03.03.2023 Тэгі: праваабаронцы, заявы, справа Вясны Асобы: Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Уладзімір Лабковіч Мы, беларускія праваабарончыя арганізацыі, заяўляем рашучы пратэст супраць абвінаваўчага прысуду ў дачыненні да лідараў і сябраў Праваабарончага цэнтра “Вясна” і выказваем сваю салідарнасць з імі і іх калегамі.
3 сакавіка 2023 года суд Ленінскага раёна г. Мінска прысудзіў Алеся Бяляцкага, кіраўніка ПЦ "Вясна" і лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру да 10 гадоў пазбаўлення волі, Валянціна Стэфановіча, намесніка кіраўніка ПЦ "Вясна" і віцэ-прэзідэнта міжнароднай арганізацыі "Міжнародная федэрацыя за правы чалавека" (FIDH) – да 9 гадоў пазбаўлення волі, Уладзіміра Лабковіча, юрыста ПЦ "Вясна" і каардынатара кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" – да 7 гадоў пазбаўлення волі, а таксама сябра арганізацыі Змітра Салаўёва – да 8 гадоў пазбаўлення волі завочна. Акрамя таго, усім абвінавачаным суд прызначыў вялізныя штрафы (ад 111 тысяч да 185 тысяч беларускіх рублёў) і пастанавіў спагнаць у салідарным парадку суму ў памеры 752 тысячы рублёў (каля 300 тыс. долараў ЗША).
Мы разглядаем вынесены прысуд выключна як палітычную расправу і помсту за мірныя дзеянні кіраўніцтва і сябраў ПЦ “Вясна” па абароне правоў і свабод чалавека ў Беларусі. Праваабарончы цэнтр “Вясна” – гэта адна з найстарэйшых і аўтарытэтных праваабарончых арганізацый Беларусі, створаная для дапамогі людзям, якія пацярпелі ад рэпрэсій, што пачаліся вясной 1996 года і працягваюцца дагэтуль. З моманту свайго заснавання “Вясна” дапамагла дзясяткам тысяч беларускіх грамадзян, на працягу ўсёй сваёй гісторыі займалася абаронай і прасоўваннем правоў чалавека, ладзіла бесперапынны маніторынг іх захавання. Дзейнасць ПЦ "Вясна" высока ацэньваецца як унутры краіны, так і на міжнародным узроўні. За час свайго існавання “Вясна” і яе сябры былі ўганараваны шматлікімі прэстыжнымі прэміямі і ўзнагародамі ў галіне правоў чалавека.
Гэты прысуд – чарговая форма пераследу ПЦ “Вясна” і яго сябраў, які працягваецца ўжо два дзесяцігоддзі. У 2003 годзе арганізацыя была пазбаўлена дзяржаўнай рэгістрацыі, што пасля было прызнана Камітэтам па правах чалавека ААН парушэннем права на свабоду асацыяцый. У 2011 годзе кіраўнік арганізацыі Алесь Бяляцкі быў асуджаны на чатыры з паловай гады зняволення за атрыманне замежнай дапамогі на праваабарончую дзейнасць арганізацыі. Кіраўніцтва і актывісты арганізацый увесь час былі пад пагрозай крымінальнага пераследу паводле арт. 193-1 Крымінальнага кодэкса за арганізацыю ці ўдзел у дзейнасці незарэгістраванай арганізацыі, што не перашкодзіла ім працягваць ажыццяўляць праваабарончую дзейнасць.
Мы адзначаем шматлікія парушэнні правоў абвінавачаных падчас разгляду крымінальнай справы, у першую чаргу парушэнне прэзумпцыі невінаватасці (асвятленне ходу крымінальнай справы ў дзяржаўных СМІ з аднабаковай ацэнкай вінаватасці абвінавачаных да ўступлення ў законную сілу прысуду суда), права не зазнаваць жорсткага абыходжання, якое зневажае годнасць (судовы працэс абвінавачаныя правялі ў кайданках), права на абарону (былі праігнараваны просьбы абвінавачаных аб дадатковым часе на азнаямленне з вялізным аб'ёмам матэрыялаў крымінальнай справы, аб вядзенні судаводства на беларускай мове), права на справядлівы суд (адвольныя абмежаванні доступу публікі і журналістаў у залу судовага разбору, абвяшчэнне прысуду ў зале, запоўненай, як мяркуецца, курсантамі Акадэміі МУС).
Мы таксама адзначаем, што крымінальная справа паводле ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса (Ухіленне ад выплаты падаткаў), якая сталася падставай для іх затрымання і ўтрымання пад вартай больш за год, была спынена. Пасля чаго ім прад'явілі новае абвінавачанне ў "кантрабандзе арганізаванай групай" (ч. 4 арт. 228 КК) і "фінансаванні групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак" (ч. 2 арт. 342 КК). У ходзе судовага разбіральніцтва такая законная дзейнасць, як аказанне дапамогі ахвярам парушэнняў правоў чалавека, аплата паслуг адвакатаў, маніторынг, ажыццяўленне іншай праваабарончай дзейнасці, была прызнана злачыннай.
Такая кваліфікацыя, відавочна, ідзе насуперак Канстытуцыі, а таксама міжнародным абавязкам Беларусі ў галіне правоў чалавека, у прыватнасці, Міжнароднаму пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах. Яна з'яўляецца парушэннем міжнародных стандартаў, якія тычацца падтрымкі і заахвочвання праваабарончай дзейнасці, напрыклад, Дэкларацыі аб праве і абавязку асобных асоб, груп і органаў грамадства заахвочваць і абараняць агульнапрызнаныя правы чалавека і асноўныя свабоды, Кіруючых прынцыпаў АБСЕ па абароне праваабаронцаў, Кіруючых прынцыпаў па свабодзе аб'яднанняў і іншых.
У сувязі з гэтым мы, беларускія праваабарончыя арганізацыі, патрабуем ад беларускіх уладаў:
- Адмяніць прысуды, неадкладна і безумоўна вызваліць Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча, Уладзіміра Лабковіча, зняць з іх, а таксама са Змітра Салаўёва і іншых сябраў "Вясны", усе абвінавачанні.
- Спыніць судовы пераслед, іншы ціск на ўсіх беларускіх праваабаронцаў, прадстаўнікоў арганізацый грамадзянскай супольнасці.
Мы заклікаем праваабарончыя арганізацыі розных краін, іншыя арганізацыі грамадзянскай супольнасці праявіць салідарнасць з беларускімі праваабаронцамі.
Мы звяртаемся да міжнародных органаў і арганізацый з просьбай неадкладна адрэагаваць на суровыя прысуды ў дачыненні да кіраўніцтва і сябраў ПЦ “Вясна”, даць ім сваю ацэнку, а таксама сістэмна і комплексна рэагаваць на бесперапынныя парушэнні правоў чалавека ў Беларусі.
Беларускі Хельсінкскі Камітэт
Lawtrend
Human Constanta
Беларускі ПЭН
Прававая ініцыятыва
Беларуская асацыяцыя журналістаў
Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава