13.03.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, палітвязні У Гродненскім абласным судзе 13 сакавіка распачаўся суд над палітзняволенымі Мікалаем Куляшовым, Анітай Бакуновіч, а таксама Ягорам Курзіным. Іх затрымалі ў верасні на Гродзеншчыне пры спробе нелегальна перасекчы мяжу з Літвой. Цяпер іх будуць за гэта судзіць, а таксама па шэрагу іншых артыкулаў Крымінальнага кодэкса. Апроч усяго, палітвязняў абвінавачваюць ва ўдзеле ў "экстрэмісцкім фармаванні" — у арганізацыі "Дапамога". Працэс вядзе суддзя Віктар Сянько. "Вясна" распавядае, што вядома пра справу і яе фігурантаў.
Двойчы палітзняволеная Аніта Бакуновіч
Першы раз тады яшчэ 18-гадовую Аніту Бакуновіч затрымалі 23 лютага 2022 года. Сілавікі пры падтрымцы САХРа са зброяй і шчытамі выламалі дзверы, калі Аніта і яе брат Ян спалі ў сваіх ложках. Пасля гэтага брата і сястру вывелі з кватэры без адзення і паставілі на калені на бетонную падлогу. Правялі вобшук і завялі Яна і Аніту ў кватэру. Там іх развялі ў розныя пакоі, у дачыненні да Яна быў ужыты гвалт з мэтай допыту і атрымання інфармацыі асабістага характару і пароля ад тэлефона, ужывалася грубая сіла.
Як пераследуюць сям'ю палітзняволенай Аніты Бакуновіч
Аніту асудзілі да двух гадоў "хатняй хіміі" 30 чэрвеня 2022 года па "народным" артыкуле 342 Крымінальнага кодэкса. Да суда яе ўтрымлівалі ў СІЗА чатыры месяцы. Пасля абвяшчэння прысуду яе вызвалілі з-пад варты.
Другі раз Аніту затрымалі 21 верасня 2022 года на Гродзеншчыне пры перасяченні беларуска-літоўскай мяжы. На дзяржаўных каналах выйшаў фільм, у якім паказалі момант спробы 19-гадовай палітзняволенай нелегальна перасекчы мяжу з Літвой. Дзеянні дзяўчыны здымалі адразу нелькі камер — з зямлі і паветра.
Адразу дзяўчыну змясцілі ў СІЗА КДБ, а пасля яе перавялі ў СІЗА-1 на Валадарскага. Напрыканцы снежня яе змясцілі ў гродзенскую турму № 1.
Цяпер палітзняволеную абвінавачваюць паводле ч. 3 арт. 361-1 КК (удзел у экстрэмісцкім фармаванні) і ч. 1 арт. 14 і ч. 3 арт. 371 КК (замах на незаконнае перасячэнне мяжы).
Былы мытнік Мікалай Куляшоў
Мікалай Куляшоў — былы мытнік і актывіст Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі "Грамада". Яго затрымалі ў верасні 2022 года. Некалькі месяцаў ён знаходзіўся ў СІЗА КДБ, затым у СІЗА-1 у Мінску, пазней яго перавялі ў турму Гродна.
Як вынікае з фільма БТ, Мікалай Куляшоў супрацоўнічаў з некамерцыйнай арганізацыяй "Дапамога", якая дзейнічае ў Літве і дапамагае палітычным уцекачам.
Яму інкрымінуецца ч. 3 арт. 371 КК (наўмыснае незаконнае перасячэнне дзяржаўнай мяжы, здзейсненае арганізаванай групай), ч. 1 арт. 14 і ч. 3 арт. 371 (замах на наўмыснае незаконнае перасячэнне дзяржаўнай мяжы, здзейснены арганізаванай групай), ч. 3 арт. 361-1 КК (удзел у экстрэмісцкім фармаванні). Акрамя гэтага Мікалая абвінавачваюць паводле арт. 378 КК (крадзеж асабістых дакументаў) і ч. 1 арт. 14 і ч. 2 арт. 380 КК (замах на падробку і выраб або збыт падробленых дакументаў).
На волю лісты ад Мікалая даходзяць дрэнна. Вось, што ён напісаў у адным з іх, які прарваўся на волю:
"Ужо чацвёрты месяц у няволі. Даводзіцца спадзявацца, што хутка ўсё скончыцца.
Дзякуй за віншаванне. Новы год мы сустракалі пад бой гадзінніка і салюту ў цэнтры горада, але за сценамі бастыёна. Змайстравалі са сшытка ялінку, упрыгожылі цацкамі з фальгі. Быў святочны стол, елі, пілі, віншавалі адзін аднаго, узгадвалі сваіх родных".
14 верасня на пад'ездзе да горада Паставы быў затрыманы супрацоўнікамі КДБ сын Мікалая Іван. Яго таксама паказвалі ў сюжэце БТ. 14 снежня яго асудзілі да трох гадоў "хатняй хіміі" паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса.
Удзел у" экстрэмісцкім фармаванні" "Дапамога"
Мікалая Куляшова і Аніту Бакуновіч абвінавачваюць ва ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаванні паводле ч. 3 арт. 361-1 КК за супрацоўніцтва з літоўскай арганізацыяй "Дапамога", якая была прызнаная "экстрэмісцкім фармаваннем" па рашэнні КДБ 12 кастрычніка 2022 года. Туды ўключылі палітзняволеных Аніту Бакуновіч і Мікалая Куляшова.
Былы студэнт Ягор Курзін
У замаху на незаконнае перасячэнне мяжы паводле арт. ч. 1 арт. 14 і ч. 3 арт. 371 КК абвінавачваюць і 21-гадовага Ягора Курзіна. У прапагандысцкім фільме Курзін кажа, што год вучыўся ў БДУІР і быў адлічаны за непаспяховасць. У сюжэце БТ гаворыцца, што ён, каб не ісці ў войска, выдумаў гісторыю пра палітычны пераслед. У сюжэце гаворыцца, што Курзін звярнуўся ў "Дапамогу". Акрамя гэтага, Ягора абвінавачваюць ва ўхіленні ад мерапрыемстваў прызыву на вайсковую службу.
Невядома, ці ўтрымліваецца Ягор пад вартай.
Падтрымайце палітвязняў: Турма № 1, 230023, г. Гродна, вул. Кірава, 1, Аніта Алегаўна Бакуновіч, Мікалай Анатольевіч Куляшоў
Крыніца: Былыя мытнік, палітзняволеная і студэнт. У Гродне распачаўся суд за спробу эвакуявацца з Беларусі