07.04.2023 Тэгі: крымінальны пераслед, палітвязні, ціск, умовы ўтрымання, рэпрэсіі, гісторыі вязняў Напрыканцы 2022 году сярод палітзняволеных было не менш за 25 пенсіянераў і пенсіянерак, а таксама не менш за 74 чалавекі з інваліднасцю і цяжкімі захворваннямі. Самую старэйшую з іх – 75-гадовую Наталлю Таран – асудзілі да трох з паловай гадоў калоніі за абразы. Яна дагэтуль не выйшла на волю.

Для людзей з пэўных уразлівых групаў зняволенне апынаецца яшчэ большым выпрабаваннем, чым для астатніх. Да таго ж, яно яшчэ больш пагаршае стан іх здароўя праз несвоечасова аказаную дапамогу, адсутнасць рэгулярных медабследаванняў, якія ім патрэбныя, недасяжнасць патрэбных медычных сродкаў. Таму ў Сусветны дзень здароўя “Вясна” нагадвае пра людзей з уразлівых групаў, якія сёння знаходзяцца за кратамі.   

Узрост

У сталым узросце ў людзей шмат хваробаў, развіццё якіх правакуюць і без таго цяжкія ўмовы знаходжання ў зняволенні. Высокі артэрыяльны ціск, хваробы сэрца і рухальнага апарату без адпаведнага дагляду прыводзяць людзей ва ўсё горшы і горшы стан. 66-гадовы старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў быў асуджаны да дзесяці гадоў калоніі, хаця ў зняволенні ў яго пагоршыўся стан здароўя, выявілі анкалагічнае захворванне. Восенню 2021 году ў лісце на волю ён пісаў, што лекар робіць яму абязбольваючыя ўколы, каб ён мог паспаць ноччу. Вядома, што ў яго бралі аналізы, яму праводзілі абследаванні – верагодна, яму патрэбная аперацыя.

Палітзняволеная Ірына Мельхер перанесла гіпертанічны крыз, кожны дзень ейны стан пагаршаецца: яна мае праблемы з сэрцам, нервамі. Першы месяц пасля затрымання яна не магла спаць, пакуль ёй не выпісалі заспакаяльныя. У брэсцкім СІЗА яна была на ляжачым рэжыме, аднак яе перавялі на верхнюю койку, адкуль яна не магла злезці самастойна. Разам з тым жанчыне часта трэба было хадзіць у прыбіральню, бо яна мае праблемы з ныркамі. Таму калі яна прачыналася ноччу, то вымушаная была чакаць, пакуль хтосьці прачнецца і дапаможа ёй забрацца назад наверх.У выніку яе асудзілі да 17 гадоў пазбаўлення волі.   

«Калі адным словам, то яно будзе нецэнзурным»

Як (не) ахоўваецца права на здароўе зняволеных Беларусі? Заканадаўства і практыка.

У зняволенні на розныя хваробы пакутуюць і лідары незалежнага прафсаюзу РЭП. 64-гадовы Генадзь Фядыніч мае праблемы з сэрцам і дыябет, яго асудзілі да дзевяці гадоў калоніі. У 71-гадовага Васіля Бераснева значна пагоршылася здароўе ў СІЗА, ён пакутуе ад боляў у адзінай нырцы. Магчыма, у яго анкалагічнае захворванне, аднак на момант верасня 2022 году яго не накіроўвалі на абследаванне. Замест гэтага — пастаянна ставілі абязбольваючыя кропельніцы. Яго асудзілі да дзевяці гадоў калоніі. 67-гадовы Вацлаў Арэшка мае шэраг захворванняў,ён асуджаны да васьмі гадоў калоніі.

Таксама ў зняволенні знаходзіцца 61-гадовая Галіна Дзербыш, якая пакутуе на анкалогію, мае другую групу інваліднасці і праблемы з сэрцам. Яе стан здароўя ў зняволенні пагоршыўся, адразу пасля затрымання яе змяшчалі ў карцар, дзе яна некалькі разоў губляла прытомнасць. Вядома, што неабходныя лекі ёй перадавалі альбо са спазненнем, альбо не аддавалі наогул. Яе асудзілі да 20 гадоў калоніі.

Праблемы з сэрцам, страўнікам і хрыбетнікам мае былая настаўніца, 69-гадовая Эма Сцепулёнак. На судзе ў яе падняўся ціск, і ёй выклікалі хуткую. Аднак пасля гэтага асудзілі да двух гадоў пазбаўлення волі, узяўшы пад варту ў зале суда. Ужо ў СІЗА яна стала горш бачыць, у яе пачалі слязіцца вочы.

62-гадовы актывіст і краязнаўца Уладзімір Гундар – чалавек з інваліднасцю другой групы, у яго няма адной нагі. Аднак у СІЗА яму не дазволілі пакінуць пратэз, не перадавалі неабходныя лекі: высокі ціск справакаваў гіпертанічны крыз. Акрамя таго, ён папрасіў перадаць у СІЗА больш моцныя акулыря і новыя таблеткі ад сэрца (https://novychas.online/hramadstva/u-palitvjaznja-uladzimira-hundara-u-turme-pahorszy). Яго асудзілі да 18 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Гундара часта кідаюць у карцар, ён неаднаразова абвяшчаў галадаванне.

Да пяці гадоў пазбаўлення волі асудзілі 66-гадовага філосафа Уладзіміра Мацкевіча, нягледзячы на сталы ўзрост, ён трымаў галадаванне. Падчас яго ў мужчыны знізіўся ціск, нямелі рукі і ногі, адчувалася вялікая стомленасць. Да чатырох гадоў калоніі асудзілі 62-гадовага Аляксея Міронава, да 14 гадоў – 66-гадовага Мікалая Статкевіча, які мінімум тройчы хварэў на ковід падчас зняволення — на гэтым фоне ў яго развілося запаленне лёгкіх, да трох з паловай гадоў – 65-гадовую Алену Гнаўк.

Цяжкі фізічны стан

У зняволенні кожнае захворванне прагрэсуе хутчэй: акрамя адсутнасці кваліфікаванай медычнай дапамогі, на гэта ўплываюць умовы ўтрымання – недахоп свежага паветра, дрэннае харчаванне, пастаянны псіхалагічны ціск і стрэс. Гэта прыводзіць да таго, што нават тыя праблемы, якія не абвастрыліся б у нармальных умовах, у зняволенні апынаюцца для людзей сур’ёзнымі праблемамі.

Актывіст “Еўрапейскай Беларусі” Андрэй Войніч – смяротна хворы. Пасля віруснага гепатыту ён мае цыроз печані, цукровы дыябет, пухліна над наднырачнікамі, выдалены жоўцевы пузыр і мноства звязаных з гэтым ускладненняў. Яму патрэбная тэрміновая перасадка печані, да арышту ён штомесяц наведваў трансплантолага. Аднак у калоніі, куды яго накіравалі для адбыцця сямігадовага зняволення, яго кідаюць у карцар, ён пазбаўлены перадачаў і спатканняў.

У 59-гадовага палітолага Аляксандра Фядуты дыягнаставаная вострая сардэчная недастатковасць, у СІЗА у яго здараліся прыступы сценакардыі і арытміі. Яго асудзілі да дзесяці гадоў калоніі, аднак адразу пасля этапу ён трапіў у лякарню праз праблемы з сэрцам і ацёкі. Нават нягледзячы на цяжкі стан, мужчына абвесціў медыцынскую забастоўку супраць абмежаванняў на ліставанне са сваякамі: пэўны час ён адмаўляўся прымаць пігулкі, без якіх у яго мог здарыцца сардэчны прыступ. Восенню 2022 году ягоная жонка распавядала, што праз праблемы з сэрцам Фядута не можа ляжаць і нармальна спаць. Яму нават рабілі рэнтген і кардыяграмы, збіраліся праводзіць кансіліўм наконт ягонай сітуацыі, але чым усё скончылася — невядома.

19-гадовы Мікіта Залатароў хварэе на эпілепсію, на адным з допытаў адразу пасля затрымання яго забрала “хуткая”, але пасля рэанімацыі яго зноў вярнулі ў ізалятар. Хлопец распавядаў, што тады яго збівалі дубінкай кожны дзень. Мікіту адбывае ў калоніі тэрмін – чатыры з паловай гады пазбаўлення волі. На судзе ён распавёў, што ў СІЗА яму не давалі таблетак, канваір тады сказаў: “Ты палітычны, здохнеш”. Пасля прысуду ў Мікіты Залатарова пачалася гістэрыка: ён кідаўся на краты і крычаў: "Выпусціце мяне адсюль!"

Асуджаны да двух гадоў калоніі 32-гадовы Дзмітрый Заломскі – глыханямы, ён мае інваліднасць па слыху. Некаторыя з вязняў маюць праблемы са зрокам: без аперацыі страціць яго могуць Аляксей Губіч, Вадзім Гурман, Антаніна Канавалава. У калоніі жанчына атрымала інваліднасць па зроку, ёй не прызначаюць патрэбнае лекаванне.

Палітвязню Вадзіму Гурману патрэбная медычная дапамога

У яго неаперабельная атрафія зрокавых нерваў абодвух вачэй: адно вока бачыць на 12%, другое — на 23%.

У Андрэя Скурко інсуліназалежны цукровы дыябет, чатыры разы на дзень яму патрэбна рабіць уколы. На Акрэсціна, куды журналіста адправілі адразу пасля затрымання, у сваякоў Андрэя прынялі інсулін, але захоўвалі яго няправільна: на парозе душнай камеры. Таксама мужчыну трэба некалькі разоў на дзень правяраць глюкометрам узровень цукру ў крыві, праз дыябет ён мае асаблівасці дыеты. Сведка, які бачыў яго ў СІЗА, адзначаў, што Скурко моцна схуднеў і кепска выглядае. Вядома, што пасля ў СІЗА журналіста пераводзілі ў санчастку праз пнеўманію. Яго асудзілі да двух з паловай гадоў зняволення. 

27-гадовая Дар'я Афанасьева пакутуе на астму, таму праз працу з ненатуральнымі тканінамі ў калоніі ў яе пачаліся праблемы з бронхамі. Паведамляецца, што ёй вельмі баліць спіна праз тое, што ложкі ў калоніі спружынавыя. 20-гадовы Арсеній Майсейчык, асуджаны да шасці гадоў калоніі, хворы на лейкому: гэта патрабуе рэгулярнага кантролю лекарамі і штогадовага праходжаня МРТ. Хлапцу таксама забароненыя шмат якія фізічныя нагрузкі: невядома, ці ўлічваецца гэта ў папраўчай калоніі, дзе Арсеній цяпер адбывае пакаранне. Праблемы са здароўем, якія патрабуюць рэгулярнага даследавання, немагчымага ва ўмовах зняволення, маюць таксама Ігар Мінц, Павел Ганчарык, Сяргей Батура, Вячаслаў Дашкевіч, Данііл Касцюкевіч, Міхаіл Хаміцэвіч, Марына Маркевіч, Яўген Люльковіч, Вольга Цыбульская, Вольга Залатар.

У некаторых палітвязняў няма хранічных захворванняў, аднак калі яны хварэюць, ва ўстановах ім не аказваецца належная медычная дапамога, што прыводзіць да цяжкіх наступстваў. Калі Яўген Бароўскі цяжка захварэў меркавана на гаймарыт, адміністрацыя ПК-15 адмовілася прымаць для яго медычную пасылку. У яго былі моцныя галаўныя болі і цяжкае дыханне. Патэлефанаваўшы родным, ён сказаў: “Я, напэўна, проста памру тут – мне так дрэнна". Ён працягваў хадзіць на працу з тэмпературай 38-39 градусаў.

“Я, напэўна, памру”. Палітвязень Яўген Бароўскі не атрымлівае лячэння ў калоніі

Цяпер жа ягоны стан цяжкі, кажа ягоная жонка Вераніка.

У Арцёма Баярскага пасля чатырохмесячнага бесперапыннага кашлю развілася недыягнаставаная алергія. У Марфы Рабковай, асуджанай да 15 гадоў зняволення, імкліва пагаршаецца стан здароўя праз умовы ўтрымання. Летам яна губляла прытомнасць у СІЗА, моцна схуднела і цяжка перахварэла на кавід. Яна некалькі разоў пісала заяву на выклік стаматолага, аднак ёй пастаянна адмаўляюць. Праблемы з зубамі назіраюцца шмат у каго з палітзняволеных: так сказваецца недахоп кальцыю і адсутнасць своечасовай стаматалагічнай дапамогі.

Спецдакладчыкаў ААН праінфармавалі пра стан здароўя праваабаронцы Марфы Рабковай

Юрысты “Вясны” праінфармавалі Спецыяльных дакладчыкаў ААН пра пагаршэнне здароўя каардынатаркі Валанцёрскай службы Марфы Рабковай у СІЗА-1 і недастатковае аказанне ёй медыцынскай дапамогі з боку адміністрацыі ўстановы.

Крызіс са здароўем у Марыі Калеснікавай пачаўся 28 лістапада, калі "да праблем з ціскам, млоснасцю і прытомнасцю дадаўся пакутлівы боль у страўніку". Пасля гэтага Калеснікавай зрабілі лапараскапічную аперацыю. Перад шпіталізацыяй, яе змясцілі ў ШІЗА на 10 сутак. Там было вельмі холадна, праз што палітзняволеная амаль не спала. Некалькі разоў яна губляла прытомнасць, у яе быў павышаны ціск і млоснасць. У тым ліку яна страціла прытомнасць у душы і пры падзенні падрапала ногі.

Анкалогія

Асобна варта сказаць пра палітзняволеных, якія хварэюць на анкалогію. Некаторыя трапілі ў зняволенне, ужо маючы анкалагічнае захворванне, у некаторых яго выявілі ўжо пасля затрымання. У абодвух выпадках стан людзей пагаршаецца неаказаннем медыцынскай дапамогі, адмовамі ў правядзенні неабходных маніпуляцый і аперацый, а таксама адсутнасцю доступу да лекаў.

Журналістка Ксенія Луцкіна мае пухліну ў галаўным мозгу: яна расце і правакуе цяжкія болі, якія лекары супакойваюць абязбольваючымі. Ёй патрэбная кансультацыя профільных спецыялістаў, якіх у зняволенні няма. У лютым Ксенія перахварэла на двухбаковую пнеўманію. Вядома, што праз стан здароўя жанчыну вызвалілі ад працы ў прамысловай зоне ў калоніі, куды яна трапіла адбываць восем гадоў зняволення.

У 28-гадовага палітзняволенага Паўла Кучынскага – рак чацвёртай стадыі, аднак яго асудзілі да чатырох гадоў і дзевяці месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Ягоны стан вельмі пагоршыўся, у зняволенні пачаўся запаленчы працэс. У ліпені 2022 года, падчас медыка-рэабілітацыйнай экспертнай камісіі, Паўлу паставілі першую групу інваліднасці — да гэтага ў яго была інваліднасць другой групы. У канцы верасня 2022-га Паўла перавялі ў рэспубліканскую лякарню на Валадарскага, дзе будуць утрымліваць да правядзення ПЭТ/КТ — дыягностыкі для онкахворых. У гэтай лякарні хворыя знаходзяцца не ў палатах, а ў звычайных камерах, якія перабудавалі для медыцынскіх патрэбаў.

Пазбаўлены волі, змагаецца за жыццё

Гісторыя вязня Паўла Кучынскага, хворага на рак у 4-й стадыі. 

55-гадовы Уладзімір Малахоўскі хварэе на анкалогію, а таксама мае трэцюю групу інваліднасці. Яго асудзілі да 3,5 гадоў зняволення. Да затрымання ён чатыры разы праходзіў хіміятэрапію, ягонае здароўе вельмі аслабленае.

У 39-гадовага Руслана Слуцкага добраякасная пухліна галаўнога мозгу, а таксама моцныя болі ў спіне, праз якія ён часам не мог устаць з ложку, аднак у шпіталізацыі яму адмаўлялі. Аднак вядома, што ў лістападзе 2022 году ён быў шпіталізаваны праз пнеўманію. Мужчына асуджаны да 11 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Праблемы псіхалагічнага кшталту

У зняволенні палітзвязні сутыкаюцца з беспрэцэндэнтным ціскам, пастаянна знаходзяцца ва ўмовах стрэсу: гэта пагаршае іх псіхалагічны стан, а таксама паглыбляе тыя псіхалагічныя праблемы, якія назіраліся ў іх і да затрымання. Часта супрацоўнікі дзяржаўных органаў не ўспрымаюць гэтыя праблемы сур’ёзна, таму ніякім чынам не дапамагаюць іх вырашаць.

Алену Маўшук асудзілі да шасці гадоў калоніі, пасля затрымання ў яе склаўся цяжкі дэпрэсіўны стан. Пачуўшы, колькі ёй запрасіў пракурор, жанчына напісала ў сшытку і паказала прысутным у зале суда: “Я павешуся”. На пачатку студзеня 2022 года Алена Маўшук паведаміла блізкім ужо з калоніі, што да яе ўжываюць фізічны і псіхалагічны гвалт, яе пазбавілі ўсіх перадач і спаткання з блізкімі, яна рэгулярна атрымлівае пакаранні і знаходзіцца ў прыгнечаным псіхалагічным стане. Вядома, што Алену пазбавілі бацькоўскіх правоў.  

Псіхалагічная дапамога

Як перажыць ізаляцыю ў адзіночнай камеры і падчас вымушаных уцёкаў.

Да двух гадоў калоніі асудзілі Ларысу Кузьменка, у якой дыягнаставанае дэпрэсіўнае растройства з сіндромам клаўстрафобіі. Яна адчула сябе дрэнна пасля размовы ў РАУС і затрымання, ёй аказалі дапамогу лекары хуткай. Пасля ночу ў ІЧУ яе цягам двух месяцаў лячылі ў псіхіятрычным дыспансэры, што не перашкодзіла затрымаць яе праз паўгода. Ва ўмовах СІЗА яна прымала шмат розных лекаў і наведвала псіхолага.

У Кірыла Пальчэўскага, асуджанага да трох гадоў і месяца калоніі, дыягнаставана лёгкая разумовая адсталасць. 

Пасля затрымання Юрый Прахарэнка схуднеў на 35 кілаграмаў, у яго назіраліся панічныя атакі, псіхасаматычныя разлады і дэпрэсія. Яго накіравалі на прымусовае лячэнне ў псіхіятрычным стацыянары.

Праблемы пасля затрымання

Паколькі ў Беларусі людзей часта затрымліваюць з неапраўданым прымяненнем сілы, часам гэта прыводзіць да з’яўлення праблемаў са здароўем ужо пасля затрымання. Неаказанне своечасовай медычнай дапамогі з’яўляецца таксама метадам ціску на людзей, таму часцей за ўсё праблемы такога кшталту прагрэсуюць.

Пры затрыманні моцна збілі Сяргея Верашчагіна. У бальніцы сярод дыягназаў, якія паставілі тады лекары, былі закрытая чэрапна-мазгавая траўма, удар галаўнога мозгу, множныя гематомы і ўдары — у тым ліку грудной клеткі, шыйнага, груднога і паяснічнага аддзелаў пазваночніка, скроневых абласцей. Яму не аказвалі медычную дапамогу, таму ў яго пачала развівацца слепата, нямець левая частка цела. Аднак яго асудзілі да пяці гадоў калоніі, у рэабілітацыі палітвязню адмаўляюць.

Вячаслава Рагашчука, які праходзіць па так званай “пінскай справе”, збівалі цягам трох дзён пасля затрымання. Са словаў яго сукамернікаў, у камеры ў Пінскім ІЧУ ў Вячаслава была вісячая гематома за вухам, тры раны на галаве, па ўсіх пазванках былі чорныя круглыя сінякі. Доўгі час Вячаслаў скардзіўся на шум і звон у галаве, пры гэтым медыцынская дапамога яму не аказвалася. Акрамя гэтага, ён пісаў, што ў ізалятары яму дыягнаставалі "кровазліццё, страсенне мозгу ці траўму галавы" або "мікраінсульт". Аднак палітвязня асудзілі да шасці гадоў калоніі.

Праваабаронцы заклікалі Спецдакладчыкаў ААН умяшацца ў сітуацыю з пагаршэннем здароўя палітвязня Вячаслава Рагашчука

Здароўе Вячаслава Рагашчука знаходзіцца ў небяспецы, пры такіх абставінах ён можа пазбавіцца працаздольнасці.

Аляксандр Капшуль паехаў у Маскву, каб адтуль выехаць у Варшаву, але па дарозе ў цягніку ў яго праверылі дакументы супрацоўнікі ФСБ. Ён зразумеў, што па прыездзе ў расійскую сталіцу яго затрымаюць, і на хаду выскачыў з цягніка. Капшуль зламаў нагу і вывіхнуў руку, але змог дабрацца да мяжы з Украінай. Расійска-ўкраінскую мяжу Капшуль вырашыў прайсці легальна. На памежным пункце яго затрымалі, пасля супрацоўнікі ФСБ вывезлі мужчыну ў Беларусь і перадалі супрацоўнікам КДБ. Пасля мужчыну змясцілі ў СІЗА КДБ. Праз тыдзень яму правялі аперацыю, але каб вярнуць яму здольнасць рухацца паўнавартасна, патрэбная рэабілітацыя. Без дазволу лекара СІЗА яму не перадавалі патрэбныя лекі. Яго асудзілі да 15 гадоў калоніі.

Пасля затрымання трапіў у рэанімацыю Раман Караневіч, пасля гэтага ён быў шпіталізаваны з траўмай хрыбетніку. Яго асудзілі да трох гадоў калоніі. Рэйкаваму партызану Віталю Мельніку пры затрыманні прастрэлілі каленныя суставы, вядома, што па СІЗА ён перасоўваўся на мыліцах. Мужчыну прысудзілі 13 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Невядома, ці аказваецца яму рэабілітацыйная дапамога.

Праваабаронцы шмат гадоў звяртаюць увагу на жорсткія ўмовы ўтрымання ў зняволенні. Яны абгрунтавана крытыкуюць умовы ўтрымання ў ізалятарах, калоніях і турмах, якія дапаўняюць пакуты, прычыненыя самім фактам пазбаўлення волі. 

Юрыст “Вясны” Павел Сапелка:

— Пасля пачатку выбарчай кампаніі 2020 году адміністрацыі месцаў пазбаўлення волі рабілі захады, якія стваралі для палітзняволеных умовы, якія набліжаюцца, а часта — дасягаюць — узроўню катавальных. Ці варта казаць пра тое, што пакуты, якія прычыняюцца такім стаўленнем, шматкроць ўзмацняліся, калі ахвярамі бесчалавечнай палітыкі станавіліся людзі з інваліднасцю, цяжкімі або хранічнымі захворваннямі? Якімі б ні былі прычыны такога стаўлення, яно забароненае і павінна быць неадкладна спыненае, а вінаватыя павінны панесці адказнасць. 

Мінімальныя стандартныя правілы арганізацыі Аб'яднаных Нацый у дачыненні да абыходжання са зняволенымі (правілы Нэльсана Мандэлы) загадваюць, што «зняволеных, якія не нясуць крымінальную адказнасць або ў якіх пазней дыягнаставаныя сур'ёзныя псіхічныя захворванні і/або цяжкі стан здароўя, для якіх далейшае знаходжанне ў турэмных умовах будзе азначаць пагаршэнне іх стану, не варта ўтрымліваць у турэмных установах...» (правіла 109). 

Гаворачы пра палітвязняў, мы, праваабаронцы, працягваем патрабаваць іх безумоўнага вызвалення, спынення пераследу або перагляду іх справаў. Разам з тым мы асабліва падкрэсліваем: для тых з іх, хто з прычыны стану здароўя і наяўнасці цяжкіх захворванняў адчувае асаблівыя пакуты, чыё жыццё ў сувязі з гэтым пастаўленае ў небяспеку, вызваленне не можа быць прадметам уладных маніпуляцый, палітычных дыскусій і інсінуацый. Яно павінна адбыцца неадкладна, у якасці першага кроку да сапраўднага нацыянальнага прымірэння, каб не абцяжарваць немінучую адказнасць вінаватых у злачынствах супраць чалавечнасці.

Крыніца: "Я, напэўна, проста памру тут": хто з палітзняволеных знаходзіцца ў асаблівай рызыцы за кратамі