09.03.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, грамадства, палітвязні, ціск Стала вядома адразу пра вынікі двух судовых пасяджэнняў, якія адбыліся ў судзе Партызанскага раёну Мінску. Пяцярых людзей асудзілі да “хатняй хіміі” за фотаздымкі ўдзелу ў паслявыбарчых ацыях пратэсту ў 2020 годзе, якія міліцыянты знайшлі ў інтэрнэце.
Прысуды агучыў суддзя Міхаіл Макарэвіч. Чатыры абвінавачаныя знаходзіліся пад вартай да абвяшчэння прысудаў і былі вызваленыя ў зале суда.
Так, 13 лютага 2023 года ў судзе Партызанскага раёну Мінска вынесены прысуд Дзмітрыю Ступакевічу. Яго прызналі вінаватым паводле арт. 342 і асудзілі да 2,5 гадоў абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ — “хатняй хіміі”.
Дзмітрыя прызналі вінаватым ва ўдзеле ў адным з мінскіх Маршаў у 2020 годзе. Згодна з абвінавачаннем, ён выйшаў на праезную частку вуліцы Леніна і праспекта Незалежнасці, чым заблакаваў рух транспарту. Мужчына прызнаў віну цалкам і пацвердзіў, што выходзіў на праезную частку, фатаграфаваўся на фоне супрацоўнікаў міліцыі. Вядома, што фотаздымак Ступакевіча з Маршу міліцыянты знайшлі падчас маніторынгу сайтаў навінаў.
Таксама 17 лютага 2023 года была разгледжаная справа ў дачыненні адразу чацвярых людзей. Іх прызналі вінаватымі паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу. Людмілу Цыбульскую асудзілі да двух гадоў і трох месяцаў “хатняй хіміі”, Сяргея Ляўко і Дзмітрыя Плешавеню — да двух з паловай гадоў “хатняй хіміі” кожнага, Юрыя Дзіковіча — да трох гадоў “хатняй хіміі”.
Да прысуду ўсе, акрамя Людмілы Цыбульскай, знаходзіліся пад вартай. Іх вызвалілі ў зале суда.
Іх прызналі вінаватымі за ўдзел у адным з мінскіх Маршаў. Згодна з абвінавачаннем, яны парушылі работу грамадскага транспарту, бо выйшлі на праезную частку падчас акцый пратэсту, выкрыквалі лозунгі, пляскалі ў далоні, трымаючы сцягі.Юрыя Дзіковіча таксама судзілі яшчэ за адзін Марш. Дзіковіч, Ляўко і Плешавеня прызналі віну цалкам, Цыбульская — часткова. Дзіковіч распавёў, што загадзя планаваў удзел у Маршах, бо быў нязгодны з прымяненнем гвалту да пратэстоўцаў. Ляўко, Плешавеня і Цыбульская сказалі, штопрыехалі ў Мінск з іншага гораду, каб узяць удзел у Маршы. Ляўко быў нязгоды з вынікамі выбараў, Цыбульская і Плешавеня прыехалі праз “цікаўнасць”.
Вядома, што Дзіковіч выхоўвае дачку з інваліднасцю, а Цыбульская — пенсіянерка.
Крыніца: Пяцярых людзей асудзілі да "хатняй хіміі” за фотаздымкі з Маршаў