30.03.2023 Тэгі: палітвязні, умовы ўтрымання, рэпрэсіі, прымусовая праца, гісторыі вязняў Дзмітрый Максімчык раней жыў у Баранавічах і працаваў кіраўніком мясцовага аддзялення аднаго з банкаў. Цяпер Дзмітрый жыве ў Вільне — туды ён збег з папраўчай установы адкрытага тыпу (т.зв. “хіміі”). Там Дзмітрый стварыў школу, пра якую задумваўся яшчэ падчас свайго зняволення. “Вясна” распавядае гісторыю былога палітзняволенага Дзмітрыя Максімчыка: як да яго прыйшлі за фота, як паверыў дзяржаўнаму адвакату і як зацягнуўся суд праз рэферэндум, як святкаваў Новы год у СІЗА і як сустрэў навіны пра вайну, як трапіў пад зачыстку “хімікаў” і якія перашкоды былі на шляху да волі.

maksimchyk.jpg
Дзмітрый Максімчык да затрымання

Затрыманне за фота: “Як у нейкім баявіку”

Кожную раніцу буднага дня Дзмітрый Максімчык выходзіў з дому а 8:15 і ішоў на працу ў банк. Пакуль да яго не прыйшлі. Гэта здарылася 16 лістапада 2021 года.

“На выхадзе з пад’езду свайго пяціпавярховага дома я сустрэў незнаёмага чалавека, — успамінае Дзмітрый. — Ён быў апрануты ва ўсё чорнае: медычная чорная маска, шапка, куртка, абутак. Дужага целаскладу. Я яшчэ здзівіўся, чаму ён тут стаіць. Неяк дзіўна.

Я выйшаў з пад’езду і скіраваўся да сваёй машыны. І тут загарэліся фары, і срабрыстая Geely пачала павольна да мяне ехаць. Я адчуў: нешта не тое. Geely ж выехала з тупіка двара. Плюс я звярнуў увагу, што на ёй не было дзяржнумароў.

Мяне гэта насцеражыла”.

Як высветлілася, ззаду яшчэ ехаў "бус" з таніраваным шклом. Дзмітрыя паклалі на зямлю, а з яго кішэняў выцягнулі ключы ад кватэры і машыны. Усё гэта рабілі людзі ў аліўкавым абмундзіраванні. Яны не прадставіліся. Вось як Дзмітрый іх апісвае:

“Зброя, аўтаматы скарочаныя, шчыты металічныя (вялікія, ва ўвесь рост — як на дэманстрацыі, калі яны разганялі), дручкі. Пакуль мяне трымалі ў бусе, яны адправілі 4 чалавекі, маімі ключамі адкрылі кватэру, агледзелі яе — там нікога не было. Па рацыі перадалі: «Усё чыста» — і толькі пасля гэтага мяне і іншых людзей у цывільным завялі ў кватэру”.

Пачаўся вобшук. Дзмітрый не разумеў, чаму да яго прыйшлі сілавікі і з чым было звязанае яго затрыманне.

“Я ў іх пытаў: у чым справа? Яны сказалі, што я сам павінен ведаць. Але калі яны, пэўна, зразумелі, што я шчыра здзіўлены і нічога не ведаю, то паказалі мне фотакопію нейкага дакумента, дзе я ўбачыў скрыншот майго Інстаграма. І там быў здымак з марша 23 жніўня 2020 года ў Мінску”.

Гэтая фатаграфія і стала падставай для крымінальнага пераследу. Сілавікі канфіскавалі цвёрды дыск, ноўтбук і два тэлефоны Дзмітрыя, а таксама 4000 беларускіх рублёў, якія ён захоўваў дома. Панятымі былі суседзі Дзмітрыя.

“Суседзі таксама здзіўляліся, спрабавалі распытаць, а што здарылася, што адбылося? Сапраўды, у такой жа форме гэта адбываецца, як у нейкім баявіку, як быццам я закладнікаў захапіў. Я бачыў велізарнае здзіўленне на іх тварах”.

А потым Дзмітрыя даставілі ў Мінск. З размоў сілавікоў у машыне ён нарэшце зразумеў, хто да яго прыйшоў: гэта былі супрацоўнікі ГУБАЗіКа.

dzmitryj_maksimhyk2.jpg
Дзмітрый Максімчык падчас аповеду сваёй гісторыі

ГУБАЗіК, СК, “пакаяльнае” відэа і прызначаны адвакат: “Мы можам змагацца за «хімію»”

Дзмітрыя Максімчыка даставілі ў Мінск, у аддзяленне ГУБАЗіка. Допыт праводзіўся без якіх-небудзь дакументальных доказаў.

“Задавалі пытанні, колькі разоў я быў на мітынгах, з кім я кантактую з палітыкаў, удакладнялі маё меркаванне наконт палітычнай сітуацыі. Потым сказалі, што трэба будзе запісаць відэа. Я ўдакладніў яго змест, яны адказалі: «Ну, проста скажаш, што ты вось быў на мітынгу і нікому не раіць хадзіць на іх». Уласна, я так і зрабіў. У рэшце рэшт, я разумеў, што гэтага нельга пазбегнуць. Калі я спытаў, навошта гэта відэа, яны намякнулі: «Для нашага ўнутранага карыстання». На відэа задавалі пытанні накшталт: «Навошта выходзіў? Чаго не хапала?»”

Пазней гэтае відэа з'явілася на адным з праўладных тэлеграм-каналаў, які вядзе ГУБАЗіК.

"Пакаяльныя" відэа: што яны парушаюць і як уздзейнічаюць на чалавека

"Вясна" паразмаўляла з юрыстам і спецыялісткай ў галіне псіхалогіі, каб разабрацца, якія нормы парушае запіс падобных відэа, якім чынам яны ўздзейнічаюць на ўдзельнікаў здымкі і тых, хто іх глядзіць, а таксама якое пакаранне можа чакаць тых, хто іх стварае.

Затым мужчыну перавезлі ў адно з упраўленняў Следчага камітэта. Там яму нарэшце абвясцілі афіцыйны статус — падазроны па крымінальнай справе. Там жа Дзмітрыя чакала адвакатка, прызначаная дзяржавай.

“Яна патлумачыла мне, што не ўсё так проста. Гэта крымінальны артыкул, і ўсё сур'ёзна, і, хутчэй за ўсё, гэта будзе тэрмін. Я здзіўляюсь: «Як, за што? За фота?» Яна кажа: «Так, цяпер гэта так. Масавыя затрыманні, арышты, людзі саджаюць. І альбо гэта «хатняя хімія», што вельмі рэдка, альбо гэта «хімія з накіраваннем», альбо гэта калонія”.

То бок, яна адразу акрэсліла перспектывы.

Я пытаю: «Што ўвогуле прадугледжана законам па гэтым артыкуле?» Яна пералічыла, што гэта можа быць і штраф, і арышт, і «хатняя хімія».

Пытаю: «Ці можам мы змагацца за штраф?» Яна сказала: «Не, мы можам змагацца за «хатнюю хімію»». Я кажу: «Окей, добра, працуем»”.

Следчага Дзмітрый успамінае як “даволі адэкватнага чалавека”:

“Пасля ГУБАЗіКа на кантрасце зносіны са следчым былі даволі спакойнымі. Ён быў здзіўлены, што праз фотаздымак у сацсетцы адбываюцца крымінальныя справы. Ён нават так адвакату трансляваў, кшталту: «Я ўвогуле не разумею, навошта так затрымліваць праз фатаздымак, гэта ж чыстай вады адміністрацыйка!»

Але пры гэтым напрыканцы гэта было аж два тамы крымінальнай справы і два дні суда. Праз фота ў Інстаграме”.

Акрэсціна: “Жылі як селядцы”

Пасля допыту Дзмітрыя адвезлі на Акрэсціна, дзе ён правёў дзесяць сутак. Восем з іх — у карцары.

“Спачатку гэта была “звычайная” камера — без матрацаў і падушак, спалі мы на жалязяках. Затым нас перавялі ў карцар два на тры з паловай метры — там нас было дзевяць чалавек. Мы там як селядцы жылі, так бы мовіць. Гэты ж карцар — аднамесны.

Там была адна шконка, але ўвесь час заплікнутая. А мы спалі на падлозе — прычым на баку. Таму што калі разваліцца на спіну, то ўсе не маглі змясціцца. Мы нават на лік “тры-чатыры” разам пераварочваліся з боку на бок.

І яшчэ ноччу кожныя 2–3 гадзіны да нас прыходзілі, нават калі ты спіш — тябе абудзяць... Спаць паўнавартасна ты не мог”.

Карцар у ІЧУ на Акрэсціна. Ілюстрацыя Вольгі Пранкевіч
Карцар у ІЧУ на Акрэсціна. Ілюстрацыя Вольгі Пранкевіч

Дзмітрый адзначае, што карцары з такімі ўмовамі створаны спецыяльна для тых, хто трапіў у няволю праз пераслед па палітычных матывах.

“Кожны, хто заязджае на Акрэсціна па палітыцы, праходзіць праз карцар. Здараецца, што чалавек 1–2 пабылі ў камеры, але, як толькі ў карцары вызваляецца месца, яго адразу ж пераводзяць.

Перадачы не перадавалі. На Акрэсціна ў нас зусім не было ні на што права”.

zabor_akrescina.jpg
Будынак Акрэсціна

Валадарка: “эканамічныя” — гэта таксама “палітычныя”

Затым Дзмітрыя Максімчыка перавялі ў СІЗА-1 (Валадарка). Там ён правёў 4 месяцы. І ў параўнанні з умовамі ўтрымання на Акрэсціна, Валадарка выглядае даволі “ніштаватай”, адзначае Дзмітрый:

“Так, вядома яна перапоўненая, трох’ярусныя нары. Але, па меншай меры, ёсць магчымасць пачытаць кнігу — заказаць у бібліятэцы. Можна атрымаць перадачу, ліст ад сваякоў. У нашай камеры быў тэлевізар — там хаця і ішлі дзяржаўныя каналы, але можна было часам паглядзець і фільмы. Была магчымасць займацца спортам: мы ў пластыкавыя бутэлькі засыпалі цукар, клалі ў авоські — і выкарыстоўвалі гэта як гантэлі. Гутарылі, нават гулялі ў гульні: у «мафію», калі было шмат людзей. То бок калі больш-менш наладзіш свой дзень, яго можна было правесці з адноснай карысцю”.

СІЗА-1, у якім Марфа Рабкова ўтрымліваецца з 7 верасня 2020 года
СІЗА-1 (Валадарка)

Паводле назіранняў Дзмітрыя, ягоныя сукамернікі былі “палітычнымі” і “эканамічнымі”:

 “Але тыя, якія «эканамічныя» — яны таксама «палітычныя», — дадае Дзмітрый. — Гэта я разумеў, слухаючы іх гісторыі. Напрыклад, адзін чалавек запусціў у рэстаран людзей падчас маршаў і зачыніў дзверы. Другі, як высветлілася, быў кіраўніком адной вельмі буйной будаўнічай дзяржаўнай арганізацыі — але падпісаўся за Бабарыку. Яго папярэджвалі: «Сыходзь сам». Ён не сышоў. І ў рэшце рэшт, праз некаторы час знайшоўся нейкі сведка, які сказаў, што даваў яму хабар.

То бок, ускосна — так, гэта было павязана з палітыкай. Але артыкулы нібыта эканамічныя — хабары, падаткі...”

Новы год у СІЗА

31 снежня 2021 года Дзмітрый узгадвае як “абсалютна звычайны дзень”:

“Мы не адзначалі і не святкавалі — мы проста а 22 гадзіне ляглі. Але для многіх гэта была бяссонная ноч — у рэшце рэшт, у гэтае свята цяжка заснуць. Па-першае, куча думак, галава забіта ўспамінамі, ты ў думках дзесьці там, у сябе дома. Па-другое, Валадарка — гэта цэнтр Мінска. Таму ўсю ноч — феерверкі, петарды, шум, гоман — толькі нават ад гэтага немагчыма заснуць”.

Сярод лістоў і паштовак дайшлі і навагоднія віншаванні.

“Я здзіўлены, нават адзін ліст прыйшоў з Вільні”, — дадае Дзмітрый.

Вайна ва Украіне. “Нам далі паглядзець трансляцыю — такога ніводнага разу не было”

Згодна з унутраным распарадкам дня СІЗА-1, зняволеныя павінны спаць з 22:00 да 6:00. У камеры Дзмітрыя быў тэлевізар, які дазваляў, нягледзячы на ​​прапаганду, атрымліваць хаця б нейкія шматочкі інфармацыі, адзначае былы палітвязень. Але яго можна было глядзець да 21:40 — у гэты час супрацоўнікі СІЗА кожны дзень адключалі разеткі. Але толькі ў адзін дзень гэта не адбылося — 24 лютага.

“У той дзень мы, як звычайна, глядзелі па тэлевізары навіны. І яны ўбачылі бягучы радок, што будзе экстраннае паведамленне ад прэзідэнта РФ. Яе круцілі па ўсіх каналах. У нас у камеры павісла напружанасць, усе адчувалі нешта дрэннае. Мы ўсе былі ў гэтых думках. І ўсе чакалі гэтага паведамлення.

Трансляцыя пачалася а 21 гадзіне з чымсьці. Мы хваляваліся — вось зараз у 21:40 выключаць разеткі, і мы так і не даведаемся, што адбываецца.

Але як ні дзіўна — такога ніводнага разу не было — разеткі нам так і не выключылі. І мы глядзелі трансляцыю да 00 гадзін... То бок, нам далі такую магчымасць. І па «прадоле» тады ніхто не хадзіў – а звычайна прадольныя ходзяць, і калі ты не спіш, то робяць заўвагі.

Мы зразумелі, што гэта вайна.

Мы перажывалі за Украіну. Вядома, у нас быў і песімізм: ці зможа яна выстаяць супраць такога ворага і агрэсара, як Расія? Нас жа не абышла прапаганда: што Расія — каласальная дзяржава з пункту гледжання ваеннага патэнцыялу. І мы вельмі хваляваліся, мы сапраўды думалі, што ва ўкраінцаў мала шанцаў. Але з цягам часу, калі мы зразумелі, што ўсё не так, настрой змяніўся.

Мы даведваліся, што Украіна трымаецца, змагла выстаяць адзін тыдзень. Потым другі тыдзень пайшоў. Мы трыумфавалі”.

У чаканні суда. “Была дадзена каманда не выпускаць напярэдадні рэферэндуму”

Чаканне судовага працэсу па крымінальнай справе Дзмітрыя (яму інкрымінавалі артыкул 342 КК) расцягнулася.

“Мне сказалі, што суд адбудзецца праз 2 месяцы — я яго чакаў. І дакументы хутка ішлі, і ад пракурора ў суд накіроўвалася ўсё хутка.

Але потым усё завісла. Пачалі працягваць тэрміны, перакідвалі справу з аднаго суда ў другі. Спачатку я не разумеў, чаму гэта адбываецца. Нават пачаў непакоіцца, што, магчыма, гэта не ўсё, і будзе нейкі працяг. Бо падчас следства я даведаўся, што пад фота ў Інстаграме быў нейкі каментар, які я напісаў. Там была простая фраза: «Прайграны бой, але не бітва» — нешта такога кшталту. І гэты каментар следчы па ўласнай ініцыятыве падаў на экспертызу адносна распальвання сацыяльнай варожасці — гэта 130 артыкул Крымінальнага кодэкса. Як я пра гэта даведаўся? Аднойчы следчы паказаў вывад гэтай экспертызы. Кажа: «Табе пашанцавала, глядзі: экспертыза сказала, што закліку няма». І я думаў: «Божа, ды я нават не ведаў, а мог бы ўжо паехаць на 5 гадоў у лагер«.

І калі пайшло зацягванне з суда ў суд, я хваляваўся, як бы яшчэ нешта не прыдумалы, бо я не мог зразумець, чаму гэта адбываецца. Але потым быццам растлумачылі: у краіне быў 27 лютага рэферэндум, і была такая каманда нас прытрымаць: не вызваляць перад рэферэндумам. І, адпаведна, усе, у каго быў запланаваны суды па тэрмінах напярэдадні 27 лютага — усіх прытрымлівалі і судзілі адразу пасля рэферэндуму. У мяне так і адбылося”.

Суд і прызначаны адвакат. “Я паверыў ёй, але, аказалася, дарэмна”

Судовы працэс над Дзмітрыем Максімчыкам доўжыўся два дні: 15 і 16 сакавіка 2022 года. Суддзя — Марыя Фёдарава, вядомая сваімі палітычна матываванымі прысудамі. Дзяржабвінаваўца — Д. Здольнікава.

Суддзя Фёдарава выносіць чарговае рашэнне аб штрафе
Суддзя Марыя Фёдарава

“На судзе ў мяне спыталі, ці прызнаю я віну. Я папрасіў парады ў адваката: што мне рабіць? Яна адказала, што калі я прызнаю сваю віну, то хутчэй за ўсё будзе «хатняя хімія». Я вельмі моцна на гэта разлічваў. Я ўсё ж разумеў, што «хатняй хіміяй» мяне не напалохаць.

Я паверыў ёй, але, аказалася, дарэмна: віну я прызнаў, але прысуд быў тры гады «хіміі» з накіраваннем”.

Абаронцу Дзмітрый не мяняў — ім заставалася ўсё тая ж дзяжурная адвакатка, якую ён сустрэў у кабінеце следчага на першым допыце.

“Мае бацькі з ёй заключылі дагавор. Я хацеў ім напісаць, што, напэўна, не варта з гэтым чалавекам працаваць, але не стаў… Вырашыў адпусціць гэтую сітуацыю на самацёк”.

Ці задаволены Дзмітрый працай абароны ў судзе?

“Яна маўчала ўвесь працэс. Напрыканцы проста сказала, што хадатайнічае пра тое, каб мяне пакаралі «хатняй хіміяй». І што я гэта падтрымліваю. Вось і ўвесь яе ўдзел.

І ўвогуле, [падчас следства] адвакат выконваў досыць фармальную функцыю. Гэта адчувалася і ў тым, як яна паводзіла сябе са следчым — які ў іх быў свайго роду спецыфічны канэкт. Я разумеў, што сіла адвакацкая тут мінімальнае значэнне мае.

Ды й сярод зняволеных Валадаркі хадзіла інфармацыя, што ўсе нашыя крымінальныя справы прадвызначаныя. То бок, на кожнай справе напісаны тэрмін, і суддзі ўжо дакладна ведаюць і агучваюць яго. Яны не могуць зрабіць крок налева і крок направа. Ужо з моманту перадачы пракурорам справы ў суд прысуд вядомы”.

Для суда галоўным сведчаннем “віны” Дзмітрыя ў “групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак” (артыкул 342 КК), стаў той самы здымак з пратэснага марша 23 жніўня 2020 года, размешчаны ў Інстаграме.

“Усё, што ім удалося зрабіць: сказаць, што я нібыта стаяў на дарозе. Хоць мае ногі не былі бачныя на фота. Але следства здолела даказаць, што фатаграфія была зроблена на дарозе — а гэта азначае, што я разам з іншымі сотнямі тысяч людзей перашкаджаў транспарту рухацца”.

Таму ў крымінальнай справе Дзмітрыя ёсць і іск ад “Мінсктранса” аб кампенсацыі панесеных выдаткаў у сувязі з “парушэннем працы транспарту”. Сума ў іске — 5 839 беларускіх рублёў. Дзмітрый называе яе нязначнай:

“Са мной на Валадарцы сядзелі хлопцы, якім выставілі пазоў на 60, на 120, камусьці нават 140 тысяч беларускіх рублёў. Але ім ставяць у віну некалькі дат іх удзелу ў мітынгах”.

Думкі пра ўцёкі

Пасля абвяшчэння прысуду Дзмітрыя Максімчыка вызвалілі з судовага будынку для чакання пачатку адбыцця прысуду ў ПУАТ. Ужо тады ён пачаў думаць пра магчымасць уцёкаў. Але вырашыў адкласці:

“Пайшлі чуткі, што восенню 2022 года будзе амністыя для палітычных, і амаль усіх вызваляць. І я падумаў, што я прыеду на «хімію», зусім кароткі перыяд адбуду — мяне амністуюць. Менавіта гэта і паўплывала на маё рашэнне адбываць пакаранне.

Але калі ў верасні была агучана амністыя, то стала зразумела, што «палітыкаў» яна не закране.

Узважыўшы ўсё, я канчаткова вырашыў: так, я ўцяку”.

Як выглядае прымусовая праца ў ПУАТ

У канцы красавіка 2022 года Дзмітрыя Максімчыка накіравалі ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу № 6, якая знаходзіцца ў вёсцы Лушчыкі Кобрынскага раёна.

“Пасля прыбыцця месяц нам шукалі працу. Але ў той жа час выходзіць за тэрыторыю ПУАТ мы нікуды не маглі — нас не выпускалі. А набыць прадукты можна ў аўталаўке, якая прыязджае на тэрыторыю ПУАТ.

Потым нам знаходзяць працу — як правіла, гэта адна з самых цяжкіх альбо брудных прац. На такія звычайна накіроўваюць «палітычных»”.

Дзмітрыя накіравалі ў Кобрынскую ХКГ, у падраздзяленне “Зелянгас”. Такое месца працы ён называе шанцаваннем:

“Бо людзі працуюць проста за талерку супу і за тое, каб аплаціць камендатуру, дзесьці каля 50–60 рублёў у месяц (утрыманне ў ПУАТ — Заўв.), і пасля гэтага, уласна, нічога не застаецца. А ў кагосьці судовыя іскі яшчэ вылічваюцца. Шмат хто «палітычны» працаваў у калгасе. Там заробак у раёне 500 рублёў. Вельмі нізкая. У маім жа выпадку ў «Зелянгасе» плацілі ад 800 да 1200 беларускіх рублёў”.

Дзмітрый працаваў у брыгадзе з “вольнымі” людзьмі. Яны ведалі, што працуюць разам з асуджаным па палітычна матываваным артыкуле. А працу ў “Зелянгасе” Дзмітрый лічыць “не з лёгкіх”:

“Мы знаходзіліся ва ўсёй амуніцыі, а ўлічваючы лета і спякоту — гэта не так проста. Розныя ўчасткі, скосы мастоў... Трэба было значна папацець”.

Ці могуць асуджаныя ў ПУАТ адмовіцца ад працы?

“Гэта аўтаматычнае парушэнне, — тлумачыць Дзмітрый. — Цябе могуць у ізалятар змясціць на дзесяць сутак. Потым цябе прапануюць іншую працу. Так, ты можаш і ад іншай адмовіцца. Але гэта зноў парушэнне. І ўжо пасля трэцяга парушэння цябе пісьмова паведамляюць, што любое наступнае парушэнне — гэта ўжо перавод на больш строгі лагер (з ПУАТ — у калонію. Заўв.)

Што было 30 кастрычніка ў “хімікаў”? За дзень да меркаваных уцёкаў

Як пісала “Вясна” раней, раніцай 30 кастрычніка ў папраўчых установах адкрытага тыпу па ўсёй Беларусі супрацоўнікі ГУБАЗіКа і АМАПу праводзілі затрыманні, вобшукі, допыты і выняцце тэлефонаў на “праверку” ў палітвязняў, асуджаных да абмежавання волі.

Дзмітрый Максімчык распавёў, як гэта адбывалася ў ПУАТ № 6.

“Гэта была нядзеля. У нас некаторыя людзі працавалі і ў гэты дзень. Мы не ведалі, што будзе гэты рэйд. Нам сказала адміністрацыя: усе, хто на профуліку (экстрэмісцкі, на які ставяць усіх «палітыкаў»), на працу не ідуць. Мы не маглі зразумець, чаму.

Мы пачалі задаваць пытанні адміністрацыі: «Чаму? У гонар чаго?», але яны зрабілі выгляд, што яны сапраўды шчыра не ведаюць прычын: «Яны нам не даводзяць. Нам прыйшло зверху, што гэты дзень не працуем, і ўсё». І гэта было настолькі пераканаўча, што мы паверылі. Я таксама не надаў гэтаму ніякага значэння. Тым больш у панядзелак я планаваў уцякаць. Былі сабраныя рэчы, і ўсё гатова.

На падобныя сходы заўсёды нельга браць з сабой тэлефоны — мы іх заўсёды пакідалі у сваіх тумбачках.

А тут прама на гэтым мерапрыемстве нам кажуць, што менавіта «палітыкі-профулік» устаюць і пераходзяць у актавую залу (у іншы пакой — мы яе называлі «ленінскай»). Мы пераходзім і чакаем, не разумеючы, каго. Супрацоўнікі дзяжураць, нікога не выпускаюць. І тут мы бачым з акна — класіка жанру: пад’язджае сіні таніраваны бус, без нумароў, выходзяць хлопцы ў форме «аліўкі». Пад’язджае і цывільная форма без нумароў — выходзяць людзі ў цывільнай вопратцы.

І мы разумеем: нешта не тое. І тут гэтыя людзі ў цывільным падзяліліся на тры кабінеты, і ўсіх «палітыкаў» пачалі паралельна ў тры кабінеты выклікаць па чарзе. І, калі паклікалі мяне, супрацоўнік сказаў: «Пройдзем да твайго спальнага месца, пакажы, дзе твой тэлефон».

Адразу яны прадставіліся, адзін паказаў пасведчанне — але я не разглядаў, а толькі ўбачыў, што там корачка чырвоная з гербам ГУБАЗіКа.

Я падпісаў папярэджанне пра тое, каб мы не чыталі навіны ў экстрэмісцкіх каналах. А ў гэты час правяралі мой тэлефон — сказалі разблакаваць. У мяне не было думак, што нешта не так, бо я, здавалася, з большага чысціў. Але, на жаль, высветлілася, што я абмяняўся адным паведамленнем (гэта было даўно, я, пэўна, пра гэта забыўся), не сцёр гэтую перапіску з адным знаёмым з Украіны. Паведамленне тычылася палка Кастуся Каліноўскага. Полк сустракаўся з Радай Украіны, і яны нешта абмяркоўвалі. І я яму скінуў, каб ён неяк пракаментаваў — ці ведае ён што-небудзь пра гэта. Дык вось, увесь падвох быў у тым, што гэтая навіна была скінута з канала “Нашай Нівы” (прызнаным экстрэмісцкімі матэрыяламі — Заўв.)”.

Праз гэта Дзмітрыя прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці па артыкуле 19.11 КаАП на дзесяць сутак. Іх ён адсядзеў у Кобрынскім ГУУС разам з яшчэ адным зняволеным ПУАТ — Уладзімірам Хамічковым.

“Раней мы не вельмі цесна стасаваліся, але калі былі ў карцары, то часу было шмат, каб даведацца адзін аднаго. Вельмі добры хлопец аказаўся, вельмі добра ведае гісторыю Беларусі, столькі ўсяго мне распавёў пра гісторыю, культуру, ВКЛ. Было вельмі цікава з ім сядзець, таму я карысна час правёў. Да таго ж, ён вывучае беларускую мову, і мы з ім практыкаваліся: размаўлялі па-беларуску”.

Уцёкі

Дзмітрый зноў пачаў планаваць уцёкі. І ўцёк 5 снежня 2022 года.

“У той жа дзень, калі я перайшоў мяжу, я патэлефанаваў родным сказаць, што ўсё ў парадку, я ў Літве. І калі я ім тэлефанаваў, ужо супрацоўнікі міліцыі былі ў іх дома ў Баранавічах, яны ўжо мяне там шукалі.

То бок, як толькі я ўцёк, літаральна праз дзве гадзіны вельмі актыўна мяне пачалі шукаць. Я чуў нават, што для майго пошуку накіравалі групу ў напрамку брэсцкай мяжы”.

Дзмітрый Максімчык узгадвае пра тое, што сказаў яму супрацоўнік ГУБАЗіКа падчас затрымання на “хіміі”:

“Ён так шматзначна дадаў: «Да, Дзмітрый, у вас канешне цікавая біяграфія, верагодна, мы паспрабуем з вамі яшчэ раз пабачыцца, пагутарыць». Што ён меў на ўвазе, я так і не зразумеў. Таму што я ўжо тут, у Вільне, і зносіны з ім, дзякуй богу, больш не складуцца. Можа і складуцца — але ўжо калі мы вернемся ў Беларусь. Мы з ім яшчэ пагутарым”.

Новае жыццё: стварэнне школы па маркетынгу

Як кажа Дзмітрый, яшчэ падчас свайго зняволення ён задаўся думкай, што будзе рабіць пасля ўцёкаў у Літву. Так ён прыйшоў да ідэі стварыць школу для падлеткаў. І ўжо ў Вільне, разам з камандай аднадумцаў, ён натхніўся ідэяй папулярызацыі прадпрымальніцкай культуры сярод моладзі — і распачаў адукацыйна-практычны праект у галіне Digital Marketing і Soft Skills (Школа лічбавага маркетынгу і сацыяльных навыкаў). Лагатып гэтай школы яе вучні стварылі самі:

“Гэта не толькі адукацыйны праект для мяне — гэта частка майго жыцця, — кажа Дзмітрый Максімчык. — Часта дзеці прыносяць і частуюць мяне хатняй выпечкай, з імі наладзіліся вельмі цёплыя адносіны.

У школе вучацца беларусы, украінцы і літоўцы. Часта яны паміж сабой абмяркоўваюць свой дом і пытаюцца адзін у аднаго: «А як у вас гэта? А ў нас вось так».

Гэта не проста праект — гэта ўжо маё жыццё”.

Школу можна падтрымаць тут.

Крыніца: Уцёк з "хіміі" і стварыў школу ў Вільне. Гісторыя былога палітзняволенага Дзмітрыя Максімчыка