17.03.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, грамадства, палітвязні, пераслед, рэпрэсіі 17 сакавіка 2023 года ў Мінскім гарадскім судзе вынесены прысуд палітзняволеным Валерыі Касцюговай і Таццяне Кузінай, паведамляе "Еўрарадыё". Іх асудзілі да дзесяці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму кожную.
У залежнасці ад ролі кожнай іх прызналі вінаватымі паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 357 (дапамаганне дзеянням, учыненым з мэтай захопу ўлады), ч. 3 арт. 361 (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы) і ч. 3 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці).
Справа разглядалася ў закрытым рэжыме, таму падрабязнасці яе разгляду невядомыя. Справу разглядзела суддзя Дзіна Кучук.
(Не)апошняе слова экспэрткі Таццяны Кузінай у судзе
Прамова экспертцы Таццяны Кузінай, якую яна агучыла замест апошняга слова на адкрытым судовым пасяджэнні, якое адбылося 13 сакавіка 2023 г. у Мінскім гарадскім судзе.
Эксперткі Таццяна Кузіна і Валерыя Касцюгова абвінавачваюцца па трох артыкулах КК Беларусі і прызнаныя палітычнымі зняволенымі. Падчас судовага працэсу пракурор запытаў для іх меру стрымання ў выглядзе 10 гадоў пазбаўлення волі.
У апошнім слове экспертка Таццяны Кузіна сказала:
"Я досыць доўга думала пра змест і мэтазгоднасць гэтага слова і таго, ці варта мне ў прынцыпе выкарыстоўваць гэта права выступіць з апошнім словам, і што менавіта я хацела б сказаць у ім? У мяне было больш за паўтара года на разважанні і спробы знайсці нейкія адказы на пытанні пра тое, ці з'яўляецца палітычная барацьба і палітычная канкурэнцыя абавязковай змовай, і ці павінны бакі і ўдзельнікі гэтай палітычнай барацьбы абавязкова інтэрпрэтаваць дзеянні сваіх супернікаў як змову з мэтай захопу дзяржаўнай улады? Ці сапраўды трэба тлумачыць альтэрнатыўныя погляды, напрыклад, на развіццё краіны, як ідэалагічную варожасць?
Ці варта мне тлумачыць сваю экспертную пазіцыю па санкцыях, якая не мяняецца ўжо больш за 10 гадоў і не з'яўляецца таямніцай у экспертнай супольнасці? І ў цэлым палягае ў тым, што дадзены інструмент не з'яўляецца эфектыўным, бо асабістыя санкцыі кансалідуюць групу, супраць якой яны ўводзяцца, а сектаральныя санкцыі наносяць шкоду і ўплываюць на падзенне ўзроўню жыцця людзей, якія жывуць у краіне, а таксама ўзмацняюць залежнасць нашай эканомікі ад адной крыніцы. Гэтыя аргументы былі выказаныя мноства разоў, яны не з'яўляюцца таямніцай, яны не з'яўляюцца маёй інтэлектуальнай уласнасцю, і не маюць патрэбы ў тлумачэннях у экспертнай супольнасці.
Ці варта мне казаць аб тэксце, прадстаўленым нам "экспертам"? Тэксце, на якім грунтуецца абвінавачванне, паколькі казаць аб ім варта ў сувязі з даследчай этыкай. З гэтага тэксту мы шмат даведаемся аб унутраным свеце чалавека, які называе сябе «Сіманаў», але мала даведаемся аб пастаўленых пытаннях. І зусім не бачым, што гэты чалавек кіруецца нейкай надзейнай метадалогіяй ці што ён з'яўляецца сапраўды прызнаным адмыслоўцам у дадзенай сферы. Тым больш, што ў цэлым ёсць пытанні да наяўнасці такой метадалогіі і правамернасці прымянення такога метаду.
Улічваючы, што я з'яўляюся на сённяшні момант, напэўна, самым пераацэненым прадстаўніком экспертнай супольнасці ў Беларусі, таму што за 340 слоў — "значных слоў", выяўленых у чаце абвінавачваннем, — запрошана 120 месяцаў пазбаўлення волі. Гэта значыць, за кожнае слова ёсць запыт на 2.5 месяца, у прынцыпе, жыцця. І, мусіць, таму я не буду прамаўляць сваё апошняе слова."
Валерыя Касцюгова — паліталагіня, заснавальніца і рэдактарка сайта экспертнай супольнасці «Наша меркаванне», рэдактарка і аўтарка «Беларускага штогодніка» і кіраўніца групы экспертаў па маніторынгу «Беларусь у фокусе». Яе затрымалі 30 чэрвеня 2021 года.
Таццяна Кузіна — сузаснавальніца школы маладых менеджараў публічнага адміністравання Sympa, экспертка даследчага праекта bipart. Была затрымана ў Мінску ўначы з 28 на 29 чэрвеня 2021 года.
Падтрымаць іх: СІЗА-1, 220030, Мінск, Валадарскага, 2
Валерыя Барысаўна Касцюгова, Таццяна Сяргееўна Кузіна