08.03.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, грамадства, ціск, рэпрэсіі, дыфамацыя Стала вядома, што 16 лютага 2023 года ў судзе Пінска і Пінскага раёна вынесены прысуд 62-гадовай Наталлі Паўлючэнка. Жанчыну прызналі вінаватай паводле арт. 368 Крымінальнага кодэкса ("абраза Лукашэнкі") і асудзілі да двух гадоў абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ ("хатняй хіміі"). 

Справу разглядзеў суддзя Андрэй Бычыла.   

Вядома, што жанчыну затрымалі ў снежні 2022 года. Да суду яна знаходзілася пад падпіскай аб нявыездзе, а пасля затрымання правяла трое сутак з 16 па 19 снежня 2022 года ў Пінскім ІЧУ.

Наталлю Паўлючэнка асудзілі за каментар у сацсетцы "Аднакласнікі" 17 сакавіка 2021 года у бок Лукашэнкі ў суполцы "Медиа-Полесье" пад навінай пра памерлага ў пінскай лякарні пацыента. Каментар прызналі наўмыснай публічнай абразай Лукашэнкі.

Гэта не першы падобны выпадак у судзе Пінскага раёну. Нагадаем, раней паводле гэтага ж артыкулу асудзілі 54-гадовую Жанну Паўловіч.

54-гадовую жанчыну асудзілі да "хатняй хіміі" за каментар у бок Лукашэнкі

Яе прызналі вінаватай у абразе Лукашэнкі паводле арт. 368 Крымінальнага кодэксу.

На судзе Наталля Паўлючэнка не прызнала віну. Яна патлумачыла, што ўбачыла ў суполцы паведамленне пра смерць пацыента праз дзеянні аховы Лукашэнкі, таму размясціла паведамленне. Але яна не прызнае віну, бо каментар датычыўся не Лукашэнкі, а ягонай аховы, і меў дачыненне не да ягонай асобы, а да дзеянняў аховы. Яна сказала, што наогул не бачыла фотаздымак над каментаром і ацэньвала выключна тэкст. Таксама Наталля была ўпэўненая, што абразлівае слова, якое ёй паставілі ў віну, з'яўляецца зборным: менавіта таму яна ўжыла займеннік "эту", а не "эти".

Абвінавачанне, аднак, палічыла віну Паўлючэнкі цалкам даказанай — дадзенымі мабільнага аператару, экспертызамі, якія прызналі, што каментар утрымлівае негатыўную ацэнку Лукашэнкі. Экспертыза таксама абвергла выказванне Наталлі аб тым, што абраза датычылася дзеянняў аховы. У сваім рашэнні эксперты кіраваліся тым, што аховы амаль не бачна на заднім плане за Лукашэнкам, а таксама што аб'ём фотаздымку з ягонай выявай нашмат большы за тэкст пад ім, таму яго немагчыма не ўбачыць. Таксама экспертыза зазначыла, што сэнс паведамлення абвінавачанай — "нецярплівае зычанне хуткай смерці", якое з'яўляецца яўна непрыстойным у любым грамадстве, незалежна ад нарматыўнасці формы выказвання. Таксама ў экспертызе адзначылі, што "насуперак довадам абвінавачанай нецяплівае зычанне хуткай смерці можа быць адрасавана выключна чалавеку, але ніяк не "службе бяспекі".

Крыніца: Пенсіянерку асудзілі да "хатняй хіміі" за "нецярплівае зычанне хуткай смерці" Лукашэнку