02.03.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед У Кастрычніцкім судзе Магілёва 22 лютага асудзілі Дзмітрыя Сяргеева паводле арт. 370 (Здзек над дзяржаўнымі сімваламі). Суддзя Вольга Краўчанка прызначыла Сяргею адзін год і шэсць месяцаў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (“хіміі”).

Судовае пасяджэнне мела выязны фармат. Судзілі адразу дзевяць чалавек, “схільных да злачынстваў і правапарушэнняў экстрэмісцкай скіраванасці”.

Як паведаміла следства, 28-гадовы Дзмітрый у нецвярозым стане ў снежні 2022 года ў гандлёвай зале крамы “рукамі схапіў палотнішчы сцяга, якія ляжалі на металічным стэлажы крамы, вырваў іх з флагштоку і кінуў на падлогу, чым праявіў абразлівае стаўленне да дзяржсімволікі”.

Мужчына прызнаў віну часткова.

Крыніца: “Рукамі схапіў палотнішчы сцяга і кінуў на падлогу”. Мужчыну асудзілі на паўтара года “хіміі” за сарваны сцяг