазбаўленыя статусу адваката адвольна, і толькі адна дайшла да фінішу. Усё гэта дазваляе нават абывацелю зразумець, наколькі няроўны бой дзяржава вядзе з праваабаронцам.

Алесь Бяляцкі разумее, што ягоныя рэплікі адносна тых дакументаў, якія высоўваюць супраць яго ў наяўных умовах, судовая сістэма адхіліць і гэта ніякім чынам не паўплывае на тэрмін зняволення, які напіша суддзя ў дарадчым пакоі ў тэксце прысуду. Апошняе слова праваабаронцы прасякнутае абаронай каштоўнасцяў і ідэалаў, увасабленнем якіх з'яўляецца ён сам. Гэта вольнае ад засілля рэпрэсій грамадства, дэмакратычная дзяржава, нацыянальна арыентаваны ўрад. У цэнтры гэтай канцэпцыі знаходзяцца правы і свабоды чалавека як найвышэйшай каштоўнасці і мэты дзяржавы.

"Досыць, трэба спыняць гэтую грамадзянскую вайну!" Праваабаронцы "Вясны" выступілі на судзе з апошнімі словамі

Публікуем апошнія словы на судзе нашых калегаў — у аўдыё і тэкставай версіях, а таксама працягваем патрабаваць іх вызвалення.

Крыніца: "Калі пракурор запрасіў 12 гадоў, на твары Алеся не праскочыла ніводнай эмоцыі". Партрэт Алеся Бяляцкага на судзе