22.03.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, адміністратыўны пераслед, грамадства, палітвязні, пераслед, рэпрэсіі, затрыманні У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 22 сакавіка збірае факты палітычнага пераследу беларусаў – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

У пункце пропуску «Брэст — Цярэспаль» беларускія сілавікі выбарачна правяраюць тэлефоны ў тых, хто выязджае з Беларусі

Па інфармацыі, у тых, хто выязджае з Беларусі ў Польшчу на аўтобусах праз пункт пропуску «Брэст-Цярэспаль» учора выбарачна правяралі тэлефоны. Сілавікоў цікавілі спісы ўсталяваных і выдаленых праграм, гісторыя Youtube, перапіскі ў Telegram, фотагалерэя, кошык галерэі, лайкі, каментары, сторыс у Instagram, а таксама перапіскі ў іншых месэнджарах.

Для тых, хто ўязджае, таксама праводзіцца праверка тэлефона.

Паведамляецца пра зачыстку ў Мазыры — сілавікі праводзяць ператрусы і затрыманні

Фёдар Чаранкоў

Паводле крыніц, ператрусы прайшлі ў некаторых людзей, якіх раней судзілі за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэыялаў». У планах сілавікоў было наведаць не менш за 35 чалавек.

Перастаў выходзіць на сувязь са сваякамі муж палітзняволенай Крысціны Чаранковай Фёдар Чаранкоў. Ягоны бацька паведаміў, што Фёдара трымаюць у ІЧУ і склалі на яго адміністратыўны пратакол.

​Палітзняволенага Мікалая Казлова змясцілі ў карцар

Мікалай Казлоў. Фота: svaboda.org

Пра гэта паведамляе Анатоль Лябедзька:

«Адразу пасля выхаду з каранціна лідэра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалая Казлова кінулі ў карцэр. Там ён прабудзе да 26 сакавіка! Сталінская сістэма адрадзілася ў Беларусі. Але такіх як Мікола яна не ломіць, а толькі загартоўвае!».

Мікалай — беларускі палітык, старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі. 6 жніўня 2021 года яго асудзілі на 3 месяца арышту за разгалошванне дадзеных следства па справе Каардынацыйнай рады.

27 ліпеня 2022 года яго зноў затрымалі разам з іншымі сябрамі АГП. Яго абвінавацілі ва ўдзеле ў «Маршы новай Беларусі» ў Мінску ў 2020 годзе (арт. 342 КК). 3 лістапада Мікалаю прысудзілі 2,5 гады калоніі. На судзе ён выступіў з моцным апошнім словам. 

​Жыхару Глыбокага прысудзілі штраф у 2590 рублёў за сцяг Украіны і герб «Пагоня»

Як стала вядома «Віцебскай Вясне», 3 сакавіка суддзя суда Глыбоцкага раёна Андрэй Тарасевіч разгледзеў адміністрацыйную справу мясцовага прадпрымальніка Юрыя Татарыновіча і прысудзіў яму штраф памерам 70 базавых велічыняў, што складае 2590 рублёў.

Мужчыну судзілі паводле ч. 1 арт. 24.23 КаАП (парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў). Быццам ён без атрымання адпаведнага дазволу Глыбоцкага райвыканкама правёў адзіночнае пікетаванне з мэтай публічнага выказвання сваіх грамадска-палітычных поглядаў. А выявілася гэта ў тым, што ён, размясціў сваё фота ў сацыяльнай сетцы «Фэйсбук», якое суправаджалася графічнай выявай двухкалора — сцяга Украіны і герба «Пагоня». Таксама на старонцы была публікацыя з выявай бел-чырвона-белага сцяга.

Падчас судовага пасяджэння Юрый Татарыновіч віну не прызнаў.

​Сёння адбудзецца разгляд справы аб пераводзе палітзняволенага Мікіты Емяльянава на турэмны рэжым

Працэс у 16:50 у судзе Ваўкавыскага раёну пачне разглядаць суддзя Мікалай Сяргейка.

Нагадаем, актывіста анархічнага руху Мікіту Емяльянава год таму асудзілі на два гады калоніі па ч. 2 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы), а канчаткова прызначылі па сукупнасці прысудаў з улікам раней неадбытага пакарання — тры з паловай гады калоніі ўзмоцненнага рэжыму.

​Мінскі сябра БСДП Аляксей Гаравы пераведзены ў следчы ізалятар

Па якому артыкулу абвінавачваецца сацыял-дэмакрат — невядома. Аляксей Гаравы быў затрыманы ГУБАЗіКам 20 лютага на працы. Пасля ператрусу ў мінскай кватэры разам з жонкай быў дастаўлены ў міліцыю.

Пазней жонку адпусцілі да малога дзіцяці, а Аляксей быў змешчаны ў ізалятары на Акрэсціна і пазней асуджаны на 14 сутак за нібыта «непадпарадкаванне».

6 сакавіка родныя не дачакаліся вызвалення Аляксея. У Фрунзенскім РУУС ім паведамілі, што яго забраў  ГУБАЗіК. На наступны дзень яго ізноў асудзілі на чарговыя 15 сутак адміністрацыйнага арышту і зноў за «непадпарадкаванне». Пазней на праўладным тэлеграм-канале з’явілася «пакаяльнае відэа», дзе Аляксей распавядае, што ён нібыта пакідаў свае каментары ў адрас сілавікоў.

Крыніца: Затрыманні, ціск на палітвязняў: хроніка пераследу 22 сакавіка