29.03.2023 Тэгі: крымінальны пераслед, дыфамацыя У судзе Партызанскага раёна Мінска 13 сакавіка разгледжаная крымінальная справа грамадзяніна Расійскай Федэрацыі, вядучага інжынера-праграміста аднаго з прадпрыемстваў Іллі Шакірава. Яго абвінавацілі ў гвалце альбо пагрозе гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў, былога начальніка ГУБАЗіК МУС Дзмітрыя Ковача (арт. 364 КК).
Суд павінен быў разглядаць і іншыя абвінавачанні, вылучаныя Шакіраву: абразу Аляксандра Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368) і абразу прадстаўніка ўлады (арт. 369). Аднак матэрыялы па гэтых артыкулах у працэсе не разглядаліся.
Справу разглядаў суддзя Аляксандр Супічэнка.
Іллю Шакірава затрымалі 30 лістапада 2022 года і да суда змясцілі ў СІЗА №1 Мінска.
На праўладных тэлеграм-каналах праз некалькі дзён з'явілася «пакаяльнае відэа» з 35-гадовым Іллём Шакіравым. На ім айцішніка прымушаюць назваць свой вялікі заробак, а таксама “прызнацца” ў тым, што ён пакідаў абразлівыя каментары пра супрацоўнікаў міліцыі.
Па матэрыялаз абвінавачання, Шакіраў у жніўні 2022 года ў прызнанай ва ўстаноўленым парадку экстрэмісцкай тэлеграм-групе (чаце), у мэтах перашкоды законнай дзейнасці супрацоўніка органаў унутраных спраў і з помсты за выкананне начальнікам ГУБАЗіК МУС Ковачам службовай дзейнасці, наўмысна пагражаў ужываннем гвалту ў дачыненні да яго і ягоных блізкіх, размясціўшы каментар, які змяшчае прыкметы вербальнай агрэсіі.
"Факт давядзення пагрозы да ведама пацярпелага пацвярджаецца абвешчанымі паказаннямі пацярпелага, які цалкам прызнаў сваю віну. Пагроза прымянення гвалту выказалася ў выказванні абвінавачаным намеры нанесці шкоду жыццю і здароўю пацярпелага і яго блізкім. Судом таксама ўлічваецца і абстаноўка, якая склалася ў краіне, калі дэструктыўнымі сіламі праводзіцца мэтанакіраваная праца, накіраваная на ажыццяўленне дзяржаўнага перавароту," - лічыць бок абвінавачання.
Дзмітрый Ковач таксама вылучыў патрабаванне аб спагнанні матэрыяльнай кампенсацыі маральнай шкоды ў суме 2 000 рублёў.
Суд прызначыў Іллю Шакіраву пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін два гады з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Матэрыяльную кампенсацыю абвінавачаны аплаціў дабраахватна да пачатку судовага працэсу.