11.04.2023 Тэгі: крымінальны пераслед, экстрэмізм У Віцебскім абласным судзе вынесены прысуд па крымінальнай справе 27-гадовага жыхара Оршы Яраслава Казакевіча, абвінавачанага ў садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці паводле ч. 1 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса. Санкцыя гэтага артыкула прадугледжвае максімальнае пакаранне ў выглядзе шасці гадоў пазбаўлення волі.
Судовы пацэс вяла суддзя Галіна Бондал.
Згодна з матэрыяламі справы, абвінавачаны ў 8 гадзін 8 снежня 2022 года на чыгуначным вакзале станцыі «Орша-Цэнтральная» з выкарыстаннем мабільнага тэлефона Samsung Galaxy вырабіў відэафайл, на якім быў зафіксаваны эшалон з расійскай ваеннай тэхнікай.
Затым Казакевіч, знаходзячыся ў вагоне цягніка рэгіянальных ліній, распаўсюдзіў праз сетку Інтэрнэт названы відэафайл у Telegram-канале, інфармацыйная прадукцыя якога раней была прызнана судом экстрэмісцкімі матэрыяламі.
Літаральна на наступны дзень, 9 снежня, Яраслаў быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі і судом Аршанскага раёна арыштаваны на 15 сутак за выраб і распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў (арт. 19. 11 КаАП). На волю ён болей не выйшаў.
Падчас допыту ў Аршанскім міжраённым аддзеле Следчага камітэта падазраваны распавёў следчаму, што падпісаны на розныя экстрэмісцкія Telegram-каналы, бачыў публікацыі з падобнымі відэа і фатаграфіямі. Калі заўважыў вайсковую тэхніку, зняў яе на мабільны тэлефон, і ўжо ў цягніку адправіў відэа “экстрэмістам”.
Сваю віну Казакевіч прызнаў цалкам і раскаяўся ў зробленым.
З улікам прадстаўленых дзяржаўным абвінаваўцам доказаў судовая калегія па крымінальных справах Віцебскага абласнога суду пастанавіла прызначыць пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін два гады з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.