20.03.2023 Тэгі: палітвязні, пераслед, затрыманні У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 18-20 сакавіка збірае факты палітычнага пераследу беларусаў – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Галоўны рэдактар «Рэгіянальнай газеты» не выйшаў на волю пасля 72 гадзін з моманту затрымання

Аляксандр Манцэвіч 4-ыя суткі знаходзіцца ў маладзечанскім ізалятары часовага ўтрымання.

«Што канкрэтна яму прад’яўляюць, нам пакуль невядома. Перадачу ўзялі», — напісала ў Facebook ягоная дачка.

Супрацоўнікі КДБ затрымалі ў Бабруйску 18-гадовага Арцёма Бярозкіна

Маладога чалавека прымусілі прызнацца, што ён стварыў тры каналы ў тэлеграме, дзе нібыта размяшчаў «экстрэмісцкія матэрыялы», а таксама фотаздымкі ўкраінскіх вайскоўцаў з батальёна Азоў.

Таксама яму ставяць у віну створаны ў TikTok акаўнт, прысвечаны барацьбе Украіны супраць расейскай агрэсіі. Сярод іншага, сілавікі падазраюць, што малады чалавек хацеў уступіць у шэрагі ўкраінскай тэрытарыяльнай абароны, піша @MAYDAYMog.

Палітзняволены Ігар Лосік  здзейсніў спробу суіцыду ў калоніі

Праваабаронцы атрымалі інфармацыю з некалькіх крыніц пра тое, што Ігар Лосік у ШІЗА наваполацкай калоніі доўгі час трымаў галадоўку, а пасля парэзаў сабе рукі і шыю. Ігара выратавалі і адправілі ў медсанчастку.

Ігар Лосік. Фота: RFE/RL

Нагадаем, Ігару прысудзілі 15 гадоў пазбаўлення волі ўзмоцненага рэжыму па «справе Ціханоўскага». Пазней два гады пазбаўлення волі прызначылі яго жонцы — Дар‘і Лосік. Чатырохгадовая дачка Паўліна цяпер знаходзіцца з бабулямі і дзядулямі.

Падтрымаць Ігара: ПК № 1, 211440, Наваполацк, Тэхнічная, 8, Ігару Аляксандравічу Лосіку

Падтрымаць Дар'ю: СІЗА-6. 225413, Баранавічы, Брэсцкая, 258 В, Дар'і Аляксандраўне Лосік

Затрыманага ў Маскве беларускага чыноўніка зрабілі падазраваным у "тэрарызме"

Пра гэта паведамляе @euroradio.

Дзмітрый Шадко, які працаваў у Еўразійскай эканамічнай камісіі і быў памочнікам яе старшыні Міхаіла Мясніковіча, затрымалі 10 сакавіка.

Яго вывезлі ў Менск і змясцілі ў СІЗА КДБ. Шадко закідаюць тое, што ён быў знаёмы з магчымымі арганізатарамі дыверсіі ў Мачулішчах.

Інфармацыя дапаўняецца.

Крыніца: Спроба суіцыду ў калоніі і новыя затрыманні: хроніка пераследу 18-20 сакавіка