03.03.2023 Тэгі: грамадства, палітвязні, міжнародная салідарнасць праваабаронцаў, справа Вясны У судзе Ленінскага раёну Мінска 3 сакавіка лаўрэату Нобелеўскай прэміі міру, старшыню ПЦ "Вясны", праваабаронцу і літаратару Алесю Бяляцкаму прызначылі 10 гадоў калоніі. Намесніку старшыні "Вясны" Валянціну Стэфановічу - 9 гадоў калоніі. Каардынатару кампаніі "Праваабаронцы за свабодны выбары" Уладзіміру Лабковічу - 7 гадоў калоніі.
Збіраем рэакцыі міжнароднай супольнасці на ганебны прысуд вясноўцам.
Рада Цэнтра абароны правоў чалавека “Мемарыял” апублікавала заяву з нагоды прысуду:
“Прысуд, як і сам крымінальны пераслед Бяляцкага, Стэфановіча і Лабковіча – непрыхаваная беззаконная расправа за іх праваабарончую дзейнасць падчас кампаніі тэрору супраць грамадзянскай супольнасці і ўсяго народу Беларусі, разгорнутай дыктатарскім рэжымам у жніўні 2020 года пасля выбараў, якія прайграў Лукашэнка
Мы патрабауем вызвалення Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча і Уладзя Лабковіча. Выказваем ім сваю падтрымку і салідарнасць. Свабоду палітвязням!”
PEN-International: Лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру, сябра ПЭН-цэнтра Алесь Бяляцкі асуджаны да турмы.
Герман Рохас, старшыня камітэта “Пісьменнікі за мір” Міжнароднага ПЭН-цэнтра, сказаў:
"Міжнародны ПЭН-цэнтр узрушаны прысудам лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру 2022 года Алеся Бяляцкага да 10 гадоў пазбаўлення волі. Бяляцкі прысвяціў сваё жыццё прасоўванню дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусі. У снежні яму забаранілі выступіць з прамовай на цырымоніі ўручэння Нобелеўскай прэміі міру, дзе яго віталі як маяк святла для рэгіёну і за яго межамі. Бяляцкі з'яўляецца сімвалам надзеі, які натхняе праваабаронцаў ва ўсім свеце, і яго трэба шанаваць як такога. Мы заклікаем да яго неадкладнага і безумоўнага вызвалення, а таксама да адмены прысуду і асуджэння".
“Ён адзін з самых моцных галасоў за дэмакратыю і правы чалавека ў Беларусі. Адчайная спроба беларускага рэжыму прымусіць яго і іншых крытыкаў рэжыму замаўчаць доўгімі турэмнымі тэрмінамі жудасная, але не нечаканая. Дэмакратычны рух у краіне сутыкнуўся з жорсткімі рэпрэсіямі з боку рэжыму пасля пратэстаў 2020 года, і сітуацыя пастаянна пагаршаецца. Міжнародная супольнасць павінна працягваць падтрымліваць тых, хто выступае за правы чалавека і дэмакратыю ў Беларусі”, - кажа Андэрс Л. Петтэрсан, выканаўчы дырэктар Civil Rights Defenders.
FIDH заклікае да "жорсткай міжнароднай рэакцыі" на прысуд праваабаронцам "Вясны".
“Пасля суда, які прайшоў з парушэннямі, нашы калегі Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч і Уладзімір Лабковіч былі прыгавораны да 10, 9 і 7 гадоў пазбаўлення волі адпаведна. Мы асуджаем гэты жорсткі і абсурдны прыгавор і заклікаем да жорсткай міжнароднай рэакцыі", — гаворыцца ў паведамленні Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека.
Крыніца: Рэакцыя міжнароднай супольнасці на прысуд вясноўцам