23.03.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, дыфамацыя У Гарадскім судзе Мінска 23 сакавіка асудзілі палітзняволенага Генадзя Мажэйку паводле ч. 1 арт. 368 (Абраза Лукашэнкі), ч. 1 арт. 130 (Распальванне іншай сацыяльнай варожасці) Крымінальнага кодэкса. Суддзя Таццяна Фалькоўская прызначыла Генадзю тры гады пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Як гучала абвінавачванне Генадзю
Згодна з тэкстам абвінавачвання, “Генадзь Мажэйка, праяўляючы амаральны інтарэс да экстрэмісцкай дзейнасці, з’яўляючыся яе прыхільнікам, дзейнічаючы паводле матываў палітычнай і ідэалагічнай варожасці, у перыяд з 23 чэрвеня 2020 года па кастрычнік 2021 здзейсніў шэраг злачынстваў”.
Выказванні журналіста ў інтэрнэце ў бок Лукашэнкі суд расцаніў, як “негатыўныя, непрыстойныя, недапушчальныя”.
Таксама Генадзю ставяць у віну, што ён, знаходзячыся на сустрэчы з выбаршчыкамі, якую ладзіў дэпутат Валер Варанецкі, “падтрымліваючы апазіцыйна настроеных удзельнікаў сустрэчы, праводзіў агітацыю супраць дзеючай улады, парушаэчы агульначалавечую мараль”.
Дзяржабвінаваўца працытаваў выказванні палітзняволенага ў бок Лукашэнкі з сустрэчы з выбаршчыкамі: “З аўтаматам бегаць (…) хіба можа нармальны чалавек з аўтаматам бегаць (…) гэта звар’яцелы вырадак”.
Нагадаем, Генадзя затрымалі ў Маскве 1 кастрычніка 2021 года. Згодна з папярэднімі звесткамі, затрыманне звязанае з артыкулам "Камсамольскай праўды", у якім знаёмая загінулага Андрэя Зельцэра станоўча пра яго адгукнулася. Менавіта аўтарства Генадзя стаяла пад гэтым тэкстам.
Падтрымайце палітвязня: СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2 (Генадзь Мікалаевіч Мажэйка)
Крыніца: Журналіста "Камсамольскай праўды ў Беларусі" асудзілі на тры гады калоніі