10.04.2023 Тэгі: крымінальны пераслед, экстрэмізм Анастасія Падгайская Брэсцкі абласны суд 10 красавіка агучыць прысуд па крымінальнай справе 31-гадовай жыхаркі Баранавіч Анастасіі Падгайскай, якая размяшчала ў тэлеграм-каналах звесткі аб становішчы ў рэгіёнах Расійскай Федэрацыі і Беларусі. Яе абвінавачваюць у садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці (ч.1 арт. 361-4 КК).

Справу разглядае суддзя Андрэй Васілюк, дзяржабвінаваўца – пракурор Аляксандр Бацюшко.

Маці траіх дзяцей затрымалі напрыканцы 2022 года і да суда яна была пад хатнім арыштам.

Па матэрыялах следства, Падгайская ў кастрычніку 2022 года нібыта неаднаразова перасылала фота- і відэафайлы з тэкставымі паведамленнямі ў бот дэструктыўнага Telegram-канала экстрэмісцкага фарміравання.

Інфармацыя, адпраўленая ёй, змяшчала звесткі аб абстаноўцы ў рэгіёнах Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь, а таксама аб праводзімых планавых мерапрыемствах на агульнавайсковых палігонах.

Так, 17 кастрычніка 2022 года быў адпраўлены скрыншот са школьнага бацькоўскага Viber-чата з папярэджаннем аб ваенных вучэннях пад Баранавічамі, паведамляе "Берасцейская вясна".

Тыднем раней, 8 кастрычніка 2022 (у дзень выбуху на Крымскім мосце) у чат «Рэальная Беларусь» быў дасланы скрыншот з чата інжынераў-тэсціроўшчыкаў, на якім відаць рэакцыю расейскіх удзельнікаў чата. Да гэтага ішоў уласны каментар: "Вучуся на тэсціроўшчыка. Нават тут пасля бавоўны неспакойна".

А 5 кастрычніка 2022 года ў «Рэальную Беларусь» было даслана 2 фатаграфіі з дворнікам, на адным здымку дворнік паставіў інструмент да чужога аўтамабіля. Да фота быў тэкст: “Альбо дворнікі багатыя, альбо страх страцілі".

Дзяржабвінаваўца запрасіў 6 красавіка для Падгайскай тры гады абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ.

Крыніца: Сёння ў Брэсце абвесцяць прысуд Анастасіі Падгайскай, якую абвінавачваюць у садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці