10.04.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед Мінскі гарадскі суд 10 красавіка разглядае не зусім звычайныя справы, звязаныя з супрацоўніцамі партала Tut.by Аленай Талкачовай і Вольгай Лойка. Справы тычацца паручальніцтва вядомых чыноўнікаў і палітыкаў для вызвалення журналістак з-пад варты. Алена Талкачова і Вольга Лойка пакінулі Беларусь і былі абвешчаныя ў міжнародны вышук, а падпісанты гэтых паручальніцтваў мусяць кампенсаваць дзяржаве суму абгаворанага закладу.
Рэдактарка аддзела нерухомасці Алена Талкачова была затрыманая 18 траўня 2021 года ў межах крымінальнай справы, пачатай супраць TUT.BY за ўхіленне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры (ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса).
Алене змянілі меру стрымання і, пасля 14 месяцаў зняволення, 18 ліпеня 2022 г. выпусцілі з СІЗА-1 пад падпіску аб неразгалошванні.
У кастрычніку 2022 г. КДБ уключыў Алену ў спіс "асобаў, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці".
Галоўная рэдактарка палітыка-эканамічнага блока Вольга Лойка была затрыманая 18 траўня ў межах крымінальнай справы, распачатай супраць TUT.BY за ўхіленне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры (ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэксу).
Сярод паручальнікаў Алены Талкачовай фігуруюць дыпламат, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Валерый Варанецкі, а таксама палітолаг, экс-кіраўнік Рады па міжнародных адносінах ініцыятывы «Мінскі дыялог» Яўген Прэйгерман.
За Вольгу Лойку персанальна хадайнічаў старшыня Рэспубліканскага саюзу прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў Аляксандр Швец.
На падставе якога артыкула выклікалі ў суд паручальнікаў - невядома, фігуруе толькі расплывістая фармулёўка «іншыя матэрыялы». Аднак з папярэдняй практыкі вынікае, што ў працэсе папярэдніх дамоўленасцяў абгаворваецца канкрэтная сума, якую ў выпадку форс-мажору «апякун» мусіць выплаціць за свайго падабароннага. Як правіла, гаворка пра істотныя грошы.
Крыніца: За паручальніцтва з'ехаўшых з краіны журналістак Tut.by заклад заплоцяць чыноўнікі і дэпутат