07.04.2023 Тэгі: крымінальны пераслед, экстрэмізм Мінскі абласны суд 7 красавіка ў парадку спецыяльнай вытворчасці завяршыў разгляд крымінальнай справы аднаго з кандыдатаў на прэзідэнты пад час выбарчай кампаніі 2020 года, былога дыпламата, ініцыятара і стваральніка Парка высокіх тэхналогій Валерыя Цапкалы. Абвінавачаны па 12 крымінальных артыкулах Цапкала ў ноч з 23 на 24 ліпеня 2020 года разам з дзецьмі таемна пакінуў Беларусь, таму суд над ім будзе праходзіць завочна.
Судовы працэс вёў суддзя Сяргей Епіхаў.
Валерый Цапкала вылучаўся кандыдатам у прэзідэнты Беларусі у 2020 годзе, аднак, як і іншыя прэтэндэнты не быў зарэгістраваны ЦВК. Падставай для адмовы ў рэгістрацыі стала недастатковая колькасць сапраўдных подпісаў – менш за 100 тысяч. Ён перадаваў у ЦВК амаль 160 тысяч подпісаў, аднак тэрытарыяльныя камісіі іх масава анулявалі. У выніку яму залічылі крыху больш за 78 тысяч подпісаў.
Ён з’ехаў з Беларусі пасля таго, як праваахоўныя органы пачалі супраць яго праверкі, а 6 снежня 2022 года ў дачыненні да палітыка Галоўным ўпраўленнем па расследаванні злачынстваў у сферы арганізаванай злачыннасці і карупцыі Следчага камітэта была ўзбуджаная спецыяльная вытворчасць. Следства па справе завяршылася 28 снежня і матэрыялы былі перададзены ў суд.
У кастрычніку 2022 года МУС прызнаў Валерыя Цапкалу “экстрэмісцкім фармаваннем” на падставе таго, што “група грамадзян, аб'яднаных пад агульным кіраўніцтвам Цапкалы, у тым ліку праз шэраг інтэрнэт-рэсурсаў, ажыццяўляе экстрэмісцкую дзейнасць”.
Таксама “экстрэмісцкім” прызнаны лагатып у выглядзе “фатаграфічнай выявы Цапкалы В".
У чым абвінавачвалі палітыка?
Валерыю Цапкалу ставяць у віну здзяйсненне злачынстваў па 12 крымінальных артыкулах:
- ч. 2 арт. 367 (паклёп у дачыненні да Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь);
- ч. 2 арт. 368 (абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь);
- арт. 369-1 (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларус);
- ч. 3 арт. 361 (заклікі да мер абмежавальнага характару, іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь);
- ч. 1 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзел у ім);
- ч. 1 арт. 130 (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы);
- ч. 1 арт. 123 (прапаганда вайны);
- ч. 2 арт.361-2 (фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці);
- арт. 188 (паклёп);
- ч. 2 арт. 424 (злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі);
- ч. 3 арт. 430 (атрыманне хабару);
- ч. 1 арт. 400 (загадзя ілжывы данос).
Акрамя ўсяго адміністрацыя Парку высокіх тэхналогій выставіла Цапкалу (які раней быў дырэктарам ПВТ) пазоў на кампенсацыю маёмаснай шкоды на суму больш як 6 тысяч рублёў.
Суд над Цапкалам пачаўся яшчэ 1 сакавіка.
Сёння суддзя Сяргей Епіхаў агучыў прысуд: 17 год пазбаўлення волі ў калоніі узмоцненага рэжыму.
Крыніца: Валерыя Цапкалу завочна прысудзілі да 17 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму