28.03.2023 Тэгі: заканадаўства, выбарчае заканадаўства, улады У лютым дзяржаўныя медыя актыўна раскручвалі тэму гадавіны рэспубліканскага рэферэндуму, на якім былі прынятыя праўкі ў новую рэдакцыю Канстытуцыі. Па сцвярджэннях вышэйшых службовых асобаў "удасканальванне палітычнай мадэлі" Беларусі па новай рэдакцыі Канстытуцыі выклікала неабходнасць карэкціроўкі больш за ста законаў, у тым ліку прыняцце новых. Разам з наратывам пра гадавіну рэферэндуму ўсё часцей гучаць заявы пра тое, што ўлады ўжо рыхтуюцца да электаральных кампаній 2024 і 2025 гадоў. Праваабаронцам "Вясны" паведамляюць, што на буйных прадпрыемствах і калектывах прадпрыемстваў ужо створаны ячэйкі актыву, якія будуць актыўны выкарыстоўвацца падчас выбарчай кампаніі па выбарах прэзідэнта ў 2025 годзе.
Юрыст "Вясны" разбіраецца ў тым, якім чынам змены ў выбарчым заканадаўстве паўплываюць на правы чалавека ў Беларусі.
Дзеля параўнання прыводзім старую і новую рэдакцыі Канстытуцыі, у якіх вызначаны патрабаванні да прэтэндэнтаў на вышэйшую дзяржаўную пасаду.
Тэкст рэдакцыі артыкула 80 Канстытуцыі да правакПрэзідэнтам можа быць абраны грамадзянін Рэспублікі Беларусь па нараджэнню, не маладзейшы за 35 гадоў, які мае выбарчае права і стала пражывае ў Рэспубліцы Беларусь не менш за дзесяць гадоў непасрэдна перад выбарамі. Тэкст абноўленай рэдакцыі артыкула 80 КанстытуцыіПрэзідэнтам можа быць абраны грамадзянін Рэспублікі Беларусь па нараджэнні, не маладзейшы за 40 гадоў, які мае выбарчае права, стала пражывае ў Рэспубліцы Беларусь не менш за 20 гадоў непасрэдна перад выбарамі, не мае і не меў раней грамадзянства замежнай дзяржавы альбо пасведчання на права жыхарства ці іншага дакумента замежнай дзяржавы, які дае права на льготы і іншыя прывілеі. |
Згодна з літаральным тлумачэннем нормы, якая замацоўвае канстытуцыйныя патрабаванні да прэтэндэнта на пасаду кіраўніка дзяржавы, юрыст звяртае ўвагу на тое, што прынятыя праўкі значным чынам абмяжоўваюць права быць абраным на пасаду прэзідэнта Рэспублікі Беларусь:
- павялічваецца ўзрост, па дасягненні якога чалавек можа прэтэндаваць на вышэйшую дзяржаўную пасаду — 40 гадоў;
- у два разы павялічаны цэнз аседласці, на працягу якога прэтэндэнт у кандыдаты павінен пражываць у Рэспубліцы Беларусь непасрэдна перад выбарамі;
- артыкул дапаўняецца абмежаваннямі прэтэндэнта ў частцы грамадзянства і пасведчання на права жыхарства замежнай дзяржавы альбо дакумента, які дае права на льготы і іншыя прывілеі.
Што кажуць чыноўнікі пра змены?
24 лютага 2023 года старшыня ЦВК Ігар Карпенка ў эфіры Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё пракаментаваў набыццё моцы Закона "Аб змяненні Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь":
"Зменена непасрэдна прамая норма канстытуцыйная. Гэта патрабаванні, якія ставяцца да кандыдата ў прэзідэнты. Па-першае, павялічаны для кандыдата на пасаду прэзідэнта ўзроставы цэнз. Раней ён быў 35 гадоў, цяпер гэта 40 гадоў. Другое, вызначаны цэнз аседласці, павялічаны да 20 гадоў. То бок ты павінен пражываць на дадзенай тэрыторыі не меней за 20 гадоў. Ёсць забарона на наяўнасць, меў ці маеш грамадзянства замежнай дзяржавы ці пасведчанне на права жыхарства ў гэтай замежнай дзяржаве. То бок павінен пражываць тут і не павінен мець, ці меў раней, вось гэтае грамадзянства. На жаль, мы сёння бачым вось гэта знаходжанне, грамадзянства часам выкарыстоўваюцца пэўнымі сіламі замежных дзяржаў, ды што тут грахі таіць, часам спецслужбамі замежных дзяржаў для прасоўвання сваіх інтарэсаў праз гэтых людзей непасрэдна, якія ідуць абіраюцца прэзідэнтамі, дэпутатамі ў сваіх краінах, у якіх яны працяглы час не пражывалі альбо мелі грамадзянства іншых дзяржаў. Апроч гэтага, кандыдат у прэзідэнты не павінен мець прэферэнцый па рэлігійнай, палітычнай, нацыянальнай прыкмеце ў замежных дзяржавах […] па сутнасці, стварэнне нейкай такой ударнай групы, якая можа нанесці шкоду суверэнітэту і незалежнасці суверэннай дзяржавы. Гэта і карта паляка, і шэраг іншых дакументаў".
19 сакавіка, пасля набыцця моцы абноўленай рэдакцыі Выбарчага кодэкса, намеснік начальніка аддзела прававой, аналітычнай і метадычнай працы апарату ЦВК Іван Толкач, каментуя змены цэнзаў для кандыдатаў на выбарчыя пасады, адзначыў:
"Уведзена дакладная забарона на дакументы аб грамадзянстве ці падданстве, на дакументы, якія даюць права на льготы альбо нейкія прэферэнцыі, дакументы замежных дзяржаў тут маюцца на ўвазе. То бок гэта будзе спрыяць большай абароне нашага прававога поля і нашага грамадскага поля ад знешніх умяшанняў".
А як каментуе юрыст змены ў заканадаўства ў кантэксце правоў чалавека?
Юрыст "Вясны" разбіраецца ў логіцы, якой прадыктаваны змены, а таксама ў тым, якія наступствы для правоў чалавека нясуць набыўшыя моц праўкі ў выбарчае заканадаўства.
Для таго, каб зразумець, наколькі дадзеныя змены ўплываюць на правы чалавека, у дадзеным выпадку на права прымаць удзел у вядзенні дзяржаўных спраў як непасрэдна, так і праз абраных прадстаўнікоў, для пачатку трэба максімальна шырока паглядзець на дадзеныя змены, дзесьці нават выйдучы за межы канцэпцыі правоў чалавека. І адзіны вывад, які вынікае з абноўленых патрабаванняў да прэтэндэнтаў у кандыдаты на вышэйшую службовую пасаду, гэта парушэнне правоў беларусаў як на пасіўнае выбарчае права, так і на актыўнае выбарчае права. Варта першапачаткова зрабіць агаворку пра тое, што ў прынцыпе пераважная частка беларусаў з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй выціснута на дадзены момант у вымушаную эміграцыю праз востры крызіс правоў чалавека ў Беларусі з лета 2020 году.
Улады без аніякіх разумных падставаў падвоілі цэнз аседласці, неабходны для таго, каб чалавек мог адпавядаць крытэрыям на пасаду прэзідэнта. Гэта 20 гадоў сталага пражывання ў краіне непасрэдна перад выбарамі. Мы бачылі ў канцы мінулага году як улады заціскалі гайкі ў барацьбе з цэнаўтварэннем у сферы гандлю, калі суды выносілі прысуды ў выглядзе двух гадоў пазбаўлення волі ўмоўна за надбаўку за тавар у 26 капеек. Цяжка паверыць, што ў такіх умовах чалавек будзе чакаць ад дзяржавы прадказальнасці прававых нормаў і юрыдычных наступстваў. Усё гэта стварае перадумовы да эканамічнай міграцыі. Відавочна, што ў стагоддзе інфармацыйных тэхналогій, вольнага перамяшчэння рабочай сілы, высокай мабільнасці неадэкватны цэнз аседласці ў 20 гадоў выклікае адсейванне тых паспяховых праўленцаў, менеджараў, юрыстаў, грамадскіх дзеячаў, якія маюць палітычныя амбіцыі, яшчэ на этапе таго, калі яны пачнуць прыглядвацца да юрыдычных патрабаванняў, якія дазваляюць адпавядаць умовам на вылучэнне ў кандыдаты на пост кіраўніка дзяржавы.
Падыходзячы максімальна шырока на пытання тэрмінаў, то прэзідэнтам па абноўленай рэдакцыі канстытуцыі асоба можа быць не больш за два мандаты па пяць гадоў. Грамадзянін, які мае намер вылучыць сваю кандыдатуру на пасаду кіраўніка дзяржавы, у дэмакратычным грамадстве плануе сваё жыццё на дзесяцігадовы тэрмін, і гэта максімум. То бок па логіцы ўладаў чалавек, які мае амбіцыі на пост прэзідэнта, павінен змясціць свае планы на жыццё ў рамкі 20-гадовага тэрміну, які ўдвая большы за тэрмін, які ён можа займаць на вышэйшай пасадзе? Логіку такога падыходу можна растлумачыць толькі намерам уладаў дэлегаваць пост прэзідэнта ў рукі чалавека з наменклатуры. Да чаго гэта вядзе мы ўсе ведаем на прыкладзе ЦК КПСС і немагчымасці ўзнаўляць палітычную эліту, якая будзе эфектыўнай у сферы дзяржаўнага кіравання.
І тут варта разумець, што ўлады такім неадэкватным цэнзам аседласці адразаюць значную колькасць людзей, якія маглі б рэалізаваць сваё пасіўнае выбарчае права. Усё гэта па сутнасці закладвае перадумовы да таго, што выбары прэзідэнта на падрыхтоўчым этапе ўжо можна смела назваць несвабоднымі, і падобныя прававыя падыходы выпустошваюць самую сутнасць дэмакратычнага грамадства — палітычную канкурэнцыю.
Рэзюмуючы сказанае, цяжка ўпэўніцца ў тым, што ўведзеныя патрабаванні на вышэйшую дзяржаўную пасаду ў краіне не абмяжоўваюць само права чалавека вылучаць сваю кандыдатуру, дадзеныя змены ў большай ступені накіраваны на тое, каб падарваць саму іх сутнасць і зрабіць неэфектыўнымі, не кажучы ўжо пра тое, што яны ўводзяцца ў імя законнай мэты. У 2025 годзе мы ўбачым, што новыя патрабаванні будуць толькі перашкаджаць свабоднаму волевыяўленню народа на выбарах.
Што тычыцца таго, якімі аргументамі ўлады пытаюцца растлумачыць праўкі ў заканадаўства, варта адзначыць наступнае. Прэзідэнт у Беларусі ёсць, а вось інстытут прэзідэнцтва ў нас на практыцы пакуль не склаўся. Персаніфікацыя пераважае над інстытуцыянальным аспектам, падмуркам для якога прызваны быць абязлічаныя юрыдычныя нормы. Таму цалкам відавочна, што характар зменаў скіраваны на тое, што ўлады імкнуцца на легальнай аснове кантраляваць любыя сцэнарыі выбарчага працэсу.
Аргументы прадстаўнікоў ЦВК пра тое, што змены будуць садзейнічаць большай абароне прававога поля выглядаюць не вельмі пераканаўча. Наяўнасць грамадзянства па нараджэнні можа служыць такім аргументам, паколькі набыццё грамадзянства па нараджэнні сведчыць пра найбольш цесную сувязь асобы з адпаведнай дзяржавай. У гэтым жа ходзе можна тлумачыць і цэнз аседласці. Значэнне цэнзу аседласці падобны на патрабаванне набыцця грамадзянства па нараджэнні — заключаецца ў забеспячэнні максімальнай сувязі асобы з дзяржавай. Як патрабаванне грамадзянства па нараджэнні, так і цэнз аседласці ў якасці патрабаванняў да прэтэндэнта ў кандыдаты былі і раней у выбарчым заканадаўстве.
Што тычыцца ўзроставага цэнзу, які раней складаў 35 гадоў, а цяпер — 40, то варта адзначыць, што цэнз у 35 гадоў — гэта самы распаўсюджаны ў свеце ўзроставы цэнз для абрання на пост прэзідэнта. У параўнанні з парадкам абрання ў іншыя дзяржаўныя органы, для прэзідэнта прадугледжана максімальнае патрабаванне па ўзросце. Сэнс прэзідэнцкага ўзроставага цэнзу заключаецца ў забеспячэнні заняцця вышэйшай дзяржаўнай пасады асобай, якая найбольш валодае пэўным жыццёвым досведам. Аляксандру Лукашэнку на момант яго абрання на пасаду прэзідэнта ў 1994 годзе было 39 поўных гадоў.
Як відаць, "абарона прававога поля", "абарона ад прасоўвання інтарэсаў замежных дзяржаў" — гэта тое, у што завуаляваны вынік, які зрабілі для сябе ўлады пасля падзей лета 2020 года, калі на палітычнай арэне ў ходзе электаральнай кампаніі з'явіліся новыя фігуры.
Адзінае, што пакуль засталося без публічнай увагі, гэта агаворка да часткі 2 артыкула 57 Выбарчага кодэкса. Згодна дадзенай норме, "адна і тая ж асоба можа быць прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь не больш за два тэрміны". Перад дадзенай нормай ёсць агаворка пра тое, што "частка другая артыкула 57 набывае моц у парадку, вызначаным часткай другой артыкула 143 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь — з дня ўступлення ў пасаду новаабранага прэзідэнта".
І да чаго гэтыя змены нас вядуць?
Такім чынам, праўкі ў Канстытуцыю і Выбарчы кодэкс — гэта прававы інструментарый, які ўлады легалізавалі, каб аж да 2035 года мінімум кантраляваць усе сцэнарыі электаральных кампаній па выбарах прэзідэнта, паколькі прэзідэнцкі мандат Аляксандра Лукашэнкі 2020-2025 гадоў "абнуліцца", пасля чаго ён можа заходзіць на дзве кадэнцыі да 2035 году што завецца "з нуля", бо яго патэнцыйныя канкурэнты альбо знаходзяцца ў турме, альбо не будуць адпавядаць крытэрыям, і проста не будуць дапушчаныя да выбарчай гонкі. Нават калі Лукашэнка задумаецца пра транзіт улады, то менавіта "дзякуючы такім праўкам" сцэнарыі такога транзіту ўлады будуць знаходзіцца пад таталітарным кантролем, паколькі пад патрабаванні артыкула 80 Канстытуцыі, акрамя прадстаўнікоў наменклатуры і афіляваных з дзяржавай суб'ектаў, ніхто не падпадае. Праўкі ў выбарчае заканадаўства закладваюць перадумовы да электаральнай аўтакратыі — палітычнага рэжыму, у якім дэмакратычныя інстытуты выконваюць імітацыйную ролю, электаральнае поле зачышчаецца ад усіх людзей, якія могуць скласці якую-небудзь канкурэнцыю аўтакрату. Такі электаральны рэжым, абсталяваны інстытутамі выбараў, фактычна ўяўляе мадэль, пры якой грамадства не тое што павінна быць едным у пытанні адносінаў да дзеючай улады, яно па сутнасці павінна быць маналітным. Аднак гэта не з'яўляецца сумяшчальным з правамі чалавека ва усім іх шматгранным праяўленні.