03.03.2023 Тэгі: адміністратыўны пераслед, ціск, затрыманні, экстрэмізм У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 3 сакавіка збірае факты палітычнага пераследу беларусаў – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Сустаршыні расійскага "Мемарыяла", які хацеў прыляцець у Мінск на суд па справе "Вясны", забаранілі ўезд у Беларусь

Як паведаміла @polniypc, у 7:45 падчас пасадкі прадстаўнік «Аэрафлоту» заявіў Алегу Арлову, што рашэннем уладаў Беларусі яму забаронены ўезд у краіну. Аб гэтым ім нібыта паведамілі толькі калі ўжо ішла рэгістрацыя.

«Злачынствы пажадана здзяйсняць без сведкаў. Рэжым Лукашэнкі рыхтуецца сёння здзейсніць злачынства — вынесці жорсткі, несправядлівы абвінаваўчы прысуд маім калегам-праваабаронцам і сябрам з цэнтра “Вясна”. За што? Выключна за іхную праваабарончую працу.

Таму не здзівіўся, калі пры пасадцы ў самалёт даведаўся, што мне забаронены ўезд у лукашэнкаўскую Беларусь. Спадзяюся прыехаць у паслялукашэнкаўскую Беларусь і абняць вясноўцаў на волі», — пракаментаваў сітуацыю Арлоў.

Жонку полацкага актывіста СПБ адправілі за краты на 15 сутак

Святлану Стукаву, жонку актывіста Свабоднага Прафсаюзу Беларускага Віктара Стукава, затрымалі 27 лютага наўпрост на працы. Супраць яе склалі два адміністрацыйныя пратаколы: за "несанкцыянаванае пікетаванне" паводле арт 24.23 КаАП і за "распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў" паводле ч.2 арт. 19.11 КаАП. Але ў выніку судзілі толькі па арт. 19.11 КаАП.

Полацкая суддзя Яніна Марцулевіч прызнала (https://bit.ly/3y7IiRu) Святлану вінаватай і асудзіла да 15 сутак арышту. Падставай для адміністрацыйнай справы стала падпіска жанчыны ў Фэйсбуку на "BySol". Суддзя палічыла, што падпіска захоўвалася ў мэтах распаўсюду звестак пра арганізацыю, прызнаную экстрэмісцкай.

Інфармацыя дапаўняецца

Крыніца: Новыя затрыманні і "экстрэмісцкія" матэрыялы: хроніка пераследу 3 сакавіка