05.04.2023 Тэгі: пераслед, затрыманні У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкімі фармаваннямі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 4-5 красавіка збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
У Гомелі затрымалі таксіста
Гэта бацька двух непаўналетніх дзяцей Раман Арцёменка.
Як паведаміў яго знаёмы, Рамана жорстка затрымаў АМАП яшчэ ў канцы студзеня 2023 года, калі ён чакаў замову каля аўтавакзала.
Сябры чакалі Рамана з «сутак», бо ім было вядома, што яго затрымалі за старыя лайкі ў сацыяльнай сетцы «Аднакласнікі».
Цяпер Арцёменка знаходзіцца ў Гомельскім СІЗА.
Затрымалі кандыдатку навук і дацэнтку БДУ Аксану Улановіч
Як вынікае з відэа сілавікоў, жанчыне закідаюць напісанне ў чат-бот канала «Беларусь галаўнога мозгу».
Ян Рудзік, адзін з былых рэдактараў «Беларусі галаўнога мозгу», мяркуе, што гэта частка архіва чат-бота, якая ўцякла праз Рамана Пратасевіча, піша @nashaniva.
Затрыманні ў Баранавіцкім універсітэце
У БарДУ адбыліся затрымання — папярэдне, з-за каментароў пад «адкрытым урокам» Лукашэнкі
Паводле інфармацыі @Grodno_grab, сёння адбыліся затрыманні студэнтаў першага курса ў Баранавіцкім дзяржаўным універсітэце.
Папярэдне, ва ўніверсітэт прыязджалі супрацоўнікі КДБ і затрымлівалі студэнтаў за каментары, якія былі пакінутыя студэнтамі 1 верасня падчас прамога эфіру адкрытага ўрока «Гістарычная памяць — дарога ў будучыню!», які праводзіўся Лукашэнкам.
Былога палітвязня Аляксея Раманава з Гомеля дапыталі ў СК
Ён быў выкліканы у якасці сведкі ва Упраўленне Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь па Гомельскай вобласці.
Па якой справе Аляксей з'яўляецца сведкам невядома, бо з яго ўзятая падпіска аб неразгалошванні.
Аляксей — гомельскі актывіст, мае інваліднасць 2-й групы з прычыны анкалагічнага захворвання. Ён актыўна ўдзельнічаў у агітацыйных пікетах штабу Святланы Ціханоўскай як валанцёр. На пікеце ў Хойніках мужчына негатыўна выказаўся пра Лукашэнку. Супраць Раманава распачалі крымінальную справу, а пазней асудзілі да года калоніі агульнага рэжыму.
23 лістапада 2021 года Аляксей выйшаў на волю, цалкам адбыўшы тэрмін.
У Беларусі пачалі прызнаваць экстрэмісцкімі тэлеграм-чаты ПВК «Рэдан»
30 сакавіка суд Барысаўскага раёну прызнаў экстрэмісцкімі матэрыяламі тэлеграм-канал "ЧВК Редан Борисов сходки антиЧВК Редан в Борисове сливы видео драки из Борисова».
Таксама «экстрэмісцкі спіс» папоўнілі відэаролік «Sumarok - 2020, instagram-старонкі «belarus_2020», «belarusianlive», telegram-каналы «П-Телеграм и кибербезопасность», «Слоним. НОВОСТИ», «Міхнавічы і Наваколле», «Гордые Слонимчане», суполка ва «Укантакце» «Минский чат/Хостинг», суполка ў «Аднакласніках» «Светлогорск – на – Березине», старонка ва «Укантакце» «Зоя Хруцкая».
Палітзняволеная Анжаліка Борыс верагодна, вызваленая з-пад хатняга арышту
Як даведаўся @belsat, кіраўніцу Саюзу палякаў Анжаліку Борыс разам з маці выклікалі ў Мінск.
Там Борыс уручылі дакумент аб спыненні справы «ў сувязі з адсутнасцю складу злачынства». Таксама ёй паабяцалі вярнуць усе рэчы, вынятыя падчас следства.
Сталі вядомыя падрабязнасці арышту ў Віцебску ўкраінца Андрэя Шмая
Андрэй Шмай працаваў у Віцебскім аблвыканкаме з 2013 году, быў рабочым па комплексным абслугоўванні і рамонце будынкаў і збудаванняў.
«19 студзеня пасля заканчэння працоўнага дня Андрэя папрасілі затрымацца нейкія людзі. На працы сказалі, што затрымалі спецслужбы. Я ня ведаю, за што яго затрымалі, відаць, за тое, што проста ўкраінец», — расказвала маці Шмая «Флагштоку».
Як расказалі ў фільме прапагандысцкага каналу АНТ, Шмай нібыта з верасня рэгулярна адпраўляў інфармацыю ва Ўкраіну, праз месэнджар «Сігнал», свайму малодшаму брату Руслану. Той служыць у чарнігаўскім упраўленні «Поўнач» маёрам, намеснікам камандзіра па аператыўных пытаннях.
Інфармацыя дапаўняецца.
Крыніца: Выклікі на допыты і затрыманні: хроніка пераследу 4-5 красавіка