03.03.2023 Тэгі: суды, грамадства, палітвязні, праваабаронцы, міжнародная салідарнасць праваабаронцаў, справа Вясны Асобы: Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Уладзімір Лабковіч Акцыя салідарнасці з палітзняволенымі "вясноўцамі" прайшла ў Вільні, у дзень і час прысуду над імі. Распавядаем, што казалі яе ўдзельнікі.
Падчас правядзення акцыі стаў вядомы прысуд палітзняволеным "вясноўцам": Алесю Бяляцкаму — 10 гадоў калоніі, Валянціну Стэфановічу — 9 гадоў калоніі, а Уладзіміру Лабковічу — 7 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Гэта на два гады менш, чым запытваў пракурор. Але на гэта звяртаць увагу не варта, лічыць сябра Рады “Вясны” Аляксей Колчын:
"Тым не менш гэтыя прысуды абральныя. І калі б ім далі год турмы — то ўсё роўна былі б абуральня тэрміны, якія з’яўляюцца пакараннем за абсалютна легітымную, правамоцную праваабароную дзейнасць, якой яны займаліся ўсё сваё жыццё. Гэта помста дзяржавы – і няважна, колькі гадоў яны далі”.
Адзіным прысудам, які быў бы справядлівым у дадзенай сітуацыі, — апраўдальны, лічыць юрыст і сябра Рады “Вясны” Павел Сапелка:
"Таму любы тэрмін пазбаўлення волі, любое крымінальнае пакаранне — гэта ўжо самавольства, і гэта несправядлівы прысуд. Тое, што суд касметычна знізіў тое бесчалавечна жорсткае пакаранне, якое запатрабаваў прадстаўнік дзяржабвінавачання, ніякім чынам не змяняе карціну. Гэта нічога не азначае. І нічога не будзе азначаць і той факт, калі апеляцыя знізіць пакаранне, таму што адзінае справядлівае рашэнне — гэта апраўданне і аднаўленне парушаных правоў, і поўная рэабілітацыя нашых калег, у тым ліку Марфы Рабковай, Андрэя Чапюка і Леаніда Судаленкі".
Алесь Буракоў з Магілёўскай філіі “Вясны” памеркаваў, як палітзняволеныя калегі ўспрынялі агучаны прысуд:
"Я не магу ўявіць, таму што я сам ніколі ў такой сітуацыі не быў. Але я спадзяюся, што яны ўсё ж не згубілі свой настрой і сваю стойкасць".
Да гэтай думкі далучылася і Алена Маслюкова з Гомельскай філіі “Вясны”:
"Са свайго асабістага досведу і назірання магу сказаць дакладна, што ўсе яны з гонарам пачулі свій прысуд. Я думаю, што ўсе яны выглядалі вельмі годна. Спадзяюся, што яны не будуць столькі сядзець, колькі ім прысудзілі".
Пазней стала вядома, што палітзнявленыя "вясноўцы" успрынялі прысуд з усмешкамі на тварах.
"Напружвае то, што суда ў Беларусі няма, — працягнула Алена Маслюкова. — І мы не лічым гэты прысуд законным. Мы разумеем, што нашыя сябры сёння ў палоне гэтай сістэмы, яны сталі закладнікамі гэтай сістэмы, як і астатнія палітзняволеныя. І таму мы тут стаім, каб падтрымаць усіх людзей, якія зараз за кратамі, і нашых сяброў.
Калі ты на волі, і калі чалавек у зняволенні — гэта розны статус і розны эмацыйны стан. Нам балюча, і я разумею, наколькі цяжка ім там знаходзіцца. Але я думаю,што яны ведаюць, што мы разам з імі, што мы іх падтрымліваем і ніколі іх не пакінем. І будзем змагацца з гэтай сістэмай, за тое, каб яны былі вызваленыя".
Акцыю прыйшлі падтрымаць і беларусы, якія жывуць у Вільні, бо з’ехалі з радзімы праз рэпрэсіі. Сярод іх — Вікторыя Касцючэнка, якая сутыкнулася з палітычна-матываваным судом:
"Я ўдзячная "Вясне" за дапамогу. На працягу судовага пераследу мяне падтрымлівалі, заўсёды дапамагалі словам і справай.Самае галоўнае тут — чалавечая падтрымка.
Чаму я тут? "Вясна" – гэта правільная справа, і малайцы, што застаюцца людзі, якія дапамагаюць і падтрымліваюць у гэтай нялёгкай сітуацыі. А яшчэ Алесь Бяляцкі са Светлагорску. А мая маладосць і юнацкасць пайшла ў Светлагорску - мы землякі. Тое, што робіцца з боку ўладаў — гэта бесчалавечна, гэта… ці можна казаць "бессаромна"? Бо для таго, каб было бессаромна і бессаромна - для гэтага павінна быць сумленне і сорам. А для гэтых людзей [з боку ўлады — Заўв.] няма ні таго, ні іншага. Таму я тут".
Месца правядзення акцыі абранае невыпадкова — каля фрэскі з выявай Алеся Бяляцкага. Яна знаходзіцца насупраць амбасады Беларусі ў Літве.
Крыніца: "Адзіны справядлівы прысуд — гэта апраўданне". Што казалі на акцыі салідарнасці ў Вільні