06.03.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед У Мінскім гарадскім судзе 6 сакавіка ў завочным парадку асудзілі Святлану Ціханоўскую, Паўла Латушку, Вольгу Кавалькову, Марыю Мароз, Сяргея Дылеўскага. Суддзя Пётр Арлоў прызначыў Святлане 15 гадоў калоніі, Паўлу 18 гадоў калоніі, Вользе, Марыі і Сяргею 12 гадоў калоніі агульнага рэжыма "завочна". Дзяржабвінавачванне падтрымліваў пракурор Міхаіл Кавалёў.
Усіх абвінавачваных судзілі у межах адной крымінальнай справы. Агулам ім інкрымінавалі 12 артыкулаў. Першае судовае пасяджэнне адбылося 17 студзеня.
Нагадаем, Следчы камітэт 20 кастрычніка 2022 года распачаў працэс спецыяльнай вытворчасці ў дачыненні ўсіх фігурантаў справы. 30 лістапада справу перадалі генеральнаму пракурору для накіравання ў суд.
11 студзеня Святлана Ціханоўская звярнулася ў Мінскі гарадскі суд з патрабаваннем прадаставіць ёй права азнаёміцца з матэрыяламі справы па яе завочнаму суду. А таксама апавясціла суд аб тым, што збіраецца скарыстацца сваім правам на адваката. Яна таксама напісала Мінскай гарадской і Рэспубліканскай калегіям адвакатаў аб тым, што хоча звязацца з прызначаным ёй адвакатам і выпрацаваць пазіцыю.
Святлана Ціханоўская падкрэсліла, што лічыць працэдуру завочнай судавытворчасці парушэннем базавых правоў і свабодаў чалавека.
Павел Латушка адмовіўся ад назначанага яму адваката. Паводле яго словаў, Следчы камітэт спрабуе стварыць бачнасць законнасці, але ў яго гэта дрэнна атрымліваецца. Таксама ён патрабаваў атрымаць копію пастановы аб узбуджэнні крымінальнай справы альбо аб прызнанні падазраваным. Але адпаведанага дакумента не атрымаў.
Спецыяльная вытворчасць – вытворчасць па крымінальнай справе ў дачыненні абвінавачванага, які знаходзіцца па-за межамі Рэспублікі Беларусь і ўхіляецца ад яўкі ў орган, які вядзе крымінальны працэс.
Сёння ў Мінску завочна будуць судзіць Святлану Ціханоўскую і іншых фігурантаў “справы Каардынацыйнай рады”