02.03.2023 Тэгі: крымінальны пераслед, ЕС-Беларусь Яўгенія Старавойтава. Суд Ленінскага раёна Мінска 15 лютага разгледзеў крымінальную справу 26-гадовай жыхаркі сталіцы Яўгеніі Старавойтавай. Яе абвінавацілі ў абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369), абразе Аляксандра Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368) і арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо ўдзеле ў іх (ч. 1 арт. 342).

Справу разглядала суддзя Юлія Шут.

Палітзняволеная Яўгенія Старавойтава была затрымана 4 лістапада 2022 года і першапачаткова асуджаная на 13 сутак адміністрацыйнага арышту. Пасля заканчэння арышту Яўгенію не адпусцілі, а прад'явілі абвінавачванні па крымінальных артыкулах: спачатку паводле ч. 1 арт. 368 КК за абразу Лукашэнкі, затым паводле ч. 1 арт. 342 КК за ўдзел у паслявыбарчых пратэстах у 2020 годзе і паводле арт. 369 КК за абразу прадстаўніка ўлады.

Суд прызнаў Яўгенію вінаватай і прызначыў ёй пакаранне ў выглядзе абмежавання волі тэрмінам два з паловай гады без накіравання ў ПУАТ ("хатняя хімія").

Старавойтаву вызвалілі з-пад варты ў зале суда.

Крыніца: Палітзняволеная Яўгенія Старавойтава пакараная "хатняй хіміяй" па пратэсных артыкулах