22.03.2023 Тэгі: палітвязні, салідарнасць Еўрапейскія парламентарыі прымаюць удзел у кампаніі салідарнасці #WeStandBYyou, арганізаванай “Libereco — Партнёрства за правы чалавека”. Сімвалічныя “хросныя” цяпер ёсць у палітзняволеных Мікалая Бібліса, Андрэя Будая, Ірыны Абдукерынай, Юліі Юргілевіч, Дзяніса Хазея, Аляксандра Мацеюка, Максіма Баса і Уладзіслава Плюшчава. 

Катарына Прэліч-Губер, дэпутатка Нацыянальнай рады Швейцарыі, стала “хроснай” Мікалая Бібліса і падкрэсліла:

“Дзякуючы Libereco і іх кампаніі #WeStandBYyou я стала хроснай Мікалая Бібліса і тым самым хачу падаць важны знак міжнароднай салідарнасці з палітычна прыгнечаным народам Беларусі. Мікалай Бібліс праходзіць па так званай справе ‘Буслы ляцяць’, у якой фігуруе хакерская арганізацыя, якую беларуская дзяржава прызнала тэрарыстычнай. Разам з чатырма іншымі сябрамі арганізацыі ён быў прысуджаны да вельмі працяглага турэмнага зняволення, і толькі таму, што адстойваў свабоду сваёй краіны. Я рашуча асуджаю гэтую форму адвольнага ажыццяўлення ўлады і патрабую неадкладнага вызвалення Мікалая Бібліса і ўсіх палітычных зняволеных у Беларусі”.

Дэпутат Нацыянальнай рады Швейцарыі Нікалас Вальдэр стаў “хросным” Андрэя Будая і заявіў:

“Гісторыя Андрэя Будая, на жаль, не адзінкавы выпадак. У складзе ‘Буслы ляцяць’ ён выступаў за дэмакратычную Беларусь і змагаўся за асноўныя правы чалавека. Адказ дзяржавы быў жорсткі: 15 гадоў турмы і ўнясенне ў спіс КДБ меркаваных тэрарыстаў. Я рашуча асуджаю гэтую адвольную дэманстрацыю ўлады і заклікаю беларускі ўрад пад кіраўніцтвам Аляксандра Лукашэнкі гарантаваць асноўныя правы чалавека і неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных”.

“Хросным” Ірыны Абдукерынай стаў Дэміен Кацье, дэпутат Нацыянальнай рады Швейцарыі. Ён падкрэсліў:

“За яе дзеянні супраць вайны Расеі супраць Украіны Ірыне Абдукерынай пагражае чатыры гады пазбаўлення волі ў Беларусі. Яе меркаванае злачынства заключалася ў тым, што яна здымала расейскія вайсковыя калоны, якія праходзяць праз Беларусь, тым самым выкрываючы ўдзел Беларусі ў гэтай агрэсіўнай вайне. Я рашуча асуджаю яе арышт, шматлікія парушэнні правоў чалавека беларускім рэжымам і патрабую неадкладнага вызвалення Ірыны і ўсіх палітычных зняволеных”.

laura-kraft.png

Дэпутатка нямецкага Бундэстагу Лаўра Крафт стала “хроснай” Юліі Юргілевіч і падкрэсліла:

“Я рашуча асуджаю затрыманне Юліі Юргілевіч і патрабую яе неадкладнага вызвалення. Як адвакатка, яна адстойвала нашы асноўныя дэмакратычныя каштоўнасці і змагалася за свабоду, дэмакратыю і вяршэнства закона ў сваёй краіне. Я зраблю ўсё магчымае, каб Юлія Юргілевіч была вызваленая з незаконнага зняволення”.

tom-clonan.jpg

Дэпутат верхняй палаты парламента Ірландыі Том Клонан узяў на сябе абавязкі “хросныга” Дзяніса Хазея і заявіў:

“Я асуджаю арышт і турэмнае зняволенне Дзяніса Хазея – непаўнагадовага – і яго ўтрыманне пад вартай па палітычных прычынах. Дзяніс павінен быць неадкладна вызвалены і вернуты да сваёй сям'і і вучобы. У мяне ёсць сыны і дачка ўзросту Дзяніса, і я магу толькі ўявіць сабе боль і пакуты, якія цяпер адчувае ён і яго сямʼя. Вызваліце Дзяніса Хазея і ўсіх іншых палітычных зняволеных! Заклікаю ўсіх грамадзян Еўрапейскага Саюза асудзіць незаконнае заключэнне Дзяніса Хазея!”

Дэпутат нямецкага бундэстагу Місбах Хан стаў “хросным” Аляксандра Мацеюка і падкрэсліў:

“За тое, што разам з іншымі выступаў за дэмакратыю і свабоду ў сваёй краіне, Аляксандр Мацюк ужо амаль два гады знаходзіцца ў беларускай папраўчай калоніі. У красавіку 2021 года ён быў арыштаваны разам з Алегам Барознай – абодвум было прадʼяўлена афіцыйнае абвінавачванне і вынесены прысуд за незаконны гандаль наркотыкамі. На шчасце, Алег Баразна нядаўна выйшаў з турмы. Аляксандр Мацяюк быў прысуджаны да дзевяці гадоў калоніі і застаецца пад вартай. Свабода прэсы, свабода слова, права на справядлівы суд і роўныя выбары – гэта правы чалавека. Пры любых абставінах іх неабходна паважаць і абараняць іх. Таму, як дэпутат Бундэстага, я патрабую неадкладнага вызвалення Аляксандра Мацяюка і ўсіх іншых палітычных зняволеных у Беларусі. #WeStandBYyou”

Дэпутатка Нацыянальнай рады Швейцарыі і сустаршыня Швейцарскай сацыял-дэмакратычнай партыі Матэа Мэер стала “хроснай” Максіма Баса. Яна падкрэсліла:

“Максім Бас быў арыштаваны ў верасні 2021 года. Яго ‘злачынства’? Каментар у Інтэрнэце з крытыкай справы Андрэя Зэльцэра, які быў забіты ў перастрэлцы з афіцэрам КДБ ва ўласнай кватэры. Як сустаршыня СП Швейцарыі і сябра Нацыянальнай рады, я стала хроснай Максіма і патрабую яго неадкладнага вызвалення! За дэмакратыю і правы чалавека, за свабоду і міжнародную салідарнасць! #WeStandBYyou”.

cedric-wermuth.jpg

Дэпутат Швейцарскай нацыянальнай рады і сустаршыня Сацыял-дэмакратычнай партыі Сэдрык Вэрмут узяў на сябе “хроснае бацькоўства” Уладзіслава Плюшчава і заявіў:

“Уладзіслаў Плюшчаў заўсёды захапляўся музыкай. Але цяпер яму давялося расстацца са сваімі любімымі інструментамі: у лістападзе 2022 года ён быў прысуджаны да трох гадоў пазбаўлення волі за абразу ўрада Беларусі. Каб прыцягнуць увагу да гэтых непрымальных парушэнняў правоў чалавека, я, як сустаршыня Швейцарскай сацыял-дэмакратычнай партыі, бяру на сябе хроснае бацькоўства Уладзіслава. Разам з кампаніяй салідарнасці Libereco #WeStandBYyou мы патрабуем неадкладнага вызвалення яго і ўсіх палітычных зняволеных у Беларусі!”

Нагадаем, 9 ліпеня, роўна за месяц да прэзідэнцкіх выбараў 2020 года ў Беларусі, нямецка-швейцарская праваабарончая арганізацыя “Libereco — Партнёрства за правы чалавека” распачала кампанію салідарнасці з беларускімі палітвязнямі. 

Кампанія пад назвай #WeStandBYyou заклікае да салідарнасці з усімі людзьмі ў Беларусі, якія імкнуцца да свабодных і сумленных выбараў, дэмакратызацыі краіны, вяршэнства закона і павагі да правоў чалавека. Усе, хто хоча падтрымаць ахвяраў палітычнага пераследу ў Беларусі, могуць зрабіць гэта ў сацыяльных сетках з дапамогай хэштэга #WeStandBYyou.

#WeStandBYyou. Распавядаем, хто такія "хросныя" палітвязняў і чым яны займаюцца

У межах кампаніі палітвязням знаходзяць сімвалічных “хросных”, якія апекуюцца зняволенымі і пашыраюць інфармацыю аб іх становішчы ў няволі.

Крыніца: Яшчэ восем еўрапейскіх парламентарыяў з'яўляюцца сімвалічнымі "хроснымі" беларускіх палітвязняў